Вторник, 16 июля 2019

Готовимся к купальному сезону. Водолазы убрали за «отдыхающими»

448

Як пачысціць возера?

Дакладна ведаюць спецыялісты групы вадалазаў з Кобрына, якія днямі праводзілі такую работу на пружанскіх вадаёмах.
Штогод напярэдадні адкрыцця чарговага купальнага сезона праводзіцца шэраг мерапрыемстваў дзеля бяспекі адпачываючых. У гэты спіс уваходзяць не толькі добраўпарадкаванне ўзбярэжжа і пляжаў, устаноўка кабінак для пераапранання, але і абследаванне дна акваторыі. Для такіх работ на Брэстчыне таварыствам выратавання на водах створаны міжраённыя групы вадалазаў на выратавальных станцыях: напрыклад, наш раён абслугоўваюць кобрынскія спецыялісты. На гэтым тыдні яны абследавалі ўсе вызначаныя на Пружаншчыне вадаёмы для купання.


Як расказвае начальнік Кобрынскай выратавальнай станцыі С.М.Родзькін, пружанскія азёры нельга назваць недагледжанымі. Асабліва гарадское вадасховішча па вуліцы Пушкіна, якое знаходзіцца пад пільным кантролем з боку камунальнай службы, праваахоўных органаў і работнікаў таварыства. А вось у сельскай мясцовасці сітуацыя іншая: самым забруджаным Сяргей Мікалаевіч называе возера Паперня.
— Хаця нельга гаварыць, што ва ўсім вінавата бескультур’е адпачываючых, нямала смецця пасля сябе пакідаюць рыбакі, пры гэтым пераважная большасць з іх — менавіта аматары падлёднай рыбалкі. Яны пакідаюць на лёдзе бутэлькі, камяні, цэглу, металалом і карчагі, якія з надыходам цяпла апускаюцца на дно.


А потым гэтае смецце выцягваюць вадалазы, якія павінны прыбраць з дна ўсе прадметы, якія могуць нанесці траўму чалавеку. Здараецца, знаходзяць і незвычайныя рэчы. Пару гадоў таму на гарадскім вадаёме пад вадой вадалазы знайшлі… сякеру.
— Амаль штогод падымаем з дна і небяспечныя знаходкі часоў Вялікай Айчыннай вайны, якія потым знішчаюць выкліканыя сапёры,— расказвае С.М. Родзькін.— А здараецца, што знаходзім і такія прадметы, якімі потым цікавяцца праваахоўныя органы.
Усю акваторыю вадалазы павінны дакладна абследаваць, бо па заканчэнні работ яны выдаюць спецыяльную даведку і на працягу ўсяго купальнага сезона нясуць адказнасць за якасць ачысткі і, адпаведна, бяспеку адпачываючых. Не толькі на Пружаншчыне, але яшчэ і ў Кобрынскім, Бярозаўскім і Драгічынскім раёнах. Для таго, каб «падводным прыбіральшчыкам» былі створаны ўсе ўмовы для работы, закуплена спецыяльнае вадалазнае абсталяванне. Кожны спецыяліст забяспечваецца індывідуальна: асабіста падбіраюцца касцюм, маска, дыхальныя прыборы, ласты. Пасля пагружэння абавязкова праводзіцца дэзапрацоўка абмундзіравання.


Увогуле для пагружэння вадалазы «надзяваюць» на сябе да 30 кілаграмаў грузу, сярод якога, вядома, і балоны з кіслародам. Але гэта толькі перад уваходам у ваду: выходзячы на бераг, спецыялісты важаць больш, бо ў падводнай сетцы цягнуць за сабой яшчэ і смецце. Падчас абследавання пружанскага вадасховішча ім давялося выцягнуць з тэрыторыі зоны для купання некалькі камянёў і цаглін, абломкі ад вудаў, якія таксама маглі траўмаваць чалавека. Не абышлося і без кур’ёзаў.

Назіраючы за работай вадалазаў, мы вельмі здзівіліся, калі з-пад вады паказаўся… цалюткі келіх, а потым вынырнуў і падводнік. Потым ён дастаў з дна бляшанку з-пад энергетыка, з нагоды чаго выказаў меркаванне, што нехта тут «добра адпачываў». На ўчастак у 5-6 сотак вадалазы выдаткавалі некалькі гадзін, але па заканчэнні работы далі поўную гарантыю, што да адкрыцця сезона акваторыя для купання абсалютна бяспечная. Застаецца спадзявацца, што і на працягу лета яна застанецца такой жа.
Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).