Суббота, 5 декабря 2020

«Папараць-кветка» снова с призами!

2 375

Падведзены вынікі абласнога этапу рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці «Прывітанне, свет!». Ёсць поспехі і ў прадстаўнікоў Пружаншчыны…
Папоўніла скарбонку з узнагародамі і народная студыя моды «Папараць-кветка»: упраўленне адукацыі Брэсцкага  аблвыканкама ўзнагародзіла калектыў дыпломам І ступені. Цяпер юныя мадэльеры рыхтуюцца да паездкі ў Мінск, дзе і будуць прадстаўляць Брэсцкую вобласць як лепшыя ў намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладная творчасць». Перамогу «Папараць-кветцы» прынеслі калекцыі «Купалле», з якой ужо даводзілася дэфіліраваць выхаванцам В.М.Лапукі, і «Беларуская шляхта» — адна з апошніх. Між іншым, за 13 гадоў 
існавання ўдзельнікамі студыі «Папараць-кветка» створана каля паўсотні калекцый адзення. Практычна кожная з іх высока ацэнена на шматлікіх конкурсах рознага ўзроўню. І пацвяр-джэнне таму — дыпломы і граматы, якімі завешана ўся сцяна творчай майстэрні. З іх дапамогай можна нават коратка азнаёміцца з гісторыяй студыі моды: штогод скарбонка «Папараць-кветкі» папаўняецца 4-5 дыпломамі, два з якіх звычайна рэспубліканскага ўзроўню, юных мадэльераў ужо добра ведае сталічнае журы такіх конкурсаў, як «Вясенні капрыз», экалагічнага форуму…

— Занятак, вядома, не з танных, — расказвае кіраўнік студыі В.М.Лапука, — але асноўную колькасць фінансавых праблем нам дапамагаюць вырашыць раённыя ўлады, па меры сваіх магчымасцей раскашэльваюцца і бацькі. А вось на вялікія ці шыкоўныя калекцыі грошы даводзіцца капіць. 

І малодшая, і старэйшая ўзроставыя групы з задавальненнем наведваюць студыю моды, да спадобы хобі дзяцей і іх бацькам: як растлумачыла Вера Міхайлаўна, тут дзяўчынкі і хлопчыкі набываюць не толькі пэўныя ўменні, але і вучацца сябе трымаць, развіваюць прыгожую постаць і паходку. А хтосьці нават і з прафесійным выбарам вызначаецца: ужо з дзясятак выхаванцаў Веры Лапукі звязалі жыццё са швацка-мадэльернай справай.

Заслугі «Папараць-кветкі» ацэньваліся пуцёўкамі ў рэспубліканскі лагер «Зубраня». Чарговая паездка адбудзецца восенню бягучага года. З сабой плануюць узяць новыя калекцыі «Вайна», «Белавежская пушча» і «Шляхта».

Вера Міхайлаўна разважае:
— Лічу, наша студыя моды дабіваецца высокіх вынікаў. У вялікіх гарадах, у адрозненне ад нашага правінцыйнага, падобныя студыі праводзяць кастынгі, мы ж рады бачыць усіх жадаючых.
У немалой долі сваім поспехам калектыў «Папараць-кветкі» абавязаны харэографу цэнтра творчасці Дзянісу Юр’евічу Васілюку і кіраўніку мастацкага гуртка Алёне Мікалаеўне Шышко, якія аказваюць дапамогу ў падрыхтоўцы да выступленняў.
Яшчэ адна прыемная навіна нядаўна прыйшла з часопіса «Алеся»: кіраўнік народнай студыі моды і дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Папараць-кветка» Вера Лапука была абрана чарговай гераіняй праекта гэтага выдання — «Лепшыя людзі Беларусі».

Але не толькі юныя мадэльеры вызначыліся ў аглядзе-конкурсе «Прывітанне, свет!» Заахвочвальныя дыпломы  ўдзельнікаў абласнога этапу атрымалі спявачкі Ксенія Пухнарэвіч і Наталля Трус, якія выступалі ў намінацыі «Вакал».
Ёсць з чым павіншаваць і майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Рашэннем абласнога журы калектыўная работа «Ёлачка», выкананая Вікторыяй Чэга, Лерай Носар і Ганнай Кісялевіч, якія займаюцца ў цэнтры творчасці пад кіраўніцтвам Н.В.Свешнікавай, паўдзельнічае ў катэгорыі «Саломапластыка» ў рэспубліканскім этапе конкурсу.
У Мінск адправяцца таксама «Лясны сябар» — работа вучня СШ №1 Аляксандра Зелянеева (кіраўнік В.М.Ільяшэвіч) і «Добрай раніцы» — работа вучаніцы Шаняўской СШ Наталлі Радзівончык (кіраўнік В.С.Ханіла).
Марына Вакульская.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *