Четверг, 18 июля 2019

Победный кубок уехал в Березу. На втором благотворительном турнире «Ў» помогли птицам

380

Ужо другі раз у нашым горадзе ў актавай зале СШ №4 прайшоў дабрачынны інтэлектуальны турнір “Ў”. На гэты раз арганізатары мерапрыемства вырашылі адгукнуцца на бяду, якая здарылася ў птушыным прытулку “Ахова прыроды”, што размешчаны ў Асіповіцкім раёне. Там у канцы сакавіка адбыўся пажар. Менавіта ў ім аказвалася дапамога параненым і хворым дзікім птушкам. Сабраныя сродкі (260 рублёў) ужо пералічаны на рахунак прытулку.
Другі турнір прайшоў у некалькі іншым фармаце. Усе пытанні для трох тураў “Свая гульня”, “Тройка” і “Што? Дзе? Калі?” напісаў мясцовы знаўца Андрэй Смоляр, ён жа выступіў і ў якасці вядучага. Былі на турніры і відэапытанні ад знакамітых беларусаў. Капітаны каманд павінны былі прадэманстраваць веданне беларускіх рок-гуртоў, каб адказаць музыканту і знаўцу Сяргею Башлыкевічу (аднолькавую колькасць гуртоў назвалі капітаны мясцовых каманд “Міля” і “Дзеці Васермана”). Прымусілі падумаць гульцоў і пытанні ад вядучага “Суперлато”Дзмітрыя Губіча, спевака Паўла Нягожына і ўдзельнікаў фальк-гурта “Irdorath”.


Прыняло ўдзел у турніры 10 каманд з розных гарадоў вобласці. Пасля першага тура лідзіравалі пераможцы першага турніру, госці з Брэста (каманда “Бидоны”). “Тройка” таксама лепш паддалася гасцям — перамогу заваявалі госці з Бярозы “Посторонним В.”А вось у класічным “Што? Дзе? Калі?” мацнейшымі аказаліся пружанцы “Дзеці Васермана”. Менавіта гэтыя каманды па выніках усёй гульні і занялі месца ў тройцы.

Абсалютную перамогу святкавалі “Посторонним В.”, на другім месцы размясціліся “Дзеці Васермана”, трэцімі на гэты раз сталі “Бидоны”.
Асаблівую павагу заслугоўвае зборная з розных гарадоў каманда “Высокае напружанне”.
Хоць турнір і насіў дабрачынны характар, прызёры атрымалі падарункі ад майстэрні “V-ART-A”. А завяршылася мерапрыемства фаер-шоу ад экстрым-каманды “U.D.I.”.
«Ў» — гэта не проста літара, а дапамога.
Канстанцін Свідуновіч.