Понедельник, 24 июня 2019

Не просто учитель, а мастер спорта. Знакомьтесь: Евгений Донцов

373

“Чыгунныя гіры і гантэлі, мячы, бегавыя дарожкі, варкаўтныя пляцоўкі! Адным словам, усё, што дазваляе чалавеку быць здаровым і прыгожым, павінна быць у арсенале сапраўднага мужчыны”, — лічыць настаўнік фізічнай культуры і здароўя Слабадской СШ Яўген Віктаравіч Данцоў, між іншым, майстар спорту па гіравым спорце.
Прызнацца, гледзячы на гэтага маладога чалавека, адразу і не скажаш, што перад табой прадстаўнік цяжкай атлетыкі: сярэдні рост,
хударлявы целасклад, тонкія рысы твару… Але вялікія кісці рук падказваюць, што Яўген здольны расправіцца адным махам з любымі цяжкасцямі.


Верагодна, прачытаўшы ў маіх вачах нездаровы скептыцызм, Яўген тут жа здымае куртку і дэманструе свае біцэпсы, спрытна падкідваючы 32-кілаграмовую гіру.
— Але ў чымсьці Вы маеце рацыю, — усміхаецца настаўнік. — Гіравы спорт — гэта маё пазнейшае захапленне.
Першую сваю спартыўную “любоў”, як і большасць хлапчукоў, Яўген Данцоў сустрэў у школе. Гэта была лёгкая атлетыка. Па ўласным прызнанні, любоў да “каралевы спорту” ў яго была такая моцная, што ўсе перапынкі (а, бывала, і ўрокі) ён праводзіў на школьным стадыёне.
Але гарэзніку вельмі многае даравалася: хлопчык — выдатны бягун і скакун — з задавальненнем выступаў за гонар сярэдняй школы № 1 і неаднаразова выводзіў каманду на першыя месцы. У сваім імкненні дасягнуць у спорце высокіх вынікаў Яўген неўзабаве запісаўся ў ДЮСШ, дзе пад кіраўніцтвам трэнера Сяргея Аляксандравіча Чайкоўскага працягнуў развіваць лёгкаатлетычнае майстэрства… І толькі ў старэйшых класах школы, на конкурсе “А ну, хлопцы!”, Яўген Данцоў узяўся за гіры, якія прынеслі яму поспех.
Аднак усё ж не здрадзіў сваёй “каралеве”. І адразу па заканчэнні школы, калі стаў студэнтам факультэта фізічнага выхавання Брэсцкага педагагічнага ўні-версітэта, працягнуў сур’ёзна займацца лёгкай атлетыкай і нават спартыўнай гімнастыкай.
— Праз два гады раптам зразумеў, што вышэй за дарослы разрад мне не “скокнуць”. Вось тады ўсур’-ёз вырашыў паспрабаваць сябе ў гіравым спорце…
Пасля заканчэння ўні-версітэта Яўгена Данцова прызвалі на тэрміновую службу ў войска. Ужо праз год, застаўшыся ў Брэсцкім пагранічным атрадзе па кантракце, малады чалавек перамог на рэспубліканскіх спаборніцтвах па гіравым спорце і выканаў неабходны нарматыў на майстра спорту.
У складзе нацыянальнай зборнай Беларусі ён неаднаразова прымаў удзел у міжнародных спаборніцтвах, у прыватнасці, чэмпіянаце па гіравым спорце пагранічных ведамстваў дзяржаў-удзельніц СНД, які традыцыйна праходзіў у г. Хмяльніцку (Украіна). Там пружанскаму спартсмену даводзілася змагацца з тытулаванымі цяжкаатлетамі сусветнага ўзроўню. У першую сваю паездку на гэтыя спаборніцтвы Я.В.Данцоў заняў трэцяе месца, а на наступны год стаў ужо сярэбраным прызёрам…
У агульнай складанасці ў скарбонцы дасягненняў Яўгена каля трыццаці дыпломаў пераможцы і прызёра розных абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў. Адкрыю адзін сакрэт: праглядаючы аб’ёмную папку з яго ўзнагародамі, заўважаю… — дыплом III ступені рэспубліканскіх спаборніцтваў па спартыўнай лоўлі рыбы спінінгам з берага. Гартаю далей — а там падобных дыпломаў розных рыбалоўных фестываляў яшчэ некалькі штук…
Маючы ў сваім арсенале такія разнастайныя дасягненні, Яўген Віктаравіч Данцоў як сапраўдны спартсмен і ўжо тры гады як настаўнік разумее, што абавязаны падрыхтаваць новую пляяду пераможцаў і проста аматараў спорту. Сёння, дзякуючы яму, каманда Слабадской СШ рэгулярна заяўляе пра сябе на розных спартыўных спаборніцтвах. У мінулым го-дзе яго выхаванцы выйгралі спартакіяду сярод сельскіх школ. Сёлета па прамежкавых выніках спартакіяды яны таксама пакуль знаходзяцца на першым месцы.
— Мае вучні прыкладуць усе намаганні, каб гэтую пазіцыю ўтрымаць. Спорт прывучыў іх, як калісьці мяне, быць дысцыплінаванымі і мэтанакіраванымі. Галоўнае — быць упэўненым у сабе, але не ўзносіцца. Інакш, па сваім асабістым вопыце ведаю, у сваім дзёрзкім імкненні да перамогі можна “перагарэць”. Прызнаюся, што на тых спаборніцтвах, дзе я адчуваў і бачыў, што мне няма сапернікаў, я чамусьці паказваў дрэнныя вынікі. І наадварот, там, дзе ў адной вагавой катэгорыі са мной выступалі самыя тытулаваныя спартсмены, я, разумеючы, што мне нічога “не свеціць”, расслабляўся і выступаў проста ў сваё задавальненне. І, дзіўна, станавіўся прызёрам. Таму мая маленькая парада ўсім: любіце спорт і атрымлівайце ад яго задавальненне. Толькі тады пачнеце перамагаць.
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.