Среда, 24 апреля 2019

Наш опрос: как вашу семью затронула Великая Отечественная война?

309

У часы Вялікай Айчыннай вайны наша краіна страціла амаль кожнага трэцяга свайго жыхара. Адны загінулі на франтах, другія былі забіты і закатаваны падчас акупацыі, трэція — вывезены на чужыну або ў канцлагеры, дзе многія таксама знайшлі гібель. За чатыры вогненныя гады з карты Беларусі знікла нямала населеных пунктаў.
У выніку не засталося ніводнай беларускай сям’і, якую б не закранула ваеннае ліхалецце. А што цяпер, амаль праз 75 гадоў з моманту вызвалення Беларусі, памятаюць пра гэта нашчадкі герояў, хто здабываў перамогу? Гэтае пытанне мы задалі жыхарам і гасцям Пружан.
Уладзімір Васільевіч:


— Пасля вызвалення раёна ў салдаты забралі майго бацьку Васіля Фаміча Пашкевіча і многіх яго аднавяскоўцаў. Бацьку мінуў горкі лёс, і ён вярнуўся пасля Перамогі жывым. І з баявымі ўзнагародамі, якія мы захоўваем і зараз. Ёсць сярод іх і ордэн Чырвонай Зоркі. Хоць бацькі ўжо няма многа гадоў. Дзень Перамогі для нашай сям‘і з‘яўляецца адным з галоўных святаў.

Аляксандр Віктаравіч:

— Пра тое, што тады рабілася ў Беларусі падчас акупацыі я ведаю са слоў маёй бабулі Надзеі, якую разам з іншымі яе сяброўкамі гітлераўцы вывезлі на работу на чужыну. Ёй пашчасціла вярнуцца дадому, хаця далёка не ўсе вярнуліся разам з ёй. Таму ніколі не веру некаторым «гаварунам», хто сцвярджае, што пад акупацыяй жылося няблага і захопнікі добра ставіліся да мясцовага насельніцтва. Так як успамінала бабуля, у Германіі былі ў яе розныя «гаспадары», але сярод іх адзінкі ставіліся да славян, як да людзей.

Аляксей Міхайлавіч:


— Мне малому шмат расказваў пра вайну дзед Аляксандр. І прызнаюся, што многае ў кінастужках не паходзіла на яго апавяданні. Як ён сам гаварыў: вайна ніякім чынам не падобна на кіно, гэта сапраўдны жах.
Потым, калі ажаніўся, то пазнаёміўся са сваякамі жонкі, сярод якіх быў франтавік Лаўрэнцій Гурда з Руднікаў, які прайшоў усю вайну, дайшоў да Берліна. І ён таксама пацвярджаў словы майго дзеда. Ім абодвум поўнасцю давяраю і не хачу, каб вайна паўтарылася.

Лідзія Сцяпанаўна:


— Мой бацька, Сцяпан Антонавіч Якімчук, Перамогу сустрэў у Берліне. А дагэтуль яму давялося перажыць нямала страшэннага на той вайне. І ў палоне быў, і ўцякаў адтуль… Як ледзь не патануў у Одэры, як быў неаднаразова паранены. У яго на ваенным кіцелі літаральна свабоднага месца не была з-за медалёў і ордэнаў. Шкадую толькі, што мы пахавалі тату разам з заслужанымі ім узнагародамі. Бо нашы дзеці і ўнукі вельмі цікавяцца гісторыяй свайго роду і часта просяць расказаць пра ўдзел іх дзеда і прадзядулі ў Вялікай Айчыннай вайне. Добра, што наступнае пакаленне памятае той боль, што перажылі нашы родныя.

Васіль:


— З вайны не вярнуўся мой родны дзядзька Андрэй, які загінуў у першыя дні вайны: яго магіла знаходзіцца недзе цяпер ужо на тэрыторыі Польшчы. Мне не давялося з ім пазнаёміцца, але бацькі расказвалі, што ён быў вельмі вясёлым і жыццярадасным. А пра яго смерць родныя даведаліся толькі пасля вайны, калі Беларусь вызвалілі ад захопнікаў. Вось такая была радасць са слязьмі на вачах.
Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.