Понедельник, 20 мая 2019

Хто пахаваны на мясцовых могілках? Якімі былі гэтыя людзі? Адказы ў кніге Ірыны Сядовай «Там, дзе няма ні болю, ні смутку, ні плачу…»

598

Некалі адна з маіх старэйшых сваячак прызналася, што
пастаяннай патрэбай для яе стала наведванне гарадскіх могілак. І не з нагоды веснавога ці восеньскага навядзення парадку: маўляў, хочацца няспешна прайсціся паміж магілкамі, пра кожнага блізкага чалавека ўзгадаць. Мне, тады маладзенькай дзяўчыне, ад самой думкі, што некага можа ўсцешыць падобная “прагулка”, станавілася жудасна.


Але праляцеў час. Незаўважна аказалася, што з кожным годам усё больш знаёмых твараў глядзіць з партрэтаў на надмагільных помніках. Ідзеш па могілках і нібы вітаешся з настаўнікамі, у якіх вучылася ў школе.., з урачамі, па дапамогу да якіх звярталася.., з былымі калегамі па працы.., з блізкімі і далёкімі сваякамі.., з бацькамі сваіх аднакласнікаў.., з суседзямі… І пачынаеш асэнсоўваць, што скон — гэта непазбежны працяг жыцця, што немагчыма жыць вечна, але можна назаўсёды захаваць памяць аб тых, хто жыў побач з табой.
Падобныя роздумы аказаліся добрай падставай для “ўкаранення” ідэі, пададзенай аднойчы настаяцелем Спаса-Праабражэнскай царквы протаіерэем Ігарам Мрыхіным, заняцца некрапалістыкай — вывучэннем і апісаннем гарадскіх могілак. Тым больш што стварэннем пружанскага праваслаўнага некропаля ніхто ніколі не займаўся. Нядзіўна, нашы правінцыйныя могілкі мала чым могуць зацікавіць прафесійнага некрапаліста. Дык чаму не пачаць гэтую працу на аматарскім узроўні?
Першапачаткова меркавалася зрабіць звычайны рэестр старых пахаванняў. Але, калі ўпершыню прайшлася па могілках з фотаапаратам, так і не здолела вырашыць пытанне: якія пахаванні лічыць дастаткова старымі, а якія – не, так што часавыя абмежаванні не стала рабіць. У рэшце рэшт захацелася не проста зафіксаваць імя, прозвішча, даты нараджэння і смерці, але і зразумець, якім чалавек быў, які след пакінуў на нашай зямлі. А яшчэ, як і ў любога краязнаўцы, з‘явіўся азарт, жаданне знайсці раней невядомыя факты.
Вынікам нечаканага захаплення стала кніга пад назвай “Там, дзе няма ні болю, ні смутку, ні плачу… Пружанскі праваслаўны некропаль”, надрукаваная ў лютым бягучага года ў ААТ “Брэсцкая друкарня”. Гэта зборнік, дзе расказваецца аб гісторыі з‘яўлення гарадскіх могілак, будаўніцтве на іх Спаса-Праабражэнскай царквы, прыводзяцца біяграфічныя дадзеныя шэрага гістарычных асоб і сучаснікаў, нябожчыкаў, пахаваных тут. Вайскоўцы, святары, чыноўнікі, кіраўнікі, урачы, настаўнікі – усяго каля 60 чалавек, пра якіх захацелася расказаць.
Зразумела, каб сабраць патрэбныя звесткі, спатрэбілася дапамога. І аказалася, што раўнадушных у гэтай справе няма. Жыхары Пружан шчодра дзяліліся дакументамі і фотаздымкамі, шчыра расказвалі пра сваякоў. Так што ў стварэнне сціплага зборніка ўнеслі сваю лепту многія людзі, у тым ліку настаяцель і прыхаджане Спаса-Праабражэнскай царквы. Менавіта ў гэтым храме падчас вячэрняга богаслужэння напярэдадні Усяленскай бацькоўскай суботы і адбыўся першы “выхад у людзі” новай кнігі.
А заўтра, 17 сакавіка, прэзентацыя кнігі “Там, дзе няма ні болю, ні смутку, ні плачу…” адбудзецца ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М.Засіма. Хочацца спадзявацца, што гэтая сціплая праца зацікавіць не толькі родных тых людзей, чые біяграфіі былі ўзгаданы на яе старонках, не толькі краязнаўцаў, але і ўсіх нераўнадушных да гісторыі роднага горада пружанцаў. Запрашаем усіх жадаючых у 15.00 гадзін у літаратурную гасцёўню бібліятэкі.
З павагай, Ірына СЯДОВА.