Вторник, 21 мая 2019

Около 500 жителей района получили консультации областных специалистов в первый день акции «Предотврати болезнь – выбери жизнь!»

794

З мэтай папярэджання і ранняга выяўлення анкалагічных захворванняў на Пружаншчыне быў рэалізаваны праект «Папярэдзь хваробу — выберы жыццё!». У чацвер на базе Пружанскай ЦРБ, а ў пятніцу на базе Ружанскай гарбальніцы Брэсцкі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя сумесна з абласным анкалагічным дыспансерам пры ўдзеле спецыялістаў абласных эндакрыналагічнага і дэрматавенералагічнага дыспансераў наладзілі кансультатыўна-дыягнастычныя і інфармацыйна-адукацыйныя мерапрыемствы для жыхароў раёна.
Сёння на Брэстчыне рэалізуецца 11 прафілактычных праектаў. Канкрэтна гэты, як удакладніла загадчыца аддзела грамадскага здароўя Брэсцкага АЦГЭіГЗ Алена Цішчанка, праводзіцца з мэтай ранняй дыягностыкі хвароб і своечасовага пачатку іх лячэння, а таксама павышэння інфармаванасці насельніцтва аб пытаннях прафілактыкі анкалагічных захворванняў. Акрамя таго, для ўдзелу ў акцыі былі падабраны тыя спецыялісты, чый профіль найбольш запатрабаваны ў рэгіёнах. У выніку на Пружаншчыну разам з урачамі-анколагамі: мамолагамі, гінеколагам, уролагам, отарыналарынголагам — прыехалі таксама эндакрынолагі, дэрматавенеролагі, псіхатэрапеўт, валеолаг. Сярод іх — спецыялісты высокага ўзроўню — галоўныя ўрачы і загадчыкі аддзяленняў, прафесіяналы з вялікім вопытам.
Да слова, са жніўня, калі стартавала акцыя, мультыдысцыплінарныя ўрачэбныя брыгады пабывалі ў шасці раёнах. Пружанскі стаў наступным, куды прыехалі спецыялісты.

— У поле зроку, перш за ўсё, трапляюць тыя раёны, дзе статыстыка па захворванні найгоршая. Што тычыцца Ружан, то тут прычынай наведвання стала цяжкадаступнасць жыхароў да спецыялістаў абласнога ўзроўню, — удакладніла Алена Мікалаеўна.
Ні адзін з праектаў не з’яўляецца беспадстаўным, у тым ліку і гэты. Паводле інфармацыі, агучанай галоўным урачом Брэсцкага абласнога анкалагічнага дыспансера Русланам Лук’яноўскім, па стане на пачатак бягучага года ў Пружанскім раёне пад дыспансерным назіраннем знаходзіцца каля 1,5 тысячы чалавек, у якіх ужо выяўлены злаякасныя новаўтварэнні. У структуры гэтых захворванняў сярод мужчын лідзіруючыя пазіцыі займаюць злаякасныя новаўтварэнні прадсталёвай залозы — 18,9%, лёгкіх — 13,7%, скуры — 13,6%, а сярод жанчын — рак скуры — 21,6%, рак малочнай залозы — 17,9%, рак маткі — 7,9%, а таксама рак шчытападобнай залозы — 7,5%.
Каму варта было б наведаць вузкіх абласных спецыялістаў, вызначалі мясцовыя ўрачы: акрамя тых, хто сам жадаў праверыць здароўе, да эндакрынолагаў і анколагаў накіроўвалі пацыентаў, у дачыненні да дыягназаў і лячэння якіх у пружанскіх медыкаў былі сумненні.

Як зазначыў загадчык Брэсцкага абласнога эндакрыналагічнага дыспансера Артур Грыгаровіч, сярод тых, хто прыйшоў да яго зрабіць ультрагукавое даследаванне і атрымаць кансультацыю, было больш жанчын. «Яно і зразумела: эндакрынныя захворванні ў жанчын здараюцца ў дзесяць разоў часцей, чым у мужчын», — растлумачыў Артур Станіслававіч.


Акрамя таго, у рамках праекта пружанскімі медыкамі былі арганізаваны кансультатыўныя і інфармацыйна-адукацыйныя мерапрыемствы. Ажыццяўляўся забор крыві ў пацыентаў для агульнага і біяхімічнага аналізаў, была магчымасць вызначыць ліпідны спектр, узровень глюкозы ў крыві, памераць артэрыяльны ціск, вылічыць індэкс масы цела. Разам з тым кансультацыі вялі псіхолаг з Брэста, псіхатэрапеўт з Гродзенскага медуніверсітэта. А ў Ружанах для выканання мамаграфіі быў задзейнічаны адзіны на Брэстчыне перасоўны рэнтгенадыягнастычны кабінет з Лунінца, які дазваляе праводзіць мамаграфію.


Рэкламу электронных рэцэптаў і дэгустацыю прадукцыі вытворцаў гематагену, сіропаў і БАДаў арганізавала Пружанская ЦРА №7 Брэсцкага РУП «Фармацыя».
Па выніках першага дня акцыі «Папярэдзь хваробу — выберы жыццё!» кансультацыйна-дыягнастычную дапамогу атрымала каля паўтысячы чалавек. Найбольш пацыентаў — амаль 200 — прынялі анколагі-мамолагі. На прыём да анколага-ўролага прыйшло крыху больш за паўсотню чалавек, да анколага-гінеколага — прыкладна столькі ж, да анколага пухлін галавы і шыі — каля 40, да дэрматавенеролага — больш за 30. Яшчэ 25 чалавек скарысталася дапамогай псіхатэрапеўта і псіхолага. У выніку амаль у трох дзясяткаў чалавек была выяўлена паталогія. УГД шчытападобнай залозы было зроблена амаль 80 пацыентам, прыкладна ў 10% з іх канстатавалі змяненні.
Амаль у паловы з тых, хто пажадаў памераць артэрыяльны ціск, — а такіх было больш за 300 чалавек — ён аказаўся павышаны. Трэцяя частка абследаваных на вызначэнне індэкса масы цела мела лішнюю вагу. У 10% пацыентаў быў павышаны ўзровень цукру ў крыві.
Акрамя таго, пружанскія медыкі зрабілі забор крыві: для агульнага аналізу — у 54 чалавек, для біяхімічнага — у 17. Скрынінг грудзей з дапамогай мамографа правялі 14 жанчынам.
Зразумела, абласныя спецыялісты не маюць магчымасці пабываць у кожнай медустанове рэгіёна, тым не менш падобныя мерапрыемствы, як паказвае практыка, маюць пэўны плён.За сем месяцаў, на працягу якіх ужо ідзе акцыя, на Брэстчыне абследавана і пракансультавана амаль пяць тысяч чалавек, каля 25% з іх накіравана на дадатковае абследаванне. А гэта значыць, што некаторыя захворванні ўдалося выявіць і пачаць лячыць на ранняй стадыі.
Марына Вакульская, фота аўтара.