Понедельник, 24 июня 2019

На внеочередной сессии районного Совета депутатов Юрий Бисун утвержден на должность председателя Пружанского райисполкома

854

Пазачарговая сесія раённага Савета дэпутатаў прайшла ў суботу, 18 мая. Нагодай стала назначэнне Юрыя Юр’евіча Бісуна на пасаду старшыні Пружанскага райвыканкама.


Удзел у сесіі прынялі выконваючы абавязкі старшыні аблвыканкама В.В.Рэбкавец, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ю.І.Наркевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Л.І.Качына, М.М.Крэйдзіч, Ю.Ю.Бісун, члены і кіраўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама.
На павестку дня сесіі было вынесена адно пытанне – “Аб зацвярджэнні Ю.Ю.Бісуна на пасадзе старшыні Пружанскага раённага выканаўчага камітэта”.


У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” Саветы дэпутатаў зацвярджаюць на пасадзе старшыню адпаведнага выканкама. На падставе Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб некаторых пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання” старшыня райвыканкама назначаецца на пасаду і вызваляецца ад пасады старшынёй аблвыканкама па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Назначаны старшыня райвыканкама прадстаўляецца на зацвярджэнне раённага Савета дэпутатаў.
У сваім выступленні выконваючы абавязкі старшыні аблвыканкама В.В.Рэбкавец зазначыў:
—Неабходна рашыць арганізацыйнае пытанне ў сувязі з пераходам М.М.Крэйдзіча на іншую работу. Міхаіл Мікалаевіч дастойна працаваў і нямала зрабіў для раёна, за што трэба яму сказаць “дзякуй”. У перыяд працы ўзнікалі асобныя пытанні, у тым ліку, і кадравыя. Пружанскаму раёну аказана вялікая дзяржаўная падтрымка і вынікі павінны быць іншымі.


Разам з прапановай аб зацвярджэнні на пасадзе старшыні Пружанскага райвыканкама Ю.Ю.Бісуна В.В.Рэбкавец адзначыў, што дагэтуль Юрый Юр’евіч дванаццаць гадоў узначальваў Іванаўскі райвыканкам. Пад яго кіраўніцтвам Іванаўскі раён стаў адным з лепшых у вобласці.
Падтрымалі назначэнне на новую пасаду Ю.Ю.Бісуна дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Л.І.Качына і дэпутат раённага Савета дэпутатаў Д.У.Чайкоўскі. Дэпутаты прынялі прапанову аднагалосна.
За аказаны давер узначаліць наш раён Ю.Ю.Бісун выказаў падзяку абласному выканаўчаму камітэту і дэпутатам раённага Савета. Зазначыў, што прывык працаваць камандай і сумесна гатовы рабіць усё дзеля далейшага развіцця і дабрабыту Пружаншчыны. “Пружанскі раён можа быць лідарам у вобласці і асабліва – у жывёлагадоўлі”, — падкрэсліў Юрый Юр’евіч Бісун.
У прадастаўленым слове М.М.Крэйдзіч падзякаваў прысутным за сумесную работу. Ён адзначыў, што па магутнасці створанай матэрыяльнай базы такога раёна як Пружанскі больш няма, таму пажадаў далейшых поспехаў у яго развіцці.
У сваю чаргу старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец выказаў словы ўдзячнасці М.М.Крэйдзічу за ўдзел у грамадскім жыцці і ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна. Нагадаў, што за амаль чатыры гады кіравання Міхаіла Мікалаевіча ў раёне было завершана будаўніцтва неўралагічнага аддзялення раённай бальніцы, праведзены капітальны рамонт інфекцыйнага аддзялення, пабудаваны харчовы блок у Ліноўскай СШ, створаны новыя працоўныя месцы.


Ад сябе асабіста і ўсяго дэпутацкага корпусу старшыні як абласнога, так і раённага Саветаў дэпутатаў павіншавалі Ю.Ю.Бісуна з уступленнем на пасаду старшыні Пружанскага райвыканкама з пажаданнямі поспехаў у развіцці нашага рэгіёна.
Галіна КАЛЯДА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).