Вторник, 21 мая 2019

Лучший нотариус страны работает в Пружанах!

836

Па выніках работы за мінулы год загадчык Пружанскай натарыяльнай канторы Андрэй Рэпіха прызнаны лепшым натарыусам краіны.
— Прысваенне звання «Лепшы натарыус» стала для мяне нечаканасцю, — прызнаецца Андрэй Мікалаевіч. — Роўна як і тое, што менавіта мяне намініравалі на прафесіянальны рэспубліканскі конкурс.


Атрымаць важкую статуэтку — значыць, атрымаць прызнанне калег: менавіта яны з дапамогай тайнага галасавання кожны год выбіраюць лепшага. Згодна з умовамі конкурсу, з кожнай з сямі натарыяльных акруг краіны вылучаюць па адным кандыдаце. Андрэй Рэпіха сярод канкурсантаў самага прэстыжнага прафспаборніцтва Беларусі апынуўся ўпершыню.

Шмат гадоў таму, калі перад выпускніком школы стаяла задача вызначыцца з прафесіяй, Андрэй аддаў перавагу юрыспрудэнцыі: перад ім быў прыклад бацькі, вядомага ў раёне суддзі.

— Калі паступаў на юрыдычны факультэт Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А.С. Пушкіна, я не задумваўся, дзе буду прымяняць свае веды. І так атрымалася, што першым працоўным месцам стала натарыяльная кантора.

Спачатку Андрэй Мікалаевіч набіраўся вопыту ў якасці кансультанта. А праз некаторы час вырашыў стажыравацца і здаць кваліфікацыйны экзамен на пасаду натарыуса. І вось ужо шаснаццаты год як займаецца натарыяльнай дзейнасцю: кансультуе, аказвае метадычную дапамогу, праводзіць «прамыя лініі», выступае з лекцыямі… У 2010 годзе А.М.Рэпіха ўзначаліў калектыў натарыяльнай канторы раёна.

Людзі звяртаюцца да натарыусаў з рознымі пытаннямі. Часцей за ўсё патрабуецца дапамога ў афармленні спадчыны, летам — афармленне згоды на выезд непаўналетніх за мяжу. Пастаяннае ўдасканаленне сваіх ведаў на міжнародных канферэнцыях і семінарах па абмене вопытам дазваляе Андрэю Мікалаевічу падтрымліваць рэпутацыю кампетэнтнага натарыуса. Прафесіяналізм пацвярджаюць і шматлікія граматы, падзякі, у тым ліку Міністэрства юстыцыі, якіх у яго нямала.

Трымаючы ў руках сваю самую значную ўзнагароду, Андрэй Рэпіха прызнаецца, што ніколькі не шкадуе, што звязаў свой лёс з натарыятам.

— Абсалютна шчыра скажу, што мяняць не хочацца нічога: мне падабаецца тое, чым займаюся. Ці не гэта галоўнае на прафесійнай ніве? Я знайшоў сваю нішу і абавязаны дасягнуць у ёй максімуму.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).