Четверг, 18 июля 2019

Благодаря факультативу ружанские школьницы без ЦТ могут стать студентками педагогических ВУЗов

418

Вось ужо трэці год як на базе Ружанскай СШ існуе факультатыў «Увядзенне ў педагагічную дзейнасць». Наведваюць яго тыя старшакласнікі, якія плануюць працаваць на ніве адукацыі.
Варта адзначыць, што заняткі педагагічнага факультатыва — не фармальныя, што дазваляе яшчэ больш сфарміраваць матывацыю школьнікаў і ўмацаваць іх рашэнне стаць педагогам.
Сёлета старшакласнікі займаюцца пад кіраўніцтвам Ларысы Іванаўны Давідзенка — настаўніцы з вялікім стажам і багатым педагагічным вопытам. Разам з кіраўніком факультатыва дзяўчаты збіраюць партфоліа, каб, атрымаўшы школьны атэстат, пры паступленні ў педагагічную ВНУ мець ільготу ў выглядзе гутаркі замест здачы цэнтралізаванага тэсціравання.


Работа профільнага аб’яднання, у першую чаргу, накіравана на тое, каб закласці трывалы фундамент будучага педагога, даць уяўленне пра прафесію. Таму ў гадавы план заняткаў уваходзяць самыя разнастайныя формы работы: удзельнікі факультатыва не проста атрымліваюць неабходную тэорыю, але рыхтуюць і ладзяць школьныя мерапрыемствы, пішуць сцэнарыі, здымаюць тэматычныя відэаролікі, рэалізоўваюць праекты (адзін з іх — збор матэрыялаў пра настаўнікаў, якія вучыліся, а затым працавалі ў Ружанскай СШ), бяруць інтэрв’ю, пад кіраўніцтвам настаўнікаў праводзяць урокі. Падчас вясенніх канікулаў дзяўчаты, што наведваюць факультатыўныя заняткі, ізноў-такі набіраліся вопыту: прымяралі на сябе ролю выхавальніц дзіцячага прышкольнага лагера.


Чаму школьніцы захацелі стаць настаўніцамі? Для многіх прыкладам сталі іх родныя. Напрыклад, Вольга Федзюковіч вырашыла пайсці па слядах сваёй мамы, а Вольга Ганчарэвіч прызнаецца, што перад яе вачыма быў прыклад хроснай.
— Прафесія цяжкая, складаная, але шчырыя старанні дапамогуць сфарміраваць з сябе педагога, — дзеляцца сваімі ўражаннямі будучыя настаўнікі, якія ўжо выкладалі біялогію, беларускую мову, грамадазнаўства ў розных класах.
— Найбольш цікава займацца з самымі маленькімі школьнікамі: ты бачыш, як з учарашніх наведвальнікаў садка фарміруцца сапраўдныя вучні. Галоўнае — знайсці, чым зацікавіць малых, — ужо з веданнем справы гаворыць Вольга Ганчарэвіч. — Увогуле важна любіць тое, чым ты займаешся, і тады ўсё атрымаецца.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).