Понедельник, 24 июня 2019

В Могилевцах школьники заложили сад в честь 75-летия освобождения Беларуси

210

У Магілявецкім ВПК д/с-СШ напярэдадні Дня Перамогі заклалі сад да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Перш варта адзначыць, што гэта не адзінае добрае пачынанне калектыву настаўнікаў і вучняў школы.


— Наш дырэктар Наталля Мікалаеўна Малеўская — сапраўдны «генератар ідэй», якія апошнім часам увасабляюцца ў школе, — удакладняе намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ўстановы А.М.Гаварушка. — Напрыклад, пад знакам Года малой радзімы з’явілася добрая традыцыя — пасадка дрэў.
Такія працоўныя дэсанты настаўнікі, вучні і іх бацькі прымяркоўваюць да юбілейных гістарычных дат, што адзначаюцца ў краіне. У прыватнасці, восенню да стагоддзя ВЛКСМ, заручыўшыся падтрымкай работнікаў зялёнай гаспадаркі камунальнай службы, была высаджана алея. А вясной на пустцы вырашылі закласці новы сад. Сёлета тут пасадзілі 40 саджанцаў яблынь, а на наступны год плануецца пасадзіць яшчэ грушы і вішні — 35 дрэўцаў, каб выйшла сімвалічная лічба 75.
Алена Міхайлаўна прызнаецца:
— Задумка з’явілася спантанна. І мы, шчыра кажучы, не чакалі, што яна атрымае такую шырокую падтрымку: на заклік прыняць удзел у акцыі з энтузіязмам адгукнуліся і дзеці, і іх бацькі, і калектыў установы. І здаецца, гэтая справа аб’яднала ўсе сем’і, якія прымалі ўдзел у закладцы саду. Прыемна, што той ці іншы ўдзел у акцыі прымалі ўсе нашы дзеці: і наведвальнікі садка, і школьнікі. Відавочна, усё гэта не дзеля галачкі рабілі. Вільгаці сёлета не так шмат, таму старшакласнікі прыкладаюць усе намаганні, каб дрэўцы прыняліся: даглядаюць іх, паліваюць.

Сад у гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — не адзінае, што сведчыць: магілявецкія школьнікі памятаюць пра Вялікую Айчынную вайну, пра подзвіг дзедаў і прадзедаў. Яшчэ напярэдадні 9 Мая піянеры і члены БРСМ аказалі пасільную дапамогу ветэранам і тым, хто пацярпеў ад наступстваў вайны, — Г.А.Сабалевіч і В.В.Крэчка. Акрамя таго, вучні і настаўнікі прынялі ўдзел у мітынгах, прысвечаных Дню Перамогі, у Лыскаве і Барысіках.

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).