Вторник, 21 мая 2019

Скоро отпуск. Страны, которые белорусы могут посетить без визы

474

Што рабіць, калі не хочацца займацца афармленнем візы, а паехаць развеяцца вельмі хочацца? Ехаць у бязвізавыя для беларусаў краіны, пры гэтым не толькі ў добра вядомыя ўсім Расію і Украіну. Іх ужо нямала на турыстычнай карце свету.


Грузія сустрэне смачнай ежай і прыгожымі краявідамі, Старым Тбілісі. Хочацца мора? Калі ласка — на выбар пляжы галоўнага марскога курорта Батумі і шэрага невялікіх пасёлкаў з больш выгаднымі цэнамі.
Інданэзія захопіць воднымі палацамі, храмамі, садавінай, аб існаванні якой многія нашы суайчыннікі і не падазравалі, а яшчэ кракадзілавымі фермамі, гарадамі малпаў, уздымам на вулканы і каякінгам, джунглямі і катаннем на сланах. У гэтым раі без візы беларусы могуць правесці 30 дзён, трэба толькі трапіць праз адзін са строга вызначаных аэрапортаў і мець пры гэтым зваротны білет.
Ізраіль пакіне добрыя ўражанні пасля наведвання ўзбярэжжа Міжземнага або Чырвонага мораў. Тут ёсць усе магчымасці для дайвінгу і простага пляжнага адпачынку. Па аздараўленне адпраўляйцеся на Мёртвае мора, па начное жыццё — у Тэль-Авіў, па гісторыю — у Іерусалім.
Турцыя здзіўляе спадчынай Асманскай і Рымскай імперый, стракатасцю ўсходніх кірмашоў, мясцовай кухняй і беласнежнымі пляжамі.
Туніс таксама па-ўсходняму гасцінная краіна, нягледзячы на тое, што яна знаходзіцца ў Афрыцы. Гэта бясконцы струмень сонца, месца, куды можна ехаць па кветатэрапію, дзе сабраліся ўсе колеры свету. Асабліва калі ўзяць кубачак туніскай кавы.
Бразілія — краіна з выбуховым паўднёваамерыканскім тэмпераментам, лепшымі ў свеце футбалістамі і шырокімі пясчанымі пляжамі, культам прыгожага цела, спорту, танцаў і, зразумела, карнавалаў.
В’етнам дазваляе беларусам заехаць без візы толькі на два тыдні, хаця для паўнавартаснага знаёмства з в’етнамскай культурай гэтага мала. Але дастаткова для таго, каб атрымаць трывалы загар, накупацца ў моры, адпачыць на пляжных вечарынках, паспытаць усю разнастайнасць мясцовай садавіны і кухні.
Куба з блакітным Карыбскім морам, кактэйлем «Куба Лібрэ», дайвінгам, маракасамі, Старой Гаванай і рэтра-аўтамабілямі.
Паўночны Кіпр — гэта незвычайны варыянт для адпачынку, які толькі апошняе дзесяцігоддзе прапануе выдатныя пляжы, добрыя атэлі, экскурсіі па старажытных крэпасцях і запаведніках. Але бязвізавым гэта вандраванне будзе толькі ў тым выпадку, калі ўляцець на тэрыторыю краіны з аднаго з турэцкіх аэрапортаў, напрыклад, з перасадкай у Стамбуле.
Ліван гасцінна прыме без візы на 30 дзён пры наяўнасці зваротнага білета і броні атэля. Але часу хопіць, каб улюбіцца ў ліванскую кухню, начныя клубы Бейрута, утульныя мястэчкі ў гарах, арабскія рынкі з заблытанымі вулачкамі, Міжземнае мора, сярэдневяковыя крэпасці, прагулкі па кедравых запаведніках і ўнікальныя храмы Баальбека.
Арменія з майстрамі вінаробства і кулінарыі, гасціннымі гаспадарамі і выдатнымі казачнікамі даўно падабаецца беларусам. У гэтую краіну, як і ў Грузію, варта ехаць, каб адпачыць ад вялікіх офісаў, дзелавых перамоў, ад смартфонаў і гарадскога шуму.
Узбекістан без пляжнага адпачынку, але гэта шчодра кампенсуецца багатай гісторыяй Вялікага Шаўковага шляху, двума тысячамі мячэцяў, старажытнымі гарадамі, паўсюдным нацыянальным арнаментам для сэлфі і шчодрым выбарам натуральнай садавіны і разнастайных арэхаў.
Сербія і Албанія — дзве балканскія краіны, падобныя між сабой. Тут добрыя ўражанні пакінуць атмасфера і цалкам іншы менталітэт, гарачая плескавіца з хатнім віном, мясныя стравы нацыянальнай кухні і багатая прырода. Ёсць і пляжы Адрыятычнага і Іянічнага мораў.
Азербайджан — гэта кантрасты старога горада Ічэрыі-Шэхер і шкляныя шматпавярхоўкі Новага Баку, санаторыі з гаючай нафтай, гарады майстроў і гістарычныя пасёлкі, археалагічны запаведнік Габустан.
Таксама бязвізавымі для беларусаў з’яўляюцца Венесуэла, Аргентына, Панама, Перу, Малайзія, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Таджыкістан, Макао ў Кітаі, Палесціна, Мальдывы, а па запрашэнні або з ваўчарам ад тураператара — Чарнагорыя і Македонія.
Падрыхтаваў Алег Сідарэнка.