Среда, 24 апреля 2019

Восьмиклассники Ровбицкой школы Денис Гречишко и Виталий Хомич соревнуются и побеждают

283

Сёння ў Роўбіцкім ВПК вучыцца 17 дзяцей. І нягледзячы на такую невялікую колькасць вучняў, гэтая адукацыйная ўстанова рэгулярна заяўляе пра сябе на розных раённых і нават абласных конкурсах. Праводзіцца спартакіяда — школьнікі Роўбіцка наперадзе! Аб’яўляецца збор макулатуры — і зноў у ліку лепшых! Ужо каторы год за гонар сваёй школы годна змагаюцца і васьмікласнікі Дзяніс Грачышка і Віталь Хоміч.


— Працавітыя, адказныя, прыстойныя, спагадлівыя хлопцы. Любую працу яны выконваюць бездакорна, таму заўсёды дамагаюцца добрых вынікаў. Пачынаючы з пачатковых класаў, яны вельмі добра вучацца і паспяваюць прымаць удзел ва ўсіх конкурсах, — станоўча адгукаецца пра «пераможны авангард» школы класны кіраўнік таленавітых вучняў і настаўніца нямецкай мовы Ірына Пятроўна Ягавенка.
Дзяніс Грачышка, да слова, удзельнічае ў шматлікіх мастацкіх і літаратурных конкурсах. Напрыклад, у мінулым годзе ў конкурсе «Выратавальнікі вачыма дзяцей» ён заняў другое месца за апавяданне на адпаведную тэму, а ў гэтым годзе — трэцяе месца за выдатную казку. Акрамя таго, на конкурсе работ творчай моладзі «Залатое пяро «Белай Русі» пісьмовая праца Дзяніса была адзначана спецыяльным падзячным дыпломам.
Характэрна, што хлопчык вылучаецца сярод аднагодак не толькі рэдкімі гуманітарнымі здольнасцямі. Дзяніс таксама праяўляе сябе і ў дакладных навуках: захапляецца праграмаваннем і паважае царыцу навук — матэматыку. Вынікам яго неардынарнага матэматычнага мыслення стала нядаўняя перамога на конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці «ТэхнаІнтэлект»: у намінацыі «Мультымедыйныя тэхналогіі» Дзяніс Грачышка здзівіў журы сваім праектам «Здаровым быць модна».
Не адстае ад таварыша і яшчэ адзін школьны лідар Віталь Хоміч, які вось ужо другі год запар займае другое месца на раённым конкурсе «Выратавальнікі вачыма дзяцей». Сёлета хлопчык пакарыў журы сваім арыгінальным вырабам з салёнага цеста. Яго складаная кампазіцыя на тэму работы МНС атрымалася на славу. Увогуле Віталь уражвае нават спецыялістаў сваімі энцыклапедычнымі ведамі па развіцці ваеннай тэхнікі. Як запэўніваюць яго настаўнікі, хлопчык можа смела выступаць у ролі прафесійнага кансультанта на кіназдымках любога ўзроўню. Дарэчы, праглядаючы вядомыя кінаблакбастары, накшталт «Брэсцкай крэпасці» ці «Сталінграда», Віталь Хоміч адразу бачыць так званыя кіналяпы, якія непрыкметныя воку звычайнага кінагледача. Характэрныя асаблівасці рэтра- і сучаснай ваеннай тэхнікі хлопчык ведае як свае пяць пальцаў…
Адным словам, два таварышы — Дзяніс і Віталь — сваімі здольнасцямі здзіўляюць не толькі настаўнікаў і аднакласнікаў, але і адзін аднаго. Што не перашкаджае ім па-сапраўднаму сябраваць і нават разам спаборнічаць. Вось сёлета хлопчыкі прынялі ўдзел у творчым конкурсе, прысвечаным II Еўрапейскім гульням, сумесна падрыхтаваўшы арыгінальнае пано. Пра вынікі конкурсу стане вядома некалькі пазней, аднак якімі яны ні былі б, сябры раздзеляць перамогу ці паражэнне на дваіх. А пакуль хлопцы шмат чытаюць, шмат гуляюць і разам бавяць вольны час – ці на футбольным полі, ці ў школьнай бібліятэцы: наперадзе ў іх яшчэ шмат спаборніцтваў, і адпачываць без справы — не ў іх інтарэсах.
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.