Понедельник, 24 июня 2019

У Палацыку пачалася выстава «Графічныя нататкі Барыса Бокшы»

308

У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” распачалася новая выстава нашага земляка Барыса Бокшы. Апошні раз малая радзіма вітала персанальную выставу мастака пяць гадоў таму.
Нарадзіўся Барыс Цімафеевіч у 1960 г. у г.п. Шарашова. У дванаццацігадовым узросце разам з сям‘ёй пераехаў у г. Пружаны. Пасля заканчэння СШ №2 таленавіты юнак паступіў у Гродзенскі медінстытут, затым быў накіраваны ў г. Гомель. Сёння Барыс Бокша жыве ў г. Мінску, займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю.


Творчыя здольнасці будучага графіка праяўляліся з дзяцінства. У школьныя гады ён занатоўваў у невялічкіх малюнках наваколле горада і вёскі, ужо калі быў студэнтам медінстытута, лепш за іншых маляваў анатамічныя выявы.
Хаця спецыяльнай мастацкай адукацыі Барыс Цімафеевіч не атрымаў, яго можна назваць графікам са стажам: ён займаецца творчасцю больш за 20 гадоў. На чарговай выставе Барыса Бокшы ў «Пружанскім палацыку» прадстаўлена 30 работ, напісаных за апошнія гады. Карціны ўяўляюць сабой чорна-белыя гра-фічныя выявы, аформленыя ў паспарту і выкананыя на паперы пяром, тушшу.
Нескладана заўважыць, што ў сваіх «графічных нататках» мастак аддае перавагу беларускаму пейзажу (працы «Лодкі спачываюць», «Краявід на Браслаўшчыне. Возера Недрава», «Зімовы краявід у в. Роскаш» і г. д.), помнікам архітэктуры («Мірскі замак», «Нясвіжскі палац», «Царква абарончага тыпу ў Сынкавічах» і г. д.).
А ці можа застацца па-за ўвагай творцы яго малая радзіма? Пытанне рытарычнае. Канешне, значнае месца ў творчасці Барыса Бокшы займаюць работы, прысвечаныя Пружаншчыне («У чахецкім парку», «Грабавы лес каля Пружан», «Ружанскі палац. Выгляд з паўночнага боку» і г. д.)…
Жыхары і госці горада! Калі ў вас ёсць жаданне азнаёміцца з прыгожымі карцінамі, шчыра запрашаем у «Пружанскі палацык»!
Выстава будзе працаваць па 12 мая.

АРЫНА СЫСАЛЯЦІНА, малодшы навуковы супрацоўнік музея-сядзібы «Пружанскі палацык».