Среда, 20 ноября 2019

Запрет на посещение леса глазами работника РОЧС. Берегите природу!

328

Амаль увесь красавік і першыя майскія дні былі для нашага рэгіёна вельмі сухімі. Гэта прымусіла ўвесці забарону на наведванне лясоў. І як паказвае статыстыка, падобныя меры апраўданы: толькі за апошнія два тыдні на тэрыторыі раёна адбылося больш за пяць узгаранняў як у лясных масівах, так і з пагрозай распаўсюджвання агню на лес.


Так, выратавальнікі выязджалі тушыць лес у раёне вёсак Вільянава, Руднікі, Дзетаветчына. У Клепачах, Кацёлках і Обечы гарэнне смецця адбывалася ў непасрэднай блізкасці ад лесу. Выязджалі пружанскія падраздзяленні і на тушэнне лесу ў суседні Свіслацкі раён.
Любы пажар у экасістэме суправаджаецца істотнай шкодай, і не толькі прыродзе. Гэта не толькі выдаткаваныя грошы на ліквідацыю агню, але пагроза жылым пабудовам у населеных пунктаў, а нават рызыка траўмавання і гібелі людзей. Усё гэта пацвярджае статыстыка мінулых гадоў і, безумоўна, хацелася б выключыць паўтарэнне такіх выпадкаў. Але… На тушэнне ўзгарання ў лясным масіве ў раёне вёскі Вільянава, дзе гарэла больш за гектар подсцілу, было задзейнічана шэсць пажарных аўтамабіляў, адна адзінка тэхнікі лясгаса, выдаткавана больш за 250 літраў паліва. А прычына такіх выдаткаў — так званы чалавечы фактар: калі ўлічыць характар распаўсюджвання агню — ад абочыны дарогі ўглыб лесу, то, хутчэй за ўсё, да здарэння прывёў бестурботна выкінуты недакурак вадзіцелем аўтамабіля або пешаходам.
Крыху менш сродкаў было расходавана на ліквідацыю ўзгарання каля вёсак Руднікі і Дзетаветчына. У абодвух выпадках было задзейнічана па тры адзінкі тэхнікі, у тым ліку па адной з лясніцтваў. У дадатак сёння на месцах вогненных здарэнняў работнікі лясніцтваў падлічваюць урон прыродзе і дзяржаве, бо замест будаўнічага лесу там засталося абгарэлае вуголле. Вядома, на змену загубленым дрэвам людзі высадзяць маладыя саджанцы, але зашумець новы лес зможа праз шмат гадоў.
Такім чынам, відавочна, што забарона на наведванне лясоў — гэта крайняя, але эфектыўная мера. Яна не дае поўнай гарантыі бяспекі, але зніжае яе пагрозу. Хаця рызыку можна было поўнасцю выключыць, калі б усе жыхары раёна зразумелі, што падобныя меры ўводзяцца, у першую чаргу, дзеля спакою саміх грамадзян. На жаль, пра гэта можна толькі марыць, што даказвае статыстыка. Па-ранейшаму праблемным пытаннем застаецца спальванне смецця. Многім гэты працэс здаецца бяскрыўдным, але нярэдка бескантрольны касцёр становіцца прычынай сур’ёзных наступстваў. Сёлета сухое надвор’е ўсталявалася ў лютым, і ўладальнікі сядзіб прыступілі да навядзення парадку на ўчастках яшчэ напрыканцы зімы. І як вынік — кожны месяц з таго перыяду пажарныя падраздзяленні здзяйснялі на некалькі дзясяткаў выездаў на трывожныя выклікі. Толькі ў красавіку пружанскія выратавальнікі здзейснілі 26 выездаў на тушэнне сухой травы і смецця. І характар узгаранняў практычна адзін і той жа: развялі касцёр на прысядзібным участку, не ўлічылі пагодныя ўмовы, агнём ахоплена ўсё навокал…
Дык як жа ўздзейнічаць на грамадзян? Прыцягваць да адказнасці або спадзявацца на іх свядомасць? Пытанне застаецца адкрытым. Таму райаддзел па надзвычайных сітуацыях звяртаецца да жыхароў раёна: калі вы сталі сведкай узгарання, адразу ж паведаміце аб здарэнні ў службу выратавання па тэлефоне 101 або 112.
Нельга ў такой сітуацыі праяўляць раўнадушша, бо нястрыманы агонь можа прывесці да трагедыі. Аб тым, што пажар можа ахапіць вялікія тэрыторыі, яскрава сведчыць нядаўняе вогненнае здарэнне на тэрыторыі былой вайсковай часці паблізу вёскі Клепачы Ружанскага сельсавета. Першапачаткова паступіла паведамленне аб гарэнні смецця, а па прыбыцці першага падраздзялення было ўстаноўлена, што агонь ахапіў ачагамі вялікую плошчу, ёсць пагроза яго распаўсюджвання на лясны масіў. Усяго для тушэння было задзейнічана чатыры пажарныя аўтамабілі, тры — лясгаса і нават трактар з плугамі.
Навошта нам уласнымі рукамі ствараць сабе праблемы? Адказ відавочны, але чамусьці знаходзяцца грамадзяне, якія спадзяюцца, што бяда абыдзе іх бокам. А потым толькі разводзяць рукамі…
Вольга Ліпко, старшы інспектар РАНС.
Фота аўтара.