Среда, 24 апреля 2019

Игорь Шеметюк: «Я хочу, чтобы у ружанских ребят была возможность заниматься футболом»

364

Бадай, у любога школьніка ў спісе любімых школьных прадметаў значыцца фізкультура. Але, згадзіцеся, не кожны любіць яе настолькі, што выбірае сабе прафесію, звязаную са спортам.
Ігар Шамяцюк з малых гадоў быў неабыякавы да спорту. А асаблівую прыхільнасць меў да футбола: паспяхова выступаў на спаборніцтвах рознага ўзроўню за школьную каманду, зборную гарадскога пасёлка Ружаны, гуляў за івацэвіцкіх футбалістаў… У 2013 годзе каманда, капітанам якой з’яўляўся Ігар, сярод аматарскіх футбольных каманд на кубку рэспублікі заняла трэцяе месца.


У Ігара Шамецюка былі ўсе задаткі для таго, каб паспрабаваць сябе ў прафесійным спорце. Але не было магчымасці.

— Калі быў старшакласнікам, выступаў за івацэвіцкую футбольную каманду, але займацца, як належыць, не мог: трэба было амаль што кожны дзень уставаць вельмі рана і дабірацца на аўтобусе ў суседні райцэнтр і назад, — тлумачыць малады чалавек.


Таму, калі Ігар Шамяцюк атрымаў дыплом спецыяліста па лячэбнай фізкультуры і прыйшоў працаваць у родную Ружанскую школу, вырашыў даць сённяшнім школьнікам тую магчымасць, якой не меў сам. У выніку сёння ў пасёлку функцыянуюць не проста школьныя спартыўныя секцыі, але і ёсць школьны футбольны клуб «Чэстар», які мае сваю эмблему, банер, пячаць. Дзякуючы самаадданасці і энту-зіязму трэнера клуба, юныя футбалісты Ружаншчыны атрымалі ўнікальную магчымасць паўдзель-нічаць у праекце асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» і УЕФА «Мой школьны футбольны клуб», разлічаным не на адзін год, прымаць у госці ўдзельнікаў разнастайных турніраў па міні-футболе. Да слова, спецыяльна для ўдзелу ў праекце І.В.Шамяцюк закончыў курсы, якія выкладалі спецыялісты FIFA з Галандыі.

— Сёння я перакананы, што не важна наяўнасць формы, спецыяльна абсталяванага поля, каб праводзіць футбольныя трэніроўкі: дастаткова мець мяч і хаця б два гульцы, — дзеліцца сваімі высновамі трэнер Ружанскага ШФК «Чэстар».


У Ігара Шамецюка мноства планаў на будучае. Напрыклад, сёння заўзяты аматар футбола рыхтуецца да «Кубка Канцлера Льва Сапегі», які запланаваны на 14 красавіка на тэрыторыі Ружанскага палацавага комплексу роду Сапегаў. Удзел у спартыўных баталіях будуць прымаць каманды з Ружан, Бярозы, Слоніма і Жабінкі. Адметна, што гістарычна-футбольнаму турніру ў рамках сумеснага праекта ШФК «Чэстар» і АБФФ «Футбол у гістарычных месцах» будзе папярэднічаць суботнік.


— Акрамя таго, спадзяюся, што гэтае мерапрыемства дасць школьнікам штуршок, каб зацікавіцца гісторыяй: гэта будзе мерапрыемства з элементамі гістарычнага касцюміраванага шоу. Разам з тым, будзе і нагода адзначыць людзей, якія зрабілі ўклад у развіццё футбола на Ружаншчыне.


Шостага красавіка стартуе «Школьная футбольная ліга» для вучняў 8-11 класаў. А ў маі пры падтрымцы зноў жа «Беларускай федэрацыі футболу» пройдзе мерапрыемства ў рамках праекта «Мама, тата, я — футбольная сям’я».

Школьны футбольны клуб «Чэстар» — унікальная з’ява ў сферы масавага спорту. Пад яго крылом сабраны школьныя каманды ўсіх узростаў па футболе і міні-футболе. Дачыненне да гэтага клуба забяспечвае пераход ад дзіцяча-юнацкага футбола ў дарослы і залічэнне ў пасялковую футбольную каманду «Чэстар», якая спецыялізуецца па ўсіх відах футбола: футбол, міні-футбол, пляжны, балотны футбол, футбол на снезе, бампербол і г.д.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).