Среда, 24 апреля 2019

Министр спорта и туризма Сергей Ковальчук: «Отличные условия для занятий спортом»

840

Міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь С.М. Кавальчук падчас наведвання ДЮСШ №1 і ДЮСШ №2 г. Пружаны неаднаразова паўтараў словы вынесеныя ў загаловак. У рамках рабочага візіту з нагоды дня інфармавання Сяргей Міхайлавіч пазнаёміўся з дзейнасцю практычна ўсіх секцый, якія працуюць пры нашых спартыўных школах, а таксама правёў сустрэчу з неабыякавымі да праблем спорту пружанцамі.


Нягледзячы на тое, што Сяргей Міхайлавіч родам з Брэстчыны, ён прызнаўся, што ў нашым горадзе толькі другі раз і адразу назваў прычыну гэтага.


— Калі я толькі заняў пост міністра і прымаў справы, мне адразу сказалі, што з візітам у Пружаны можна не спяшацца, бо тут усё ў парадку. І цяпер я не магу з гэтым не пагадзіцца. Я прыемна здзіўлены тым, што ўбачыў. Тут умовы – адны з лепшых у рэспубліцы.
Міністр шмат гаварыў пра развіццё спорту і турызму ў краіне. Адзначыў важнасць Чэмпіянатаў Еўропы па фігурным катанні і біятлоне, якія прайшлі ў Мінску і Раўбічах. “У спартсменаў з усяго свету склалася добрае ўражанне не толькі аб беларускай гасціннасці. Мы паказалі, што ў нас ёсць магчымасці праводзіць спаборніцтвы на самым высокім узроўні. Чарговым іспытам прафесіяналізму стануць ІІ Еўрапейскія гульні”, — сказаў Сяргей Міхайлавіч і агучыў вялікія надзеі на беларускіх спартсменаў, якія, як ён спадзяецца, заваююць медалёў не менш, чым падчас першых гульняў, што праходзілі ў Баку.
У канцы свайго выступлення міністр спорту і турызму пажартаваў, што ён спецыяльна гаварыў так доўга, каб выклікаць прыхільнасць у прысутных і паказаць, што ён звычайны чалавек. Трэба адзначыць, што гэта атрымалася ў поўнай меры, бо пытанні пасыпаліся адно за другім.

Яшчэ ў пачатку сустрэчы Сяргей Міхайлавіч адзначыў, што сёння найбольш пытанняў узнікае па фігурным катанні. Не сталі выключэннем і Пружаны. Мама члена нацыянальнай зборнай Марыі Салдакаевай і трэнер Вольга Уважаная з жалем канстатавалі, што ў гэтага прыгожага віду спорту пакуль няма перспектыў у Беларусі. Пасля заняткаў у ДЮСШ №2 ім проста няма куды ісці далей, каб удасканаліць майстэрства фігурыста. Нават у Мінску складана знайсці спецыяліста лепшага за Вольгу Анатольеўну. Міністр адказаў, што яму добра вядомы праблемы фігурыстаў і расказаў, як яны будуць вырашацца ў бліжэйшы час. Паколькі ў Расіі адна з самых моцных школ фігурнага катання ў свеце, наша краіна прыцягне спецыялістаў менавіта адтуль. Гэта будуць і юныя спартсмены з узроўнем падрыхтоўкі намнога вышэйшым за беларускіх, а таксама трэнеры. Такім чынам будзе ісці развіццё ў двух накірунках: умацаванне ўласнай школы і перайманне замежнага вопыту.
Многа пытанняў было пастаўлена трэнерамі па лёгкай атлетыцы. Так, метадыст ДЮСШ №1 Андрэй Муха заўважыў, што ў горадзе няма спецыяльнага пакрыцця і дзеці вымушаны займацца лёгкай атлетыкай на асфальце, тым не менш, менавіта гэты від спорту штогод перадае 3-6 спартсменаў у вучылішчы алімпійскага рэзерву. Міністр паабяцаў, што гэтае пытанне будзе разгледжана, у першую чаргу, трэба пралічыць фінансавыя выдаткі з мэтай стварэння такога пакрыцця.

І міністр, і госці гаварылі аб аддзяленні спорту ад адукацыі і называлі станоўчыя моманты. Але, як высветлілася, на практыцы застаюцца нявырашаныя моманты. Некаторыя з іх агучыў трэнер па лёгкай атлетыцы Сяргей Чайкоўскі. Напрыклад, пытанне з пуцёўкамі ў аздараўленчыя лагеры для юных спартсменаў без адрыву ад трэніровачнага працэсу.
Трэнер па футболе Алена Адамчук таксама заўважыла, што з’явілася неразбярыха: на асноўныя спаборніцтвы яна не можа везці сваіх выхаванцаў, бо яны праводзяцца аддзелам па адукацыі.

Зразумела, многія пытанні павінны вырашацца не толькі на ўзроўні Міністэрства, таму іх да ведама прымалі начальнік упраўлення спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама М.М. Глушэня і прадстаўнікі мясцовай улады.
Агучыў сваё набалелае пытанне і трэнер па веласпорце Анатоль Плеска. Анатоль Генадзьевіч не першы год дамагаецца бясплатнага праезду для юных веласіпедыстаў з навакольных вёсак падчас летніх канікулаў. Дзеці займаюцца шэсць разоў на тыдзень, і для некаторых бацькоў за іх праезд на трэніроўкі набягае значная сума.
Яшчэ адзін трэнер па футболе Уладзіслаў Сарачынскі спытаў аб магчымасці ацяплення раздзявалак на гарадскім стадыёне, бо з-за адсутнасці ацяплення юныя футбалісты вымушаны займацца ў зале. А першыя сезонныя спаборніцтвы пачнуцца ўжо ў хуткім часе. Немагчымасць трэніравацца на футбольным полі можа адмоўна паўплываць на вынік.

Разам з трэнерамі ўзняў пытанне дапушчальнага ўзросту для заняткаў спортам намеснік дырэктара ДЮСШ №2 Аляксандр Вашкевіч. Міністр адказаў пытаннем на пытанне і адразу зняў усе разважанні:
— А асабіста Вы гатовы несці адказнасць за маленькае дзіця, калі яму нашкодзяць заняткі спортам, калі нават медыкі не даюць такі дазвол?
Пытанняў, якія тычыліся медыцыны, было некалькі. Асноўныя з іх – непаразуменні пры медаглядах для юных спартсменаў, у тым ліку і тое, што некаторыя даследаванні даводзіцца праводзіць за грошы.

Размова атрымалася даволі шчырай, і ёсць спадзяванні, што ў хуткім часе адбудуцца значныя змены. Сяргей Міхайлавіч сказаў, што падчас такіх сустрэч вывучаецца і неабходнасць выдзялення на развіццё спорту матэрыяльнай дапамогі. Сітуацыя ў рэгіёне будзе прааналізавана, і сродкі атрымаюць тыя аб’екты, якія маюць найбольшую ў іх патрэбу.
Кацярына ПАШКЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).