Четверг, 18 июля 2019

Ефрейтор Оксана Довгун о своей службе: «Форма идет не только мужчинам»

534

Пра тое, што вайсковая форма пасуе не толькі хлопчыкам, але і дзяўчынкам, яфрэйтар 210-га авіяцыйнага палігона “Ружаны” Аксана Даўгун зразумела даўно і зараз носіць яе з задавальненнем.
— Пакуль мой тата, вайсковец, адпачываў пасля чарговага дзяжурства, я ціхенька перад люстэркам прымярала яго кіцель і фуражку. З тых часоў мінула ўжо больш за трыццаць гадоў, але я да гэтага часу з хваляваннем успамінаю тую залацістую кукарду, нашыўкі, пагоны і гузічкі колеру хакі, – з асаблівым цяплом распавядае пра пачатак свайго “ваеннага” шляху Аксана Васільеўна.
Што цікава, яе тата служыў старшыной і строгую вайсковую дысцыпліну ўкараняў не толькі сярод падначаленых, але і родных. Аднак дзяўчынку гэта не бянтэжыла, і сёння яна з удзячнасцю ўспамінае бацькоўскія загады.


— Вайскоўцы – гэта асаблівая каста людзей. Я ўдзячная бацьку за строгае выхаванне, за той сталёвы характар, які выпрацаваўся ў мяне з гадамі, за рашучасць і пачуццё адказнасці за ўсе словы і ўчынкі. Я ўдзячная бацьку за тое, што маё “ваеннае” дзяцінства было напоўнена неверагоднымі падзеямі і перажываннямі. У пачатку 80-х тата, як і шмат хто ў нашым гарнізоне, выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. І мне здавалася, што за гэты год расстання з ім я рэзка пасталела. Тата вярнуўся, і неўзабаве мы з’ехалі ўслед за ім у Германію. Гэты чарговы пераезд дазволіў зноў ацаніць прывабнасць вайсковай службы: я ўбачыла свет і знайшла новых сяброў.
Калі праз пяць гадоў вярнуліся ў Новыя Засімавічы, Аксана Даўгун цвёрда вырашыла звязаць свой лёс са службай. Але атрымалася інакш… Паддаўшыся моцным пачуццям, яна выйшла замуж і неўзабаве нарадзіла сына.
Аднак мара спраўдзілася ў 2008 годзе, калі Аксану Васільеўну запрасілі на кантрактную службу ў аддзяленне сувязі.
— Дзяўчат у часці было шмат, – успамінае былая радыстка. – Нам усім хацелася адважна служыць і даказваць камандаванню, што мы не горшыя за мужчын, што жанчына-салдат здольная на многае. Адрэналін зашкальваў тады, зашкальвае і зараз! Але ніякіх паблажак мы не атрымлівалі і не атрымліваем.
На палігоне, куды перайшла пару гадоў таму служыць Аксана Даўгун, таксама ўсе вайскоўцы роўныя перад загадам.
— Бег, страявая падрыхтоўка, сутачныя дзяжурствы, зборка і разборка аўтамата… Паверце, мы, жанчыны, вельмі хутка ўсё пераадольваем. Вы бачылі, як на парадзе прайшлі нашы дзяўчынкі? Якая форма! Які строй! Ды што там парад! Калі сёння скажуць: рыхтуйцеся ў бой, мы пойдзем. Калі трэба, то і на перадавую, – уражвае сваім баявым настроем прыгажуня-яфрэйтар. Дарэчы, свайго сына, які сёння вучыцца ў 9 класе, жанчына гатова са спакойным сэрцам адпусціць служыць, калі прыйдзе час.
— А чаго баяцца? Усе мужчыны павінны прайсці армію. Абавязак Радзіме павінны аддаць усе і ў роўных умовах, – з прыгожай усмешкай рапартуе на развітанне яфрэйтар Аксана Васільеўна Даўгун.
Алена Зялевіч, фота аўтара.