Среда, 11 декабря 2019

В городском парке поселился «смотритель»

473

З першымі цёплымі сонечнымі прамянямі пружанскі парк стаў патроху напаўняцца птушынымі галасамі. Зашчабяталі вестуны вясны шпакі, якія, нягледзячы на яшчэ марозныя ранкі, ужо пачалі спаборнічаць у сваіх спевах. Дзесьці высока ў небе звіняць і гукаюць вясну жаваранкі… Але мала хто ведае, што жыве ў парку і сапраўдная птушка-«невідзімка» — маўклівая вушастая сава. Звычайна яна вядзе начны лад жыцця, а вось днём так удала маскіруецца, што знайсці і разглядзець гэтага спрытнага нябачніка чалавечае вока можа толькі з дапамогай моцнага фотааб’ектыва…


Дакладная копія пугача, але ў пяць разоў меншая за арыгінал. Яна аблюбавала сабе ўдалае месца — на галінастым ствале белай акацыі (рабініі). Нерухома сядзела тры дні і быццам нешта выглядала. Нечага чакала, прыслухоўваючыся сваімі рагатымі вушамі да жыцця наўкол…
Праўда, раз-пораз расплюшчвала вочы, жмурылася ад цёплага вясновага сонейка, паварочвалася, быццам на ўслоне, і грэла свае шызыя бакі. Потым раскрывала крылы, нібыта красавалася перад мінакамі, і ўпівалася позіркам вялікіх памяранцавых вачэў у мамачак з каляскамі і гарэзлівых дзяцей…
І зноў замірала, прыхінуўшыся да шурпатага ствала дрэва. Захварэла і хутка зняможа? Ці ўсё ж такі прыгледзела сабе гняздо крумкача ці сарокі і чакае момант, каб зрабіць «рэйдарскі захоп» крохкай птушынай «нерухомасці»? Не паспелі даведацца: у ноч на аўторак начны вартавы знік…
І ўжо неяк асірацела рабінія, сёння зранку па яе галінках весела і дзёрзка шпацыравалі толькі галасістыя шпакі.
Алена Зялевіч, фота Сяргея Рабчука.