Вторник, 20 октября 2020

«Бассейн» не место для отдыха? В районе по-прежнему всего 4 места для купания

693

У параўнальна недалёкія часы вадаём у паркавай зоне г.Пружаны, так званы «басейн», быў улюбёным месцам для купання гараджан. Сажалка папаўнялася прыроднай крыніцай, дзейнічала помпавая станцыя, прыбярэжная зона і зона адпачынку рэгулярна добраўпарадкоўваліся. Але зараз купацца там забаронена, аб чым сведчыць адпаведная шыльда, а супрацоўнікі міліцыі штрафуюць тых, хто ігнаруе забарону. Чаму б не вярнуць тыя часы, не навесці там належны парадак, даручыць ДУВП «Пружанскае ПМС» правесці ачыстку і зрабіць яшчэ адзін вадаём літаральна ў цэнтры гарадской забудовы для цывілізаванага адпачынку і купання гараджан і гасцей Пружан?
В.С.Нікалайчук, жыхар горада.
Як зазначыў намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч, гэта на першы, павярхоўны, погляд дадзенае пытанне здаецца даволі простым і вырашальным.
— Па-першае, названае аўтарам звароту прадпрыемства не прызначана для выканання работ, звязаных з ачысткай вадаёмаў. Гэта — меліяратыўнае прадпрыемства, якое сочыць за станам асушальных каналаў на тэрыторыі раёна і за яго межамі. І ўсё яго матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне прызначана для выканання менавіта гэтых задач. Пры гэтым варта адзначыць, што гадавы план работ «ПМС» складаецца згодна з абласной праграмай і проста так змяняць намеры прадпрыемства і адцягваць яго сродкі немагчыма. Хаця сёлета па дамоўленасці будзе праведзена ачыстка прыбярэжнай зоны і некаторае добраўпарадкаванне. Але для паўнацэннай ачысткі сажалкі трэба спецыяльная тэхніка, правядзенне работ, каб поўнасцю спусціць ваду дзеля таго, каб пазбавіць дно ад водарасцяў і каранёў раслін. Бо гэта нясе пагрозу тым, хто там купаецца.
Першы варыянт увогуле не ажыццявіць, а другі не мае сэнсу з-за гідралагічнай абстаноўкі ў гэтым месцы.
Аўтар звароту называе прыродную крыніцу, але яна не мае дачынення да «басейна». Раней праз гэты вадаём праходзіў вадаток, дзякуючы чаму вадаём пастаянна абнаўляўся. Аднак зараз сажалка папаўняецца толькі дажджавымі ападкамі. У выніку вадаём аднесены да тэхнічных, мае стаялую ваду і купанне ў ім небяспечнае ў тым ліку і для здароўя.
Па-другое, нават калі будзе дадзены дазвол на настолькі неверагодныя выдаткі бюджэтных сродкаў на ажыццяўленне адпаведных мерапрыемстваў, на гэтым траты грошай не закончацца. Згодна з правіламі адпачынку ля вады, неабходна абсталяваць зону адпачынку адпаведным чынам, устанавіць пост ратавання, арганізаваць за гэтымі аб’ектамі нагляд і рэгулярна абнаўляць іх. Ці ёсць у гэтым сэнс? А можа, лепш накіраваць гэтыя грошы на вырашэнне іншых гарадскіх праблем? Тым больш, што ў горадзе ёсць добра абсталяваная зона адпачынку ля вады на гарадскім возеры. Там жа ёсць пляж для дарослых і дзяцей, выдзелены і прыведзены ў адпаведны стан акваторыі, выконваюцца санітарна-эпідэміялагічныя мерапрыемствы. Таксама дзейнічае пост ратавання, матросы якога летась выратавалі двух чалавек, працуе пункт продажу напояў і марожанага. Побач размешчана спартыўная пляцоўка, месцы для пераапранання і туалеты. Тысячы гараджан і гасцей горада там адпачываюць за сезон. Хто прыязджае на сваіх машынах, якія можна пакінуць на ўладкаванай аўтамабільнай стаянцы, а нехта дабіраецца самастойна, бо да вадасховішча можна пад’ехаць грамадскім аўтобусам з любога кутка горада: прыпынак размешчаны за некалькі дзясяткаў метраў ад вадаёма.
Па-трэцяе, гарадское возера знаходзіцца ў зоне маштабнай забудовы і таму карыстаецца вялікім попытам у гараджан. Так званы «басейн» будзе прыцягваць у лепшым выпадку некалькі дзясяткаў чалавек. Таму, лічу, неабходна ўлічваць меркаванні ўсіх пружанцаў, а не ўплываць на іх жаданнем асобнай групы людзей. Ці пагодзяцца тыя жыхары горада, каму гэты вадаём непатрэбны, выдаткоўваць бюджэтныя грошы на яго добраўпарадкаванне замест таго, каб у дварах шматпавярховак паставіць дадатковыя арэлі ці лаўкі?
Як паведаміў старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Ю.М.Амельянчук, для ўладкавання належнай бяспекі ў зоне купання неабходна стварыць стацыянарны або ведамасны выратавальныя пасты. Гэта, згодна з п.6 Правілаў аховы жыцця людзей на водах Рэспублікі Беларусь, вырашаюць абласныя выканаўчыя камітэты.
Стацыянарны пост (дзейнічае на гарадскім возеры) уяўляе сабой прыстасаваны будынак, аснашчаны ўсім неабходным інвентаром і абсталяваннем. На ім па строгім распарадку дзяжураць мінімум тры чалавекі: матросы -выратавальнікі, якія прайшлі спецыяльную падрыхтоўку і маюць адпаведны допуск. Утрыманне гэтага аб’екта, аплата працы спецыялістаў ажыццяўляецца за кошт абласнога бюджэту. Патрабаванні да ведамаснага паста такога ж кшталту, але фінансаванне на свой рахунак бярэ ўжо арганізацыя, якая вызначана адказнай за вадаём. Падобны аб’ект у нашым раёне дзейнічае на возеры Паперня (арганізаваны санаторыем «Ружанскі»).
Падрыхтаваў Алег Сідарэнка.