Понедельник, 24 июня 2019

По законам любви и уважения: Кристина и Николай Чайковские

408

У вёсцы Гута сёння не налічваецца і двух дзясяткаў жыхароў. Хаця, як успамінаюць старажылы, у пасляваенны час тут было больш за паўтары сотні вяскоўцаў. Але дзецям Чайкоўскіх шчасціць: яны ўсё яшчэ маюць магчымасць збірацца на святло агеньчыка, які гарыць у бацькоўскай хаце. Якраз на «майскія» шмат гадоў таму і пачаўся адлік сямейнай гісторыі Крысціны Іосіфаўны і Мікалая Рыгоравіча.


Пажылыя людзі не надта любяць успамінаць сваё дзяцінства.
— Ды якое яно ў нас было?! Галоднае, няшчаснае, страшнае, — бабулька выцірае краем хусцінкі няпрошаную слязу.
Абодва нарадзіліся напярэдадні вайны. Сям’я Крысціны Іосіфаўны жыла на хутары непадалёк ад Гуты. У два гады дзяўчынка засталася сіратой. Не далі ёй прапасці старэйшыя сёстры і брат. Як цяжка зарабляецца кавалак хлеба, Крысціна даведалася вельмі рана. У пошуках лепшай долі сёстры падаліся на цаліну, а юная дзяўчына, якая засталася адна, вымушана была ездзіць на заробкі ва Украіну.
Мікалай Рыгоравіч хаця і рос пры жывых бацьках, тым не менш, не быў распешчаны: у шматдзетнай сялянскай сям’і ў пасляваенны час работы хапала кожнаму. Яго братоў і сясцёр лёс таксама раскідаў далёка ад бацькоўскага гняздзечка. А Мікалай застаўся каля бацькоў: дзявятага мая ў 1961 годзе прывёў маладую жонку ў бацькоўскую хату, у якой яны жывуць і сёння.
Чайкоўскія стараліся быць добрымі бацькамі для сваіх дачок. Уласным прыкладам паказвалі, як трэба шчыра працаваць. Крысціна Іосіфаўна ўсё жыццё шчыравала ў мясцовай гаспадарцы даяркай і цялятніцай. Мікалай Рыгоравіч прызнаецца, што працаваў там, дзе плацілі: быў майстрам у дарожнай арганізацыі, лесніком — у лясніцтве…
— Якая ў той час тэхніка была? Вось і даводзілася штодзень майстру ўчастка ДЭУ, калі пешшу, калі на веласіпедзе дабірацца з Гуты да Дабучына, — пенсіянер успамінае пра свае працоўныя будні.
Работы хапала і дома. Вялікая гаспадарка: конь, каровы, свінні, куры — патрабавалі нямала сіл. Тым не менш, муж і жонка з настальгіяй згадваюць пра той час, калі былі маладыя, калі дзеткі былі пад іх бацькоўскім крылом. Дочкі з’ехалі з малой радзімы: старэйшую Надзею лёс закінуў у Маладзечна, Галя і Марына жывуць у Брэсце, Іра — у Валожыне. Адным словам, жыццё праходзіла ў працы і клопатах, а яшчэ ў радасных падзеях, калі ў сям’і з’явіліся зяці і ўнукі.
— Брастаўчане нашы часта прыязджаюць, — гавораць старыя. — Дапамагаюць агарод пасадзіць, бульбу. Мы ж не можам уседзець без справы.
Няхай у сілу свайго ўзросту пажылыя людзі ўжо не так увішна спраўляюцца з будзённымі клопатамі, але не губляюць ні гасціннасці, ні пачуцця шчасця, якое столькі гадоў «кавалі» самі, жывучы па законах працалюбства, дабра і павагі адзін да аднаго.
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.