Четверг, 18 июля 2019

Знакомьтесь: победители районного этапа конкурса «Лучшая многодетная семья года»

738

Ці думалі Таццяна і Мікалай Кунды, што будуць шматдзетнымі бацькамі? Абодва шчыра прызнаюцца, што не. А сёння ўжо і не ўяўляюць, што магло б быць інакш…
Калі Таццяна і Мікалай сустрэліся, за плячыма ў маладой жанчыны ўжо быў няўдалы вопыт сямейнага жыцця.
— Выйшла замуж вельмі маладзенькай, як тады думала,
з-за вялікага кахання. Але сямейныя адносіны вельмі хутка далі трэшчыну, і я засталася адна з маленькай дачушкай на руках, — расказвае пра свой жаночы лёс Таня. — Як паказала жыццё, мая другая палавінка — Коля.
Таццяна амаль усё сваё свядомае жыццё правяла ў Клепачах, за выключэннем гадоў вучобы ў Пружанскім аграрна-тэхнічным каледжы і курсаў у Віцебску. Свой працоўны стаж пачала ў мясцовай гаспадарцы. Туды накіравалі на адпрацоўку і дыпламаванага спецыяліста Мікалая Кунду з Юхнавіч.


— Лічыце, што работа і звяла нас. Я ж спачатку працаваў на комплексе. Дзе найбольш часу праводзіў? Правільна, на рабоце, — расказвае галава сям’і. — Акрамя Тані, нікога толкам і не ведаў у Клепачах. Не толькі працавалі разам, але і жылі ў суседніх дамах. Так і сышліся.
Прыкладна паўгода жылі разам. Гэтага часу аказалася дастаткова і для таго, каб маленькая Даша адчула ў Мікалаі добрага, клапатлівага тату, і для таго, каб Таццяна ўбачыла ў абранніку сваю надзейную апору.
Ажаніліся Мікалай з Таццянай у чэрвені 2007 года. А ўжо ў ліпені гаспадарка выдзеліла сям’і маладых спецыялістаў жыллё. Праз некаторы час сям’я пабольшала яшчэ на аднаго чалавека: нарадзілася дачушка Карына.
— Я была ўпэўнена, што больш двух дзетак у нас не будзе, — гаворыць Таццяна. — Для мяне заўсёды было немалаважна, што даць дзецям… Але калі даведаліся, што я цяжарная зноў, нават не паўстала пытанне: «Што рабіць?».
Як гаворыць сама Таццяна, і траім дзецям усяго хапае. Праўда, бацькам для гэтага даводзіцца шмат працаваць. Мікалай, нягледзячы на свой дыплом ВНУ, бярэцца за тое, што дазваляе забяспечваць належны матэрыяльны ўзровень сям’і: сёння адкрыў індывідуальнае прадпрымальніцтва, якое дае права займацца грузаперавозкамі, а ў сезон асенніх палявых работ ідзе працаваць механізатарам у таварыства. Таццяне даводзіцца штодзень ездзіць у Сухопаль, дзе яна працуе аператарам па штучным асемяненні на малочнатаварным комплексе. Мамінай памочніцай з’яўляецца старэйшая Даша: дзесяцікласніца ўмудраецца не толькі прыносіць са школы добрыя адзнакі, займацца харэаграфіяй. Калі трэба, яна і ў хаце прыбярэ, і з дзіцячага садка пяцігадовага браціка забярэ, а калі неабходна, і вячэру прыгатуе. Сярэдняя Карына займаецца вакалам і танцамі і таксама расце памочніцай.
Больш за дзесяць гадоў сям’я жыве ў доме прысядзібнага тыпу, але, як увішныя гаспадары, і па сённяшні дзень «абжываюцца»: то робяць рамонты, то праводзяць рэканструкцыю. На падворку, акрамя ката, жыўнасці ніякай не маюць: з-за блізкай адлегласці ад свінакомплексу дзейнічае забарона. Таму штодзень ездзяць у Котру, дзе трымаюць невялічкую гаспадарку.
— Шчыра кажучы, спачатку планавалі з цягам часу перабрацца ў горад. А потым вырашылі, што мы ўсё-такі не гарадскія жыхары. А дзецям? А дзецям умовы для развіцця ў Клепачах не горшыя, чым у горадзе: і басейн, і трэнажорная зала, і мастацкая самадзейнасць… Вось вырашылі рэканструяваць хату. Спачатку, каб менш выдувала цяпло, уцяплілі сцены, — удакладняе гаспадар. — Акрамя таго, з гарышча зрабілі другі, мансардны, паверх…
Варта адзначыць, што, нягледзячы на сваю занятасць, бацькі знаходзяць час для таго, каб цікава праводзіць час з дзецьмі: ездзяць на экскурсіі (былі ў Гродзенскім заапарку, у сталічным дэльфінарыі «Нэма»), ладзяць сямейныя паходы на ўлонне прыроды. А таксама прымаюць удзел у разнастайных сямейных конкурсах: не раз уваходзілі ў тройку прызёраў раённага праекта «Уладар сяла», станавіліся пераможцамі конкурсу «Сям’я года». А яшчэ Таццяна і Мікалай паспяваюць удзельнічаць у мясцовай мастацкай самадзейнасці.
— Іншы раз зусім мала бачымся. Але ад таго толькі больш сумуем адзін па адным, — прызнаецца Мікалай. — Але ж сямейнае шчасце трымаецца і не на колькасці праведзенага разам часу, а на ўменні чуць і разумець сваю другую палавінку.
Што тычыцца сакрэта іх шчасця, Таццяна толькі дадае:
— Сёння, амаль праз 12 гадоў сумеснага жыцця, магу з упэўненасцю сцвярджаць: пачуцці выпрабоўваюцца гадамі, а значыць, альбо мацнеюць, альбо наадварот. У нас каханне памацнела. Прызнацца шчыра, больш за тое, толькі цяпер мы пераканаліся, што сапраўды кахаем адзін аднаго.
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.