Четверг, 18 июля 2019

Три пущанские истории

466

Па абавязку службы, з той ці іншай нагоды, мне даводзіцца часта бываць у пушчанскім краі. У той дзень у Белы Лясок карэспандэнта “раёнкі” прывяла… звычайная чалавечая падзяка. Так, так, напярэдадні ў рэдакцыю патэлефанавала жыхарка вёскі, якая з вялікім цяплом распавяла пра аднавяскоўца-дабрадзея. Як аказалася пры сустрэчы, не толькі цімуравец, але і сама тая жанчына заслужыла вялікай павагі і ўдзячнасці ад людзей: нядаўна былой настаўніцы тагачаснай Белалясоцкай школы Марыі Сцяпанаўне Бартасевіч споўнілася 85 гадоў. І ёй ёсць што расказаць. І пра сябе, і пра іншых.
Пра настаўніцу


Тое, што былых настаўнікаў не бывае, стала зразумела з самага пачатку. Жанчына сустрэла журналістаў пры такім парадзе, нібы рыхтавалася правесці для нас адкрыты ўрок. “Слухайце ўважліва!” — быццам скамандаваў яе бялюткі ажурны каўнерык. “Запісвайце!” — нібыта падтакнуў яму кіёк, нечым падобны на доўгую школьную ўказку…
Вось ужо 65 гадоў прайшло з тае пары, як жанчына пераехала з в. Аляхновічы Бярозаўскага раёна ў Белы Лясок вучыць дзяцей пісьменнасці. Сёння ж, на жаль, Марыя Сцяпанаўна ў адзіноце бавіць свой час.
— Так, адна. Але ўсё роўна радуюся, што жыву. Радуюся, што старасць лепшая за дзяцінства, пра якое і ўспамінаць не хочацца, — здалёк пачынае свой аповед паважаная настаўніца.
Сапраўды, нямала выпрабаванняў было на яе жыццёвым шляху. Мая субяседніца перажыла некалькі ўлад (польскую, нямецкую, савецкую), кожная з якіх прыўносіла кардынальныя змены ў школьную справу, якая стала для жанчыны сэнсам жыцця.
Дарэчы, у польскую школу яна не хадзіла. Займалася самаадукацыяй пад наглядам пісьменнага бацькі і сваячкі, якая прыносіла ёй са школы польскія буквары, кніжкі і дапаможнікі — усё гэта на пэўны час замяніла здольнай Марыі гульні. Сесці за парту разумнай дзяўчынцы давялося толькі пры Саветах. Кніжак не хапала, адна настаўніца выкладала ў дзве змены ўсе прадметы, аднак дзяўчынка вучылася вельмі старанна, паколькі ўжо тады марыла стаць настаўніцай.
— Аднак мары мае ўмомант зніклі, калі наляцелі немцы… І нашу школу закрылі, — расказвае жанчына. — Праўда, праз год немцы адкрылі сваю адукацыйную ўстанову, у якой навучанне вялося на нямецкай, украінскай і рускай мовах. Хутка я пакінула і яе: не да навукі было. Жудаснае жыццё пачалося. Шмат людзей фашысты расстралялі, шмат моладзі вывезлі ў Германію. Нейкі прасвет з’явіўся ў жыцці толькі пасля вызвалення. Ужо ў 1944 годзе я пайшла ў савецкую школу. Вядома, і там бракавала настаўнікаў і кніжак, аднак жыццё стала весялейшым пасля адыходу немцаў…


У 1950 годзе, пасля заканчэння сямігодкі, Марыя Сцяпанаўна паступіла ў Пружанскае педагагічнае вучылішча і праз чатыры гады была накіравана на адпрацоўку ў в. Белы Лясок Шарашоўскага раёна, дзе воляю лёсу сустрэла сваё каханне і засталася назаўсёды.
Марыя Сцяпанаўна працавала ў Белалясоцкай школе ажно да самага яе закрыцця ў 2002 годзе.
— Я была настаўніцай пачатковых класаў, а пасля заканчэння Брэсцкага педагагічнага інстытута працавала і ў старшым звяне. Выкладала ўсе прадметы, акрамя хіміі і фізікі. Усё паспявала, паколькі была вельмі энергічнай і здольнай да ўсяго: трэба фізкультурніка замяніць — калі ласка, захварэў матэматык ці гісторык — зноў я тут як тут. Ну, а спевы я заўсёды ў школе выкладала. Ездзіла са сваім школьным хорам і на пагранічную заставу, і ў іншыя школы, і на раённыя агляды, дзе неаднаразова мы займалі першыя месцы.
За сваю самаадданую працу і клопат пра дзяцей Марыя Сцяпанаўна Бартасевіч была ўзнагароджана шматлікімі граматамі і медалямі, якія яна беражліва захоўвае ва ўласным архіве. Аднак лепшай сваёй узнагародай жанчына лічыць падзякі, якія атрымлівала і працягвае атрымліваць ад былых вучняў. Многія з іх сёння займаюць важныя пасады.


— Разляцеліся мае птушаняткі па ўсім былым Савецкім Саюзе. Аднак мяне не забываюць і, калі прыязджаюць у вёску, заўсёды наведваюць. Найчасцей у маёй хаце бываюць Наталля Валюшка, якая сёння з’яўляецца старастай вёскі Крыніца, і дэпутат раённага Савета дэпутатаў Юрый Дронь. Я ўсіх сваіх вучняў памятаю і люблю. Усе былі вельмі добрыя, прыязныя, эмацыянальныя. Я ім радавалася, як родным, і заўсёды ішла на працу як на свята, у прыўзнятым настроі, — гартаючы вялікі альбом з фотаздымкамі, расказвае былая настаўніца і, да майго здзіўлення, кожнага выхаванца называе пайменна.
— Вось мая Леначка, інвалід, якая з нараджэння кепска чула і, каб мяне разумець, чытала па губах. Кожны раз, як бачымся, дзякуе мне за падораную ёй надзею: я ж гарой за дзяўчынку стаяла перад педсаветам, які намерваўся адправіць яе, як безнадзейную, у спецшколу. А яна сёння працуе ў Брэсцкай бальніцы і нават на машыне ездзіць… А вось Наташка, з якой таксама ніхто не хацеў займацца, а я ў яе верыла. Сёння яна ўжо на пенсіі, а доўгі час працавала паштальёнам… А нядаўна на свяце ў Крыніцы я сустрэлася з іншымі маімі дзецьмі. Яны літаральна засыпалі мяне кветкамі, не здагадваючыся, што яны, мае вучні, і ёсць галоўныя кветкі майго жыцця…

Фота Сяргея Талашкевіча і з уласнага архіва М.С.Бартасевіч

Пра дабрадзея
Гісторыя маленькая, але такая важная, што з яе трэба было б і пачынаць. Паколькі яна пра дабро, якое адзін сціплы чалавек робіць ціха, бескарысліва, не чакаючы просьбаў ад людзей і не патрабуючы ніякіх падзяк. Гэты чалавек — жыхар вёскі Белы Лясок Юрый Аляксандравіч Лукша, які працуе механізатарам у ААТ «Роўбіцкае».


— Наш Юрачка — сапраўдны цімуравец, — расхвальвае маладога чалавека аднавяскоўка Марыя Сцяпанаўна Бартасевіч. — Зімой, бывае, прачнуся раніцай і чую: нейкія гукі-шоргаты ў мяне ў двары. Выходжу, а там гэты юнак ужо дарожкі чысціць ад снегу, каб мне, старому чалавеку, зручна было… Ведаеце, нават вясковую вуліцу Юра чысціць сваім уласным трактарам, які сабраў разам з татам. Дзякуй бацькам і Богу за такое залатое дзіця!
Як аказалася, Юрый Лукша — былы вучань Марыі Сцяпанаўны. Вучыўся ў школе вельмі старанна і часта казаў: «Мой тата добра вучыўся, і мне нельга ганьбаваць яго прозвішча».
Пасля школы малады чалавек паступіў у Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж. Скончыўшы яго, уладкаваўся на працу ў мясцовую гаспадарку, дзе шчыраваў механікам да прызыву ў войска. Калі вярнуўся ў вёску, то асядлаў «жалезнага каня» і сёння з ім не расстаецца.
Ох, і любіць жа Юрыя былая настаўніца! І добрых слоў для яго характарыстыкі не шкадуе:
— Летам юнак платы рамантуе, восенню дровы мне коле ды яшчэ іх складвае. Раз прыйдзе, другі, трэці за дзень. «Едзь ужо, — кажу, — сынок, на працу». А ён мяне ўсё супакойвае: «Паспею, бабуля! Чым яшчэ Вам дапамагчы?»
І так цёпла Юрый ставіцца не толькі да Марыі Сцяпанаўны: любому чалавеку ў вёсцы, калі спатрэбіцца, дапаможа.
— Ды ў Юры ўвесь род такі — добры, бескарыслівы і працавіты. Дзядуля, дарэчы, быў вядомым ляснічым, пра якога некалі пісалі ў «раёнцы», а цяпер ужо і ўнук заслугоўвае ўвагі вашых чытачоў. Гэтыя Лукшы — майстры-залатыя рукі! Што хочаш табе створаць і адрамантуюць! І прычэпы ў іх розныя самаробныя, і ўсялякія іншыя «хітрыкі»-прылады такія, што любы гаспадар пазайздросціць можа. Вы абавязкова павінны з гэтымі людзьмі асабіста пазнаёміцца, — настойвае бабулька.
Але, на жаль, у той дзень сустрэцца з Юрыем Лукшам не атрымалася: ён рыхтаваў поле да пасеваў, і адцягваць трактарыста ад такой высакароднай справы вельмі ўжо не хацелася. Пазней пагаварылі з ім па тэлефоне. На рытарычнае пытанне, чаму ён дапамагае пажылым людзям, юнак, шчыра здзівіўшыся такой увазе да яго асобы, адказаў:
— А каму ж яшчэ дапамагаць? І хто, калі не мы? Так, няхай я ў гаспадарцы працую з раніцы да ночы, хай стамляюся, але яшчэ поўны сіл і энергіі, у адрозненне ад гэтых бедных старых. Дапамагаць ім — гэта, лічу, не подзвіг, а норма для кожнага нармальнага чалавека. Хіба ж не так? Павінен жа быць нейкі круга-зварот дабра ў гэтым свеце!

Фота з уласнага архіва Ю.А.Лукшы

Падчас сустрэчы Марыя Сцяпанаўна Бартасевіч расказала нам не толькі пра сваё школьнае жыццё. Жанчына засяродзіла ўвагу і на страшных падзеях, якія адбыліся ў вёсцы Белы Лясок падчас нямецкай акупацыі. Пра іх ураджэнка Бярозаўскага раёна даведалася ад свайго мужа, тры блізкія сваякі якога — дзядзька, пляменнік і дзед — былі забіты фашыстамі праз падазрэнне ў сувязі з партызанамі. Першага каты расстралялі ў яго ж хаце, пляменніка-інваліда — на прыватным двары, на вачах у маці. А месца гібелі дзеда — вядомага з царскіх часоў пушчанскага егера — сваякі так і не вызначылі… Яго гісторыя заслугоўвае асобнага апавядання.

Пра царскага егера

Сябра цароў…
Дыямід Андрэевіч Улезла, нарадзіўшыся ў 1889 годзе ў в. Белы Лясок у сям’і спадчынных егераў, з юных гадоў пачаў працаваць у Белавежскай пушчы. У той час яна была ўлюбёным месцам палявання цара Мікалая II і яго прыдворных вяльможаў.


Егер у трэцім пакаленні неаднаразова суправаджаў апошняга рускага цара падчас яго візітаў у старажытны беларускі лес і вельмі хутка заваяваў царскую сімпатыю (па некаторых сведчаннях Дыямід Андрэевіч быў нават узнагароджаны імянным царскім гадзіннікам). Вядома, што ў 1915 годзе, у свой апошні прыезд, Мікалай II сказаў на развітанне егеру: «Дыёмід (заўв. аўтара — менавіта так, з націскам на «ё»), мы бачымся з Вамі ў апошні раз». Быццам прадчуваў хуткі канец сваёй імперыі і ўвогуле гібель уласнай сям’і…


Рухнулі імперыі, змяніліся рэжымы, толькі вось любоў Дыяміда Андрэевіча Улезлы да Белавежскай пушчы заставалася ранейшай. Яго адданасць лясной справе па вартасці ацаніў новы, ужо польскі, гаспадар — Юзаф Пілсудскі, які неаднаразова запрашаў вопытнага егера на паляванне ў пушчу, а з часам узнагародзіў рознымі медалямі…
Што ж гэта быў за чалавек, які змог дамагчыся прыхільнасці вышэйшых дзяржаўных асоб?
Самыя цікавыя звесткі пра белалясоцкага егера занатаваў нашчадкам
вядомы беларускі пісьменнік і краязнаўца Віталь Вольскі (між іншым, дзед папулярнага беларускага музыканта Лявона Вольскага). Даследчык неаднаразова наведваў Белавежскую пушчу і пасля вайны напісаў «лясныя» навелы, якія выйшлі ў 1955 годзе пад агульнай назвай «У лясах над Бярозай». У кнізе, якая нарадзілася з уласных назіранняў Вольскага, побач з непаўторным беларускім лесам, звярамі і птушкамі паўстае і вобраз Дыяміда Улезлы — сапраўднага гаспадара лесу, які шмат гадоў годна вёў давераную яму «лясную» справу.

…і звяроў
«Дыямід Андрэевіч быў чалавекам невялікага росту і шчуплым з выгляду, але насамрэч вельмі дужым. На яго хударлявым твары заўсёды блукала лагодная ўсмешка. А маленькія вочкі струменілі цяплом», — піша Вольскі.
Усе звалі егера проста Дзямідам, а ён сам называў сябе на царскі манер — Дыёмідам, у астатнім ён быў вельмі сціплым і добрасумленным чалавекам, які ўсё сваё жыццё прысвяціў лесу.
Дыямід Андрэевіч штодзённа запісваў у спецыяльным сшытку ўсё, што бачыў за дзень. Асабліва гэта тычылася зуброў, якіх ён вельмі паважаў і кожнага зваў па імені. Цікава, што імёны зуброў, прывезеных у 1929 годзе з-за мяжы, пачыналіся з літары «Б», а імёны зуброў, народжаных у пушчы пасля «рэпатрыяцыі», пачыналіся на літару «П» (агульная абрэвіятура БП — «Белавежская пушча»). Егер Улезла ведаў кожнага звера з усімі яго звычкамі і норавам… У яго быў ражок, на гукі якога з усёй акругі звяры сыходзіліся. Кажуць, што некаторых ён нават з рукі карміў.
Вельмі ўжо любіў Дыямід Белавежскую пушчу. «Тут я ў калысцы гукаў, — казаў ён на развітанне свайму сябру Віталю Вольскаму. — Тут мая хата стаіць, тут я, мабыць, і ў дамавіну лягу».
Мабыць…
…Ужо праз год пушча зрабілася арэнай жорсткіх баёў. Давялося лесу зведаць і паветраную бамбёжку, і гарматны абстрэл, і карныя экспедыцыі… Пад кіраўніцтвам Герынга, які абвясціў старажытны беларускі лес сваёй уласнай паляўнічай гаспадаркай, фашысты хутка ўзяліся за «асваенне» пушчы. Лясныя звяры, якія прывыклі не баяцца людзей, масава знішчаліся не толькі для ўласнай пацехі аднаго з галоўных нямецкіх злачынцаў, але і ў прамысловых мэтах. Аднойчы «цары лесу» — зубры — адпомсцілі за ўсіх, як маглі.

І вораг ворагаў
Неяк адзін карны атрад размясціўся на начлег у глыбіні лесу. Вогнішча ваякі не раскладалі, паколькі баяліся, што хто-небудзь выкрые іх стаянку… Уначы раптам узнялася трывога, бо вартавым здалося, што нехта акружае лагер. І яны мелі рацыю: на ворага рушылі велізарныя цёмныя істоты — зубры, якія пасвіліся непадалёк і былі раз’юшаны мітуснёй у хмызняку. Першым на ворагаў кінуўся самы стары зубр са статка, які палічыў, што яго сям’і пагражае небяспека… Многія паліцаі загінулі пад рагамі і капытамі сапраўдных гаспадароў пушчы, толькі некаторым удалося збегчы. Камандзір карнага атрада пад нагамі старога зубра пераўтварыўся ў бясформенную масу…


…19 жніўня 1941 года, акурат на свята Божага Праабражэння, да дома егера Улезлы пад’ехала нямецкая машына. А гаспадар толькі з працы вярнуўся і сеў за стол есці.
Зайшоў нямецкі афіцэр і падазрона ветліва папрасіў егера паказаць пушчу. Той хацеў адразу ж выйсці з-за стала, але немец яго стрымаў: «Ешце, мы пачакаем…»
Праз паўгадзіны егера забралі… Старэйшы яго сын Міхаіл, які тады працаваў на дарозе, бачыў, што машына паехала ў бок Шарашоўскага лесу. Ён залез на высокае дрэва і стаў назіраць: машына спынілася ўдалечыні, і з яе выйшлі нямецкія салдаты з рыдлёўкамі… Аўтамабіль у камендатуру вярнуўся толькі праз некалькі гадзін, але ўжо без Дыяміда. Больш егера ніхто не бачыў…
Сваякі і аднавяскоўцы з сабакамі спрабавалі знайсці месца яго расстрэлу і пахавання, але так і не знайшлі. Праз некаторы час Міхаіл Улезла адправіўся ў нямецкую камендатуру і спытаў у афіцэра пра бацьку, на што атрымаў рэзкі адказ: «Будзеце надакучаць — з вамі зробім гэтак жа!»
Неўзабаве ўся сям’я Міхаіла — жонка Лідзія і двое дзяцей — былі вывезены ў Германію на прымусовыя работы. Вярнуцца на радзіму яны змаглі толькі ў 1945 годзе…
Вось толькі егеру не наканавана было вярнуцца ў сваю хату, якая стаіць да гэтага часу ў Белым Ляску і ўсё яшчэ спадзяецца пачуць гучны ражок свайго гаспадара…

Фота з уласнага архіва ўнука егера В.А.Улезлы.