Четверг, 18 июля 2019

Хочешь заработать — действуй! Молодой предприниматель рассказал, как воспользовался субсидией от центра занятости

626

Да ўласнай справы Яўген Стагнееў ішоў няпроста. Спачатку хлопец вырашыў атрымаць прафесію юрыста, закончыў ВНУ і нават паспеў некалькі гадоў адпрацаваць па спецыяльнасці. Але потым зразумеў, што ён мог бы зрабіць намнога больш карыснага, але ў іншай прафесіі. Працяглы час Яўген Міхайлавіч аналізаваў свае сумненні, ацэньваў здольнасці і, вядома, фінансавыя магчымасці. І зразумеў, што яму лепш за ўсё атрымаць поўную самастойнасць у планах і заняцца прадпрымальніцкай дзейнасцю.


— Немалаважным фактарам, які падштурхнуў мяне да такога рашэння, было грашовае пытанне,— расказвае індывідуальны прадпрымальнік.— Я адчуваў, што магу рабіць больш і адпаведна гэтаму зарабляць, а не «сядзець на акладзе».
Даўно Яўгена прыцягвала тэхніка, дакладней, аўтамабілі. Хлопец адгукаўся на просьбы знаёмых разабрацца з «жалезам», дапамагаў сваякам аднаўляць «жалезных коней». Захапленне дазволіла набыць пэўны вопыт, за гэты час Яўген Міхайлавіч разжыўся і некаторымі інструментамі. Таму, калі выбраў новы жыццёвы напрамак, са спецыфікай дзейнасці вызначыцца было значна лягчэй.
Але ж планы і мары — гэта адно, зусім іншае — іх рэалізацыя, якая патрабуе немалых намаганняў. У гэтым істотную дапамогу пачынаючы прадпрымальнік атрымаў ад раённай службы занятасці, дзе яму прапанавалі аформіць дакументы на атрыманне бязвыплатнай субсідыі.
— Знаёмыя мне казалі, што няма сэнсу ў такой прапанове, бо атрыманых грошай не хопіць на адкрыццё сваёй справы,— расказвае Я.М.Стагнееў. — Сапраўды, выдзеленая сума не вельмі вялікая, але ж дзяржава не абавязана прапаноўваць чалавеку гатовы бізнес. Калі не маеш уласных зберажэнняў, то і не трэба пачынаць сваю справу.
На атрыманыя грошы Яўген набыў неабходнае абсталяванне: фен для рамонту пластыкавых дэталяў, інфрачырвоную сушку, расходныя матэрыялы для рамонту аўто.
З восені мінулага года прадпрымальнік зрабіў нямала. Першапачаткова заняўся рэканструкцыяй арандаванага каля в.Новыя Засімавічы памяшкання, стварэннем неабходных умоў для працы і зносін з кліентамі, наладзіў належную інжынерную інфраструктуру. Безумоўна, раней Стагнееву было прасцей жыць: загадалі — выконвай. Цяпер жа за ўсё даводзіцца адказваць самому, паралельна асвойваць іншыя прафесіі — ад будаўніка да электрыка і нават бухгалтара. Але такі стыль жыцця мужчыне падабаецца больш, бо кожны дзень пачынаецца і заканчваецца не так, як папярэднія. Ён адчуў аддачу, займеў магчымасць будаваць яшчэ больш перспектыўныя планы, марыць пра дасягненне новых вяршынь. Гэтага і дабіваўся Яўген, які ні на кроплю не пашкадаваў аб зменах у сваім жыцці.
Можа так падацца, што заняўся Яўген Міхайлавіч рызыкоўнай справай, бо ў горадзе і нават у наваколлі хапае станцый тэхабслугоўвання, некаторыя адкрываюцца літаральна на год-два і закрываюцца з-за адсутнасці кліентуры. Чаму ж мужчына вырашыў, што лёс яго справы будзе іншым? Юрыст па першай адукацыі і тут усё дакладна пралічыў. Галоўная ўмова будучага поспеху — у правільным складанні стоса паслуг. Напрыклад, маючы інфрачырвоную сушку, Яўген можа аказваць паслугі па кузаўным рамонце тэрмінова, не прымушаючы ўладальнікаў аўто чакаць днямі і нават тыднямі. Па-другое, прадпрымальнік асвоіў тэхналогію антыкаразійнай апрацоўкі металічных элементаў аўтамабіля спецыяльнай устаноўкай, якая з дапамогай зонда можа наносіць кансервант на ўсе нябачныя ўчасткі кузава. Некалі Яўген Стагнееў сутыкнуўся з праблемай хімчысткі салона машыны: у Пружанах такую паслугу ніхто не змог яму аказаць. Таму вырашыў паралельна прапанаваць аўтааматарам і гэтую магчымасць, для чаго набыў мыючы пыласос з параачышчальнікам.
Пачынаючы прадпрымальнік упэўнены, што яго справа набудзе станоўчую рэпутацыю сярод патэнцыяльных карыстальнікаў. Тым больш, што яна падабаецца самому Яўгену, таму і робіць ён яе з душой.

На здымку: цяпер Яўгену Стагнееву па сілах нават «Волгу» 1962 года выпуску вярнуць да жыцця.
Алег СІДАРЭНКА, фота аўтара.