Среда, 24 апреля 2019

Круглосуточные магазины в Пружанах: «за» и «против»

770

Напрыканцы 2017 года Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў падпісаны Дэкрэт №7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Гэты нарматыўны акт прынёс нямала паслабленняў у дзяржаўны кантроль, асабліва за гандлем і камерцыйнымі дамовамі. Дарэчы, адзін пункт новага Закона істотна аблегчыў «жыццё» суб’ектаў гаспадарання, указваючы на тое, што пры ажыццяўленні эканамічнай дзейнасці ў сферы гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання насельніцтва ўладальнікі адпаведных устаноў маюць права самастойна ўстанаўліваць рэжым работы належачых ім аб’ектаў. Аднак там жа прыведзена і выключэнне з дадзенага правіла: рэжым работы ў перыяд з 23 да 7 гадзін (начны час) усё-такі патрэбна ўзгадняць з мясцовымі органамі ўлады.
Пружанцы памятаюць час «начнікоў», калі ў райцэнтры працавала некалькі кругласутачных магазінаў. Тады меркаванні гараджан дзяліліся дыяметральна: адныя выступалі супраць «рассаднікаў крыміналу», бо сцвярджалі, што каля такіх гандлёвых аб’ектаў ноччу збіраліся сумніўныя асобы і нярэдка здзяйсняліся правапарушэнні, таму неабходна было ўмяшальніцтва міліцыі. Іншыя падтрымлівалі дзейнасць такіх магазінаў, бо яны прыносілі карысць тым, да каго прыехалі раптоўныя госці, або для рыбакоў, якія часта закупляліся ў «Салюце» або «У каштана», калі выязджалі на рыбалку «з першымі пеўнямі».
Але сваё важкае слова выказалі праваахоўныя органы, аргументы якіх былі ўлічаны мясцовымі ўладамі і прызнаны слушнымі, з-за чаго час работы «начнікоў» быў абмежаваны. Ці памяняе сітуацыю новы Закон зараз?
Згодна з каментарыямі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь, хаця Дэкрэт №7 патрабуе ўзгаднення рэжыму работы гандлёвых аб’ектаў з выканаўчай уладай, усё-такі гэта ажыццяўляецца па заяўніцкім прынцыпе. Пры гэтым дзеючае заканадаўства не дае права забараняць адкрыццё кругласутачных крам нават, калі ёсць меркаванне, што іх работа негатыўна паўплывае на стан грамадскай, а таксама асабістай і маёмаснай бяспекі. Такім чынам, зараз нельга назваць слушнымі патрабаванні «Забараніць!» ні ад жыхароў прылеглых да магазіна жылых дамоў, ні ад міліцыі ці іншых сілавых структур.
Мы арганізавалі віртуальны «круглы стол», у якім прынялі ўдзел ад мясцовай улады намеснік старшыні райвыканкама С.М. Ханавец, сферы гандлю — старшыня райспажыўтаварыства Д.П. Карпей і ад праваахоўных органаў — начальнік райаддзела міліцыі А.В. Гук. Кожнага ўдзельніка мы запрасілі выказаць свае меркаванні і прагнозы з нагоды таго, ці вернуцца ў Пружаны «начнікі» і ці прынясе гэта зручнасць гараджанам?

С.М.Ханавец, намеснік старшыні райвыканкама:
— Узгадненне рэжыму работы аб’ектаў гандлю з’яўляецца адміністрацыйнай працэдурай, якая рэгулюецца Законам «Аб асновах адміністрацыйных працэдур». Пры гэтым прадугледжана, што заканадаўчымі актамі і пастановамі Саўміна вызначаны спіс дакументаў і звестак, якія падаюць зацікаўленыя асобы. Напрыклад, для ўзгаднення рэжыму работы магазіна або аб’екта сэрвісу ў начны час трэба падаць заяву ў дзяржорган.
Згодна з арт.25 вышэйназванага нарматыўнага акта, упаўнаважаны орган можа адмовіць у ажыццяўленні дадзенай адміністрацыйнай працэдуры, кіруючыся тым, што дакументы або звесткі, напрыклад, не адпавядаюць заканадаўству. Трэба адзначыць, што з улікам усіх гэтых асаблівасцей Пружанскі райвыканкам нікому не адмовіў устанаўліваць такі рэжым работы, які ўладальнік гандлёвага аб’екта палічыў найбольш зручным. У тым ліку магазінам або кафэ райспажыўтаварыства, ААТ «Жураўлінае», некаторыя з якіх працуюць да апоўначы. Увогуле магазін «У каштана» па заяўцы ўладальніка ў летні перыяд будзе працаваць да дзвюх гадзін ночы. На маю думку, гэтага дастаткова.

Д.П.Карпей, старшыня райспажыўтаварыства:
— Наконт таго, наколькі правільна ці няправільна ўводзіць абмежаванні або ўвогуле забараняць якую-небудзь ініцыятыву, свае меркаванні нядаўна выказаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які, у прыватнасці, зазначыў, што забараняючыя меры ніякай карысці не прыносяць. Гэта пацвярджаецца і часам, калі можна назіраць цыклічнасць: то дазваляецца працаваць магазінам па сваім рэжыме, у тым ліку кругласутачна, то абмяжоўваюць у начны перыяд.
Магчыма, два дзесяцігоддзі таму можна было палічыць актуальнымі перакананні праваахоўных органаў, што «начнік» — крыніца беспарадкаў. Але зараз усе гандлёвыя аб’екты раённай кааперацыі абсталяваны «трывожнымі кнопкамі», з дапамогай якіх можна аператыўна выклікаць міліцыю. У дадатак многія гарадскія магазіны нашай сістэмы маюць відэаназіранне, камеры якога неаднаразова дапамагалі выкрываць злачынствы і правапарушэнні.
Я разумею, што ў асноўным нараканні выклікае тое, што начныя магазіны гандлююць спіртнымі напоямі. Але ў гэты час даступны практычна ўвесь асартымент тавару. Мы спецыяльна аналізавалі чэкі, у якіх былі адлюстраваны амаль усе гандлёвыя пазіцыі, нават па хлеб прыходзілі пакупнікі. Акрамя таго, заўважылі, што не ўсю ноч прыходзяць людзі па пакупкі: у перыяд з 4 гадзін раніцы і да світанку практычна «мёртвы час».
Асобна завастру ўвагу і на продажы алкагольных напояў. У магазіне наведвальнік мае магчымасць выбраць ліцэнзаваную, гарантаванай якасці прадукцыю, а не набываць падпольна сурагатнае спіртное. У дадатак ад рэалізацыі алкаголю адлічваецца акцыз, які папаўняе бюджэт краіны, падтрымлівае айчыннага вытворцу і дае магчымасць выплачваць заработную плату.

А.В.Гук, начальнік райаддзела ўнутраных спраў:
— Амаль штогод на аб’ектах начнога гандлю рэгіструюцца правапарушэнні і злачынствы, у тым ліку цяжкія, нават забойствы. Забітага ў п’янай бойцы чалавека не верне ніхто… З улікам гэтага праваахоўнікі і выступаюць супраць начных магазінаў. Зрэшты, Міністэрства ўнутраных спраў зараз выступае з ініцыятывай дапрацаваць нарматыўны акт і дапоўніць яго некаторымі акалічнасцямі, напрыклад, абмежаваць продаж спіртных напояў у начны час. Мяркую, калі ініцыятыва будзе падтрымана, то ні адна гандлёвая арганізацыя не адкрые кругласутачнай крамы, бо без алкаголю атрыманай выручкі за гэты час не хопіць пакрыць нават зарплату прадаўцоў.
Нярэдка даводзілася чуць такое меркаванне, што чалавек, калі захоча выпіць, то і без магазіна знойдзе спіртное на падпольных кропках. Не думаю, што з адкрыццём «начнікоў» такія асобы пацягнуцца ў крамы за ліцэнзаваным алкаголем.
Не выключаю, што гандлёвыя арганізацыі ўсё-такі атрымаюць дазвол на начны гандаль. У такім выпадку праваахоўныя органы акцэнтуюць сваю ўвагу на падобных аб’ектах, будуць пільна кантраляваць сітуацыю каля іх, каб не дапусціць пагаршэння крымінагеннай абстаноўкі і з’яўлення пагроз навакольным жыхарам.

А што думаюць наконт адкрыцця «начнікоў» пружанцы?

Надзея Мікалаеўна:


— Асабіста для мяне кругласутачныя магазіны непатрэбны. Той рэжым работы, што зараз устаноўлены, на маю думку, дастатковы, каб набыць усё неабходнае пасля работы. Нават, калі чакаеш гасцей, можна падрыхтавацца загадзя.

Людміла:


— У кожнага свая працоўная змена, і ў некаторых яна заканчваецца даволі позна. Вось для такіх катэгорый грамадзян, лічу, неабходна, каб які-небудзь магазін працаваў кругласутачна. Хаця хацелася б, каб абстаноўка каля такой крамы была больш спакойнай. Спадзяюся, што зараз людзі памяняліся і работа «начніка» не прывядзе да пагаршэння крымінагеннай абстаноўкі.

Вольга Уладзіміраўна:


— Калі ў Пружанах працавалі начныя магазіны, то, напрыклад, мой муж быў задаволены, бо яму было дзе купіць цыгарэты, калі яны раптоўна заканчваліся. Адначасова і мае даручэнні ён выконваў па набыцці неабходных для сняданка прадуктаў. Але зараз мы абыходзімся і без такіх магазінаў, хаця ўвогуле не супраць іх адкрыцця, бо каму-небудзь іх рэжым работы можа будзе больш зручным.

Іван Міхайлавіч:


— На маю думку, адзін «дзяжурны» магазін павінен працаваць без перапынкаў нават на ноч. Розныя здараюцца сітуацыі: чаму, напрыклад, у вялікіх гарадах ёсць дзяжурныя кругласутачныя аптэкі? Але ўсё-такі многа такіх «начнікоў» не трэба, каб было лягчэй кантраляваць абстаноўку каля іх.

Аляксандр:


— Калі магазін працуе ноччу толькі для таго, каб рэалізоўваць спіртныя напоі, то я супраць такога кругласутачнага гандлю, бо ведаю прыклады ў абласным цэнтры і асабліва кантынгент, які ў начны час там збіраецца. Калі магазін будзе гандляваць толькі прадуктамі, то яму дастаткова працаваць максімум да дзвюх гадзін ночы, як «Карона» ў Брэсце. Думаю, што да гэтага часу практычна ўсе нармальныя пакупнікі могуць набыць патрэбнае. Нават калі чакаюцца раптоўныя госці.

Падрыхтаваў Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.