Четверг, 18 июля 2019

Восемь королев получили титулы на первом в Пружанах «Queens-шоу»

1 940

У Палацы культуры прайшоў конкурс прыгажосці, грацыі і таленту «Queens-шоу». Восем прыгажунь ва ўзросце ад 30 да 38 гадоў адважы-ліся пазмагацца за карону і тытул каралевы. Адразу адзначу, што шоу, якое арганізавалі работнікі культуры і якое ўпрыгожылі мясцовыя дзяўчаты, было годна рэспубліканскай сцэны. Выдатна падабраная музыка, светлавое афармленне, разнастайныя эфекты і дэкарацыі разам з прафесійнымі мастацкімі нумарамі — усё было зроблена з густам.
Да ўдзельніц конкурсу яшчэ пры адборы было прад’яўлена адно важнае патрабаванне – яны не павінны быць работніцамі культуры. Аб гэтым у пачатку мерапрыемства з жалем паведамілі вядучыя Алена Жмайлік і Марыяна Строк. І, трэба заўважыць, што нашы прадстаўніцы сферы культуры сапраўды маглі скласці канкурэнцыю не толькі канкурсанткам, але і вядучым вядомых тэлеканалаў.
Пачалося шоу таямніча: усе ўдзельніцы выйшлі на сцэну ў аднолькавых уборах, ды яшчэ і з маскамі на тварах. Але ўжо пасля першага іспыту стала зразумела, што ўсе канкурсанткі розныя і знешне, і па тэмпераменце.


Выступаць першай заўсёды складана, але старшы касір «БелМаркетКомпані» Ірына Касьян выдатна справілася з хваляваннем і задала тон для астатніх канкурсантак. У вершах і з гумарам расказала пра сябе супрацоўніца «Белаграпрамбанка», канкурсантка, якая выступала пад нумарам 2, Вольга Гумен.
Майстар раённага камбіната бытавога абслугоўвання Наталля Шышко любіць актыўны адпачынак і ганарыцца сваімі сябрамі, а яшчэ вельмі любіць кіраваць машынай.

А вось кіраўнік аддзялення «Беларусбанка» Ілона Барысава пра сябе і сваю сям’ю зачытала рэп!
Інжынер-тэхнолаг малочнага камбіната Таццяна Шопік расказалапра сваё незвычайнае хобі – выраб і афармленне фотаальбомаў.

У рамках візітоўкі дазвалялася карыстацца дапамогай членаў сям’і. Падтрымаць маму — цырульніка Алёну Рэпіха — на сцэну выйшлі дзве маленькія дочкі. Алёна — шматдзетная маці, і з вялікім сумам яна адзначыла, што старэйшы сын далёка ад яе і адсутнічае ў групе падтрымкі.
Яшчэ адна прадстаўніца малочнага камбіната Вольга Бірук вельмі любіць хатнія расліны, а таксама захапляецца стварэннем прыгожых прычосак. Вольга Жорах — прадавец магазіна «Шанец», а прыйшла на конкурс, каб устрапянуць жыхароў горада і прапанаваць усім жыць крышачку весялей.


У другім конкурсе дзяўчатам давялося паказаць свае таленты, а менавіта: выйсці на сцэну ва ўборах, якія яны пашылі ці змайстравалі самі. Вельмі эфектна выглядаў убор Ілоны Барысавай, якая ў якасці «матэрыялу» выкарыстала ўцяпляльнікі: падкладку пад цёплую падлогу і адбівальнік.

Алёна Рэпіха сваю сукенку назвала «Ахвяра глянцавых часопісаў», з назвы нескладана здагадацца, што было абрана ў якасці матэрыялу. А вось Вольга Гумен упрыгожыла сябе сваімі ж вырабамі — карцінамі, выкананымі ў тэхніцы алмазнай мазаікі.
Усе ўдзельніцы — сапраўдныя рукадзельніцы, бо здолелі стварыць арыгінальныя ўборы з упакоўкі, пакетаў для смецця і мешкавіны.
Праявіць творчасць дзяўчатам неабходна было яшчэ ў адным конкурсе. Адразу тры канкурсанткі (Вольга Гумен, Наталля Шышко і Вольга Жорах) вырашылі выканаць гумарыстычныя мініяцюры.

Адметна, што Вольга Жорах разам з сынам разыгралі мініяцюру на беларускай мове.

Вольга Бірук за лічаныя мінуты зрабіла прыгожую прычоску маленькай прынцэсе — дачцэ Вікторыі. Вельмі кранальным быў танец Ілоны Барысавай з сынам Іванам. Разам з дочкамі спявалі на сцэне Ірына Касьян і Таццяна Шопік.

Ірыне дапамагалі амаль дарослыя прыгажуні-спявачкі Ганна і Алеся, а Таццяне — зусім маленькая Ксенія.

А вось бландзінка Алёна Рэпіха выдатна пераўвасобілася ў цыганку і парадавала гледачоў запальнай песняй і не менш яркім танцам.


Апошні конкурс — дэфіле ў вячэрніх уборах — стаў проста святам прыгажосці: шыкоўныя ўборы на грацыёзных мадэлях, якія, да таго ж, і ўпэўнена трымаліся на сцэне. Ох, і няпроста давялося журы на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Р.В. Супрыновічам! Але конкурс ёсць конкурс. Тытул «крутой каралевы» заваявала Наталля Шышко, каралевай моды была названа Таццяна Шопік,

элегантнай каралевай стала Вольга Жорах, тытул стыльнай каралевы — у Ілоны Барысавай,

палымяная каралева — Вольга Гумен.


Абсалютную перамогу ў конкурсе атрымала Алёна Рэпіха, а тытул віцэ-міс — у Ірыны Касьян.


Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.