Четверг, 18 июля 2019

Внимание! Новое мошенничество! Будьте осторожны при продаже вещей

728

Калі прааналізаваць махлярскія схемы, то будзе відавочна адна акалічнасць: дзевяць з дзесяці спосабаў даволі праставатыя, разлічаныя на няўважлівасць і давер патэнцыяльных ахвяраў. Іншымі словамі, падман можна было б адразу выкрыць, калі б чалавек асцярожна ставіўся да розных здзелак і захоўваў пільнасць. Як гэта адбылося і з жыхаркай нашага горада Юліяй.


Дзяўчына ў сацыяльнай сетцы размясціла аб’яву аб продажы мабільнага тэлефона, на якую адгукнуўся зацікаўлены пакупнік. Са сваёй старонкі мужчына напісаў прадаўцу асабістае паведамленне, у якім выказаў жаданне набыць апарат за ўказаную цану і цікавіўся, ці зможа прадавец прывезці тэлефон у Брэст, дзе ён абавязкова забярэ пакупку. Здаецца, звычайная працэдура, у якой практычна немагчыма схаваць падман. Так палічыла і Юлія, калі напісала пра дзень і час сустрэчы, але з умовай, што сустрэцца яны змогуць толькі на вакзале. На што пакупнік сказаў, што ў гэты момант ён яшчэ будзе на працы, таму пад’едзе яго знаёмы, каб паглядзець мабільнік. І калі ўсё будзе адпавядаць заяўленым характарыстыкам, то ён адразу перавядзе грошы на картку, для чаго трэба ўказаць банкаўскія рэквізіты ўласніцы тэлефона.
Дзяўчына спачатку засумнявалася, але пасля таго, як параілася з дасведчанымі знаёмымі, пагадзілася на такую схему, бо мужчына не прасіў назваць сакрэтны трохлічбавы код, а проста ўказаць нумар і тэрмін дзеяння карткі. Такія звесткі яшчэ не даюць магчымасць махлярам здымаць грошы з карт-рахунка, а выкарыстоўваюцца толькі для пералічэння грошай праз інтэрнэт-банкінг. З-за чаго Юлія і даверылася.
У вызначаны час на аўтамабільную стаянку каля чыгуначнага вакзала Брэста, дзе і дамовіліся сустрэцца абодва бакі, пад’ехаў аўтамабіль і кур’ер пакупніка агледзеў прапануемы да продажу апарат, а потым па тэлефоне перадаў: «Усё добра». Праз некалькі мінут Юліі прыйшло СМС-паведамленне: «На вашу картку залічана 300 рублёў». Задаволеная дзяўчына перадала тэлефон кур’еру, а сама накіравалася да бліжэйшага банкамата. А вось там яе чакала расчараванне: на картцы такой сумы не было. На бліжэйшым цягніку яна вярнулася ў Пружаны і паспрабавала даведацца ў банку, хто з супрацоўнікаў ёй адправіў СМС-ку. Дзе і высветлілася, што ніякіх паведамленняў кліентцы не адпраўлялася, а названы нумар тэлефона, з якога і прыйшла СМС-ка, не знаходзіцца на балансе абслугоўваючай яе карт-рахунак фінансавай установы.
Юлія звярнулася ў праваахоўныя органы, супрацоўнікі якіх спачатку адшукалі ўладальніка нумара тэлефона, з якога прыйшло паведамленне аб залічэнні грошай. Было ўстаноўлена, што той чалавек… памёр год таму. Зразумела, што і старонка ў сацыяльнай сетцы, з дапамогай якой «пакупнік» спісваўся з дзяўчынай, таксама аказалася «фэйкавай». Па апісанні пацярпелай удалося знайсці аўтамабіль, тым больш, што на ім былі намаляваны «шашачкі» таксі. Але вадзіцель, які, дарэчы, аказаўся тым самым кур’ерам, паведаміў, што да яго ў горадзе падышоў мужчына, заплаціў пэўную суму і папрасіў забраць тэлефон у прадаўца на вакзале…
Відавочна, што надзея на перамогу справядлівасці ў гэтай гісторыі ўсё-такі вельмі слабая, бо схема, мяркуючы па ўсім, папярэдне была выпрабавана на іншых пацярпелых. Акрамя таго, варта ведаць, што ўзніклыя ў апошнія гады «барахолкі» ў сацыяльных сетках не даюць ніякіх гарантый абароны ні прадаўцам, ні пакупнікам. І адзінае, што робяць адміністратары такіх «камісійных» вірт-магазінаў, гэта блакуюць нядобрасумленных выканаўцаў. А падманутым раяць звяртацца ў праваахоўныя органы.
Алег Сідарэнка.