Четверг, 18 июля 2019

Ликвидатор последствий аварии на Чернобыльской АЭС Александр Махнач: «В Новый год для нас пела сама Пугачёва»

547

Выслуга — дзень за тры, патроеныя камандзіровачныя і Новы год з самой Алай Пугачовай… Як вам такая перспектыва? А вось супрацоўнік ваенкамата, падпалкоўнік запасу Аляксандр Генадзьевіч Махнач сёння шчыра прызнаецца, што ніякія «чарнобыльскія пернікі» не былі вартыя таго, каб разлучацца з сям’ёй і каб пра іх сёння з пафасам згадваць.


Але тады, у 1986 годзе, маладому лейтэнанту, які паўтара года як скончыў ваеннае вучылішча, загад камандавання адправіцца ў далёкую камандзіроўку ў г.Чарнобыль не здаваўся такім страшным.
— На той момант я служыў у ракетнай часці ў пасёлку Бароўка Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. Быў маладым, адчайным хлопцам, гатовым служыць партыі да самага скону. Вядома, дзякуючы «сарафаннаму радыё», пра здарэнне на Чарнобыльскай АЭС мы, ваенныя, ужо трохі чулі, але аб сапраўдных маштабах катастрофы не здагадваліся. Што ўжо казаць пра грамадзянскае насельніцтва?! На тэлебачанні гэтую тэму, зразумела, стараліся замоўчваць. Але калі ў верасні 1986 года ў беларускі сектар зоны адчужэння Чарнобыльскай АЭС адправілі начальніка хімічнай службы нашай часці, мы сталі разумець, што не ўсё там нават праз месяцы было так гладка, — успамінае пружанскі ўдзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС.

«Трэці анёл затрубіў, і ўпала з неба вялікая зорка, палаючы, нібы светач… Імя гэтай зорцы «палын»; і траціна ўсіх водаў зрабілася палыном, і многія людзі памерлі ад водаў, бо яны прагорклі».
Апакаліпсіс (8: 10-11)


16 снежня 1986 года, выконваючы распараджэнне камандавання Беларускай ваеннай акругі, лейтэнант Махнач разам са старшым прапаршчыкам Міхаілам Грыцам з Росі і прапаршчыкам Мікалаем Асауленкам з Полацка выехаў у Кіеў, у штаб фарміравання ваеннай калоны, якая ішла ў горад Чарнобыль на сустрэчу з нябачнай “дамай” па імені Радыяцыя.
— Дома мяне засталіся чакаць жонка Святлана і маленькі шасцімесячны сынок Аляксей. 14 сутак. Тэрмін, вызначаны пастановай урада для змены, камандзіраванай у радыеактыўную зону, здаваўся нядоўгім. Я тады, памятаю, яшчэ палічыў: ага! 16 снежня ад’язджаю, значыць, да Новага года вярнуся дадому. Яшчэ памятаю, што ў дзень ад’езду ішоў снег, а там, як прыехалі, зусім снегу не было…


Там, у трыццацікіламетровай зоне адчужэння ЧАЭС, не было не толькі снегу.
— Жудасная пустэча: ні людзей, ні сабак, ні якой іншай жыўнасці. Асабліва ўрэзалася ў памяць адна карцінка: у вясковых хатах, якія мы праязджалі, усе вокны былі заклееныя поліэтыленам ці забітыя дошкамі… І вось нарэшце прыбылі ў Чарнобыль. Выйшлі з аўтобуса і адразу адчулі пах ёду ў паветры і нейкае пяршэнне ў горле. «Прывыкнеце», — супакойвалі нас чарнобыльскія «старажылы». Сапраўды, прывыклі. Як тараканы.
Аляксандр Махнач сцвярджае, што ўплыў заражанага радыяцыяй чарнобыльскага паветра на сваім здароўі асабліва не адчуў і не адчувае да гэтага часу. А вось яго сябру Мікалаю Асауленку ўжо праз некалькі дзён пасля прыбыцця стала дрэнна, і ён быў тэрмінова адпраўлены ў медсанбат. Як аказалася, радыяцыя дала ўскладненне на ныркі.
— Яны і без таго адмаўлялі Колю «служыць», але ён цярпеў … Так замест трох мы з Мішам ўдваіх прадстаўлялі беларускую змену.
У Чарнобылі ваеннаслужачых размеркавалі ў штаб аператыўнай групы, які размяшчаўся ў будынку былога райкама партыі, хутка азнаёмілі з бытам і рэжымам.


— Па памеры Чарнобыль нагадваў наш кампактны райцэнтр, дзе ўсё неабходнае для «жыцця» знаходзілася ў крокавай даступнасці. Мясцовага насельніцтва, вядома, не было, але не было і адчування “мёртвага” горада. Справа ў тым, што такіх «чарнобыльцаў», як я, там было вельмі шмат. Горад «майстроў»-ліквідатараў, інакш не назавеш…
Лейтэнант Аляксандр Махнач і старшы прапаршчык Міхаіл Грыц працавалі ў так званым “восьмым аддзеле», і ў рэжыме тэхнічнай абароны перадавалі ў Маскву — вызначаным службовым асобам у ЦК КПСС, у Міністэрстве абароны і ў Акадэміі навук — сакрэтную інфармацыю, якую кругласутачна па ўсёй зоне адчужэння збіралі хімікі-разведчыкі.
— У 6.00, 12.00, 15.00, 18.00, 24.00 — з раніцы да вечара ішлі ў Маскву страшныя лічбы, якія паказвалі рэальную карціну катастрофы. Вядома, у СМІ тады многае ўтойвалася, але паўплываць на гэта мы не маглі…
Дарэчы, чатырнаццацідзённая камандзіроўка для беларускіх ваеннаслужачых зацягнулася і ў пераносным, і ў прамым сэнсе.
— Ні праз 14 дзён, ні праз 28 нас ніхто не змяніў. У штабе суха паведамілі, што камандаванне павялічыла тэрмін нашага знаходжання ў зоне адчужэння. Такім чынам, у тыле ворага пад назвай «радыяцыя» мы з Мішам Грыцам правялі пяць месяцаў, «весела» сустрэўшы гарачую чарнобыльскую вясну, — працягвае свой аповед падпалкоўнік запасу Аляксандр Махнач.
Але пакінула тая камандзіроўка і прыемныя ўспаміны: вернемся да Новага 1987-га года, які Аляксандру Генадзьевічу давялося сустракаць удалечыні ад родных. Але… з галоўнай прымай савецкай эстрады!
— Так, так! З канцэртам у Чарнобыльскі Дом культуры прыехала сама Ала Пугачова. Яна дзве гадзіны выступала перад намі на адлегласці выцягнутай рукі. Памятаю, як падчас адной заліхвацкай песні прапаршчык, які сядзеў у першым радзе, ускочыў з месца і пайшоў з «прымадоннай» танцаваць. Пазней па тэлевізары, дарэчы, паказвалі гэты эпізод. Прызнацца, увесь музычны калектыў адпрацаваў па поўнай праграме: альбо артысты да канца не разумелі, куды прыехалі, альбо разумелі, але хацелі нас такім чынам падтрымаць. Хутчэй, другое…
Вядома, і канцэртная праграма была годнай, і «чарнобыльскі» навагодні стол уразіў разнастайнасцю страў. У цэлым, як сцвярджае А.Г. Махнач, харчаванне вайскоўцаў было багатае і збалансаванае.
— Сілкаваліся па раскладзе, але затое як сілкаваліся! На прылаўках магазінаў тады, мабыць, не было таго, чым нас у Чарнобылі кармілі. Садавіна, агародніна, мясныя прадукты — колькі хочаш, столькі і бяры. Але пры гэтым тройчы на дзень на раздачы нам выдавалі белае віно ў спецыяльных запаяных шкляначках. Як вы разумееце, не дзеля п’янства праклятага, — смяецца афіцэр і заадно згадвае, як у самым пачатку змены цэлую лекцыю пра шкоду радыяцыі і пра «лепшыя сродкі яе вываду з арганізма» ліквідатарам прачытаў адзін прыезджы прафесар:
— Напісаў на дошцы: C2H5OH.
І, між іншым, кажа: «Вось гэта хімічнае злучэнне звязвае і выводзіць радыяцыю». Мы пырснулі ад смеху: гэта ж 87-ы год! Самі разумееце, вядомая гарбачоўская кампанія ў разгары! Але пасмяяліся і сціхлі…


Далей «жыхарам» горада Чарнобыля было не да смеху. Асабліва калі з’ездзілі на пазнавальную экскурсію ў суседні горад Прыпяць.
— Вось дзе было сапраўды страшна. Нібы кадры з фільма-катастрофы ўсплылі перад вачыма. Да гэтага часу ўспамінаю, як рыпела і разгойдвалася, апраўдваючы сваю назву, пустое гіганцкае «чортава кола». Памятаю, як забалела ў грудзях, калі зайшлі ў адну з кватэр пустога 16-павярховага будынка: дзверы адчыненыя, у калідоры куртачкі вісяць, на кухні — стол сервіраваны, і такое адчуванне, што гаспадары кудысьці на хвілінку выйшлі і зараз вернуцца… Але ты разумееш, што не вернуцца. Ніколі не вернуцца. І зямля гэтая чарнобыльская больш ніколі не стане ранейшай… Ва ўсякім разе, мы да тых часоў не дажывём…
Змена скончылася. І 31 мая 1987 года, калі спецыяльныя палівальныя машыны яшчэ «асаджвалі» радыяцыйны пыл, Аляксандр Махнач з Міхаілам Грыцам вярталіся дадому.
— З’язджалі з Чарнобыля вельмі хутка. Прыехалі ў Кіеў, выскачылі з машыны, як чэрці з табакеркі, і бягом да білетных кас: «Бліжэйшы на Мінск!»


… Радыяцыя «даганяла» ваеннаслужачых, як магла. Па вяртанні дадому, у Бароўку, лейтэнант Махнач перш за ўсё вырашыў уключыць тэлевізар.
— Дай, думаю, пагляджу, што ў свеце робіцца. Націскаю на кнопку, а тэлевізар бабах! Першая мая думка: няўжо гэта «мая» радыяцыя сваволіць?!. Камандзіровачных, атрыманых за чарнобыльскую змену, хапіла і на новы тэлевізар, і на новую пральную машыну, і на іншую тэхніку. Здавалася б, жыві і ўсё забудзь… Але кожны год 26 красавіка я ўспамінаю пра той украінскі гарадок, вяртацца ў які не захачу больш ні ў якім разе.

Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча і з уласнага архіва А.Г. Махнача.