Среда, 11 декабря 2019

Наш опрос: где вы ремонтируете машину?

830

У аўтааматараў ёсць даволі трапнае выказванне: спачатку ты ездзіш на машыне, а потым яна на табе. Зразумела, што пакуль чалавецтва не вынайшла нічога вечнага, і аўтамабіль тут не выключэнне: перыядычна даводзіцца яго абслугоўваць, а часам і рамантаваць. Адны аўтаўладальнікі звяртаюцца па дапамогу да «гаражнага дзядзькі Васі», іншыя давяраюць спецыялістам. Каб даведацца, якому варыянту аддаюць перавагу пружанскія аўтааматары, мы звярнуліся на вуліцах горада да мясцовых вадзіцеляў з пытаннем:

Максім:


— Я давяраю толькі майстрам СТА, пры гэтым звяртаюся ў пружанскія майстэрні. Але ж супрацоўнічаю не з усімі: хаця станцый у горадзе даволі многа, я выбраў толькі адну і звяртаюся толькі па яе паслугі.


Мікалай Іванавіч:


— Мне вельмі патрэбны «колы», таму для мяне, калі здараецца чарговы рамонт, на першым месцы па важнасці менавіта эканомія часу, а не грошай. Таму і звяртаюся толькі ў пружанскія СТА. Тым больш што пры жаданні можна знайсці і не вельмі дарагі сэрвіс.

Уладзімір:


— Сам не ўмею рамантаваць, а дарагую машыну давяраць «дзядзьку Васю» баюся. Таму заўсёды звяртаюся да афіцыйных майстроў, каб потым не шкадаваць аб дарма патрачаных грошах.

Аляксандр Міхайлавіч:

— Я ўсё жыццё за рулём і дасканала ведаю ўстройства чатырохколавай тэхнікі, таму і рамантую свой аўтамабіль самастойна. Акрамя таго, я стараюся быць акуратным вадзіцелем і не дапускаю таго, каб машына літаральна развалілася.

Сяргей Уладзіміравіч:


— Я звяртаюся толькі да «гаражных» знаёмых, бо гэта дае магчымасць істотна эканоміць грошы, не карыстаючыся вельмі дарагімі паслугамі СТА. Зразумела, што такім чынам я больш рызыкую, бо ніякіх афіцыйных гарантый не атрымліваю. Таму даводзіцца вельмі скрупулёзна выбіраць, да каго звяртацца.
Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.