Вторник, 21 мая 2019

Бой в небе за мир на земле. Виталий Нелихов выяснил обстоятельства гибели летчиков, похороненных в Пружанах за несколько дней до Победы

507

На гарадскіх праваслаўных могілках вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў узвышаецца абеліск воінам Чырвонай Арміі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць сярод іх і лётчыкі, абставіны смерці якіх мне, авіяцыйнаму інжынеру, хацелася высветліць перш за ўсё.
У пошуках пачатковай інфармацыі я звярнуўся да самай даступнай і выверанай, як мне на той момант здавалася, крыніцы — гісторыка-дакументальнай хронікі Пружанскага раёна «Памяць». І вось які факт з кнігі мяне асабліва зацікавіў: у брацкай магіле пахавана 12 служачых 17-га гвардзейскага бамбардзіровачнага авіяпалка (ГБАП), якія загінулі за лічаныя дні да Перамогі. А пры якіх абставінах гэта здарылася? Пра гэта ў хроніцы ні слова.


Ёсць толькі невялічкі ўспамін былога механіка 6-га гвардзейскага бамбардзіровачнага авіяпалка (самалёты якога таксама базіраваліся на Куплінскім аэрадроме з сакавіка 1945 года) пра палкавы экіпаж самалёта Іл-4, які вылятаў на бамбёжкі Берліна, загінуў у красавіку 1945 года і таксама пахаваны ў Пружанах. Аўтар называе прозвішчы чатырох лётчыкаў, тры з якіх у імянных спісах хронікі «Памяць» чамусьці значацца як вайскоўцы 17-га ГБАП (прычым прозвішча камандзіра экіпажа Клачкова напісана праз «ю» — Ключкоў, а прозвішча паветранага стралка Гардзейчука зменена на Гадзійчук). У жаданні знайсці хоць нейкую ўдакладняльную інфармацыю пра лётчыкаў, пахаваных у Пружанах, я звярнуўся ў Цэнтральны архіў Міністэрства абароны РФ (г.Падольск). І сёння хачу падзяліцца з чытачамі «раёнкі» першымі вынікамі сваіх пошукаў.

У фондах архіва па 16-й авіяцыйнай бамбардзіровачнай дывізіі ёсць інфармацыя, што 24 красавіка 1945 года дывізія атрымала загад 25 красавіка ноччу, у перыяд 3.15-3.25, нанесці бомбавы ўдар па фашысцкіх войсках, якія абаранялі Берлін. Для выканання пастаўленай баявой задачы з Пружанскага аэрадрома ў 23.48 пачалі ўзлёт 16 экіпажаў
6-га гвардзейскага бамбардзіровачнага палка. А праз паўгадзіны стартавалі 14 самалётаў 17-га гвардзейскага бамбардзіровачнага палка.
Метэаўмовы ў тую ноч па маршруце і ў раёне Берліна былі дрэннымі — дзесяцібальная воблачнасць ад аэрадрома да г. Торн (цяпер польскі горад Торунь), ніжні край — 300-600 метраў, бачнасць — усяго 2-3 кіламетры. Таму наносіць удар па нямецкай сталіцы вылецелі толькі самыя падрыхтаваныя экіпажы абодвух палкоў.
На падыходзе да Берліна савецкія бамбардзіроўшчыкі былі сустрэты агнём дзвюх зенітных батарэй, а адзін з экіпажаў быў нават атакаваны начным знішчальнікам праціўніка.
Нягледзячы на лютае супраціўленне гітлераўцаў, у прызначаны час па цэлях было скінута 200 фугасных бомб ФАБ-100, 30 запальных «сотак» і 30 асвятляльных бомбаў САБ-100. Агульная вага бомбавага ўдару склала 26000 кг. У выніку гэтай бамбардзіроўкі ў Берліне было справакавана восем буйных ачагоў пажараў і дэтаніраванне боепрыпасаў на буйным складзе ў паўднёва-заходняй частцы горада.
Баявая задача была выканана 26 экіпажамі з 30: з-за дрэнных метэаўмоў і няспраўнасці тэхнікі чатыры самалёты да цэляў не дайшлі.
У прыватнасці, не змог выканаць заданне экіпаж 17-га ГБАП гвардыі малодшага лейтэнанта Фёдара Паўлавіча Грабавенкі, які меў на той момант 42 баявыя вылеты і баявы налёт 185 гадзін. У склад экіпажа бамбардзіроўшчыка таксама ўваходзілі штурман гвардыі малодшы лейтэнант Віталь Фядотавіч Баранаў, паветраны стралок-радыст гвардыі сяржант Мікалай Фёдаравіч Касімаў і паветраны стралок гвардыі малодшы сяржант Іван Васільевіч Гаршкалёў.
Не знайшоўшы з-за густой воблачнасці ўказаную цэль, Грабавенка скінуў бомбы на пасіў («не выбух») і прыняў рашэнне зрабіць пасадку на запасным аэрадроме Цехановец (Польшча). У 4.00 Грабавенка далажыў па рацыі камандаванню пра невыкананне задання, а ў 5.04 ад яго было атрымана паведамленне аб пралёце лініі фронту на зваротным шляху. Гэта паведамленне было апошнім…

Пасля паспяховай бамбардзіроўкі Берліна вяртаўся дадому ў гэты ж самы час экіпаж 6-га гвардзейскага бамбардзіровачнага палка ў складзе намесніка камандзіра эскадрыллі гвардыі старшага лейтэнанта Івана Піліпавіча Клачкова, штурмана звяна гвардыі капітана Івана Мартынавіча Шастакоўскага, паветранага стралка-радыста гвардыі старшыны Пятра Ягоравіча Сазонава і паветранага стралка гвардыі старшага сяржанта Цярэнція Дзяменцьевіча Гардзейчука.
Камандзір экіпажа І.П.Клачкоў быў вельмі вопытным лётчыкам. Да красавіка 1945 года ён здзейсніў 226 баявых вылетаў і меў баявы налёт 881 гадзіну. За паспяховае выкананне заданняў быў узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага Сцяга і ордэнам Айчыннай вайны I ступені. Гвардыі капітан Шастакоўскі таксама меў узнагароды: ордэн Чырвонага Сцяга і ордэн Айчыннай вайны I ступені. Ардэнаносцамі былі і паветраныя стралкі экіпажа.
Выканаўшы баявую задачу, на зваротным шляху з-за дрэнных метэаўмоў Клачкоў, як і Грабавенка, прыняў рашэнне зрабіць пасадку на запасным аэрадроме Цехановец. Ён далажыў па радыё камандаванню аб пралёце лініі фронту. Апошні раз выйшаў на сувязь у 4.51.
Што ж здарылася ў небе над польскім Цеханоўцам? Аказваецца, пры заходзе на пасадку ва ўмовах нулявой бачнасці абодва экіпажы сутыкнуліся ў паветры і пацярпелі катастрофу…

У гэтую ж ноч 6-ы гвардзейскі бамбардзіровачны полк страціў яшчэ адзін самалёт. У 3.17 вопытны камандзір экіпажа гвардыі малодшы лейтэнант Аляксандр Аляксандравіч Міронаў, які меў на сваім рахунку 58 баявых вылетаў і баявы налёт 230 гадзін, далажыў камандаванню пра паспяховае выкананне задання і вяртанне на базу. У 4.51 самалёт праляцеў лінію фронту. На захадзе Цеханоўца лётчык пераключыў кран паліўнай сістэмы з другой групы бакаў на першую, дзе замест 1000 літраў бензіну аказалася ўсяго 300: бензабакі былі пашкоджаныя агнём нямецкай зенітнай артылерыі.
Пераключыўшыся зноў на другую групу бакаў, лётчык працягнуў палёт у надзеі дабрацца да аэрадрома. Неўзабаве з-за поў-най выпрацоўкі паліва маторы спыніліся. Паколькі ва ўмовах нулявой бачнасці зрабіць пасадку было немагчыма, камандзір даў каманду экіпажу пакінуць самалёт на парашутах.


Зрабіўшы так званую «горку» і набраўшы 300 м вышыні, экіпаж у складзе камандзіра Міронава, штурмана гвардыі лейтэнанта Уладзіміра Аляксеевіча Слаўцова і паветранага стралка-радыста гвардыі сяржанта Уладзіміра Ягоравіча Галіцына пакінуў самалёт. Паветраны стралок яфрэйтар Фёдар Канстанцінавіч Лясноў па нявысветленых абставінах самалёт не пакінуў (смею выказаць здагадку, што ён быў цяжка паранены пры зенітным абстрэле). Іл-4 упаў на поўдзень ад Цеханоўца (у раёне Саколуў-Падляскі) і цалкам згарэў. Гарэнне самалёта на зямлі ў 5.53 зафіксаваў экіпаж інспектара-лётчыка гвардыі маёра С.В. Казлова, які ляцеў следам.
Паветраны стралок яфрэйтар Фёдар Канстанцінавіч Лясноў быў пахаваны недалёка ад месца падзення падбітага самалёта (каля вясковай дарогі). У імянным спісе хронікі «Памяць» указана, што вайсковец Лясноў загінуў 25 красавіка 1944(!) года i пахаваны ў Пружанах. Акрамя таго, па дадзеных імяннога спіса беззваротных страт 1-га гвардзейскага бамбардзіровачнага авіяцыйнага корпуса за № 0869 ад 13 мая 1945 года, яфрэйтар Ф.К.Лясноў быў пахаваны на плошчы ў Пружанах. Калі, пры якіх абставінах і ці сапраўды было здзейснена перапахаванне — гэта мне яшчэ трэба будзе высветліць.
У любым выпадку, гісторыя з экіпажам Міронава мае працяг. Яго камандзір малодшы лейтэнант Аляксандр Міронаў менавіта ў Пружанах сустрэў сваё каханне. Ажаніўся і ў 1946 годзе быў дэмабілізаваны ў званні старшага лейтэнанта. Да 1960 года працаваў інструктарам ва Уфімскім аэраклубе ДТСААФ. Па заканчэнні лётнай кар’еры вярнуўся з сям’ёй у Пружаны, дзе доўгі час працаваў інкасатарам у Пружанскім аддзяленні Белаграпрамбанка. Памёр у 2013 годзе…

Гэта ўсё, што на сённяшні дзень мне ўдалося знайсці пра пружанскіх лётчыкаў. Але я працягваю пошукі, спадзеючыся, што нашымі агульнымі намаганнямі мы збяром і адновім інфармацыю пра подзвіг воінаў, якія змагаліся ў небе за мір на нашай беларускай зямлі.
Віталь Неліхаў, авіяцыйны інжынер.
Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА і з архіва рэдакцыі.