Среда, 11 декабря 2019

Семейное дело Анатолия и Светланы Пучинских

1 262

Сямейная справа Анатоля і Святланы Пучынскіх добра вядома многім жыхарам горада. Паслугамі масажнага кабінета гэтых спецыялістаў карыстаюцца штогод сотні людзей. А пачынаўся такі бізнес амаль сем гадоў таму з рашэння Анатоля зарэгістравацца індывідуальным прадпрымальнікам і аказваць прыватныя масажныя паслугі.
З аднаго боку, рашэнне займацца ўласнай справай, як успамінае Анатоль Аляксеевіч, далося нялёгка: шмат было сумненняў. Акрамя таго, што ў «вольным плаванні» неабходна шчыра працаваць на сваю рэпутацыю, заваёўваць кліентаў, трэба было ўкладваць і нямала фінансавых сродкаў у абсталяванне кабінета і набыццё расходных матэрыялаў. Давялося самому вырашаць усе арганізацыйныя моманты. А разам з тым асвойваць новыя прафесіі — бухгалтара і будаўніка.


— Стымулявала толькі тое, што я самастойна вырашаю, якім будзе ўзровень маёй зарплаты: хочаш больш — сапраўды, умей круціцца, а не працуй толькі згодна з планамі,— дзеліцца вопытам А.А. Пучынскі.— А таксама прыцягвала магчымасць па сваім жаданні распараджацца ўласным часам, бо, што вельмі важна для мяне, хацелася больш часу быць з сям’ёй.
З іншага боку, да прыватнага бізнесу Анатоля Аляксеевіча падштурхоўваў набыты вопыт, бо за час працы ў вялікай арганізацыі ён упэўніўся ў сваіх прафесійных здольнасцях, займеў каштоўны вопыт і атрымаў пацвярджэнне ад кліентаў, што зможа здабыць станоўчы аўтарытэт для сябе і самастойна.
Рашэнне Анатоля падтрымала жонка Святлана, якая паабяцала, што яны разам пераадолеюць усе магчымыя цяжкасці. Так і атрымалася ў рэальнасці: нават у складаныя перыяды, якія давялося перажыць, яго палавінка ні разу не сказала, што пара ўсё кінуць і ісці зноў працаваць у якую-небудзь арганізацыю. А такіх момантаў, калі і сам Анатоль Аляксеевіч шкадаваў аб выбары, было нямала, асабліва на працягу першых двух гадоў, пакуль масажны кабінет А.А. Пучынскага не набыў славу сярод гараджан. У гэты перыяд атрымліваемая прадпрымальнікам заработная плата была настолькі мізэрнай у параўнанні з тымі капіталамі, што трэба было ўкладваць у рост, што і сказаць каму было сорамна.
Паступова стараннем, імкненнем аказваць паслугі толькі вышэйшай якасці і пашырэннем масажнага сэрвісу цяжкасці ўдалося пераадолець.
— Святлана пераконвала мяне, што трэба верыць у свае перспектывы, мала каму ўдаецца на першых кроках зрабіць істотны рывок да матэрыяльнага дабрабыту. Менавіта так і атрымалася з цягам часу.
Напрыклад, у прыватным масажным кабінеце ў памяшканні гарадской лазні спачатку можна было скарыстацца паслугамі класічнага, лячэбнага, дзіцячага або антыцэлюлітнага масажаў. Сёння ўладальнік бізнесу не без гонару зазначае, што ўдалося пашырыць спіс паслуг літаральна да магчымасцей міні-санаторыя. Цяпер у масажным кабінеце сям’і Пучынскіх можна прайсці сапраўднае аздараўленне тым, хто пакутуе ад захворванняў органаў дыхання, суставаў і апорна-рухальнага апарату, адчувае балявыя сіндромы, у тым ліку і ў нагах, або проста хоча амаладзіць скуру. Для гэтага тут ёсць кедравая бочка, апараты лімфадрэнажу, карбоксітэрапіі і іншае сучаснае абсталяванне. Вядомасць гэтага масажнага кабінета настолькі пашырылася, што ўжо даўно тут вядзецца папярэдні запіс жадаючых трапіць сюды дзеля паляпшэння свайго здароўя. А гэта падштурхоўвае сям’ю бізнесменаў планаваць будучае пашырэнне і з аптымізмам ставіцца да ўласных перспектыў.
Амаль з першых дзён Пучынскія будавалі сямейны бізнес: тата зарабляў грошы, а мама дапамагала яму, паспяваючы ўладкоўваць дабрабыт сям‘і і выхоўваць трох дзетак. Падтрымка адзін аднаго прывяла да таго, што Святлана Анатольеўна таксама вырашыла заняцца ўласнай справай і побач з масажным кабінетам адкрыла пакуль невялікі манікюрны кабінет, для чаго папярэдне асвоіла адпаведнае майстэрства. Цяпер жа Пучынскія фактычна сталі сапраўднай бізнес-сям’ёй. І разам будуюць планы на будучыню.
— Мы прыйшлі да высновы, што пружанцы маюць права на больш сур’ёзны сэрвіс. Таму будзем працаваць над пашырэннем свайго спіса паслуг,— зазначаюць прадпрымальнікі.
Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).