Понедельник, 20 мая 2019

«Мисс гимназии-2019» стала Марина Борисюк

673

Днямі ў гімназіі прайшоў традыцыйны штогадовы конкурс «Міс гімназіі», у якім прынялі ўдзел 6 старшакласніц. Шэсць прыгожых, разумных і таленавітых дзяўчынак выйшлі на сцэну, каб пазмагацца за ганаровае званне. Забягаючы наперад, скажу, што журы (у склад якога ўвайшоў дырэктар гімназіі Аляксандр Момлік, майстар спорту міжнароднага класа Андрэй Муха, першы сакратар РК ГА «БРСМ» Аляксандр Бабігорац і аўтар гэтых радкоў Кацярына Пашкевіч) давялося нялёгка.


Каб прадставіць сябе, амаль усе канкурсанткі прапанавалі слайд-шоу са сваімі фотаздымкамі, паралельна з дэманстрацыяй якіх агучвалі факты сваіх біяграфій і дзяліліся сваімі марамі. На фоне іншых выдзялялася выступленне Ганны Каці Лаўфенбюржэ, якая расказала пра свае таленты з гумарам і пасля прадэманстравала адзін з іх (дзяўчынка выдатна спявала на французскай і рускай мовах). Аздобіла песняй свой выхад і канкурсантка Марына Барысюк, а вось Таццяне Габец на дапамогу прыйшоў клас: менавіта аднакласнікі пазнаёмілі прысутных са сваёй прадстаўніцай.
У другім выпрабаванні дзяўчынкам трэба было прадэманстраваць дзелавыя касцюмы. Асаблівых цяжкасцей гэты этап не выклікаў, таму адразу перайшлі да іншага. На стол перад журы было выкладзена для ацэнкі шэсць дэсертаў. Прымаць рашэнні, гледзячы на гэтую прыгажосць, стала яшчэ складаней. Вікторыя Замулка прыгатавала пячэнне з журавінамі, Марына Кабрынец парадавала цірамісу, Яна Пацапня прызналася, што дэсерт гатаваць ёй дапамагала не толькі мама, але і тата. Паспытаць прысмакі атрымалася толькі пасля мерапрыемства, таму за гэты конкурс усе дзяўчынкі атрымалі вышэйшы бал. Прызнаюся, што пасля дэгустацыі маім фаварытам стаў торт «Паўлава» ад дзяўчынкі з французскімі каранямі Ганны Каці Лаўфенбюржэ. Дарэчы, канкурсанткі жартавалі, што гэтае «хатняе заданне» стала самым цікавым за ўсе школьныя гады.
Яшчэ адным хатнім заданнем было стварэнне фотаздымка «Мая радзіма», і да гэтага конкурсу ўсе ўдзельніцы таксама падышлі з творчым імпэтам. Ганна Каця зрабіла фота ў нацыянальным касцюме, Віка сфатаграфавала палацык, а Яўгенія нават выйшла на лёд.


Сапраўдным упрыгожаннем мерапрыемства стала дэфіле ў вячэрніх уборах. Не сакрэт, што правільна падабраная сукенка дапамагае адчуваць сябе прынцэсай, з большага гэта атрымалася ў кожнай дзяўчынкі. Яўгенія і Яна абралі сукенкі пяшчотных адценняў, убор, які вельмі пасуе па ўзросце, прадэманстравала Марына, а вось Ганна Каця нават сама пашыла сукенку, у якой адлюстравала сваё «Я».
Самым складаным, на мой погляд, стаў апошні конкурс — інтэлектуальны. Без падрыхтоўкі канкурсанткам давялося адказваць на няпростыя пытанні вядучых. Напрыклад, іх цікавіла, што можна расказаць іншапланецянам пра нашу краіну? Гумар, знаходлівасць, уменне сабрацца ў адказны момант дапамаглі гімназісткам з гонарам прайсці і гэты іспыт.
Судзейства было арганізавана такім чынам, што кожны член журы выстаўляў сваю адзнаку, таму нават пасля апошняга конкурсу не было вядома, хто стане пераможцай. Падліковая камісія хутка справілася са сваёй задачай, абвясціўшы наступныя вынікі.

З перавагай у адзін бал тытул «Міс гімназія-2019» заваявала Марына Барысюк, віцэ-міс стала Яна Пацапня (цікава, але падчас адказу на пытанне «Каму б асабіста Вы аддалі галоўны тытул?» Яна назвала Марыну). Ганна Каця Лаўфенбюржэ небеспадстаўна была названа «Міс Талент», Таццяна Габец была прызнана «Міс Стыль», а Яўгенія Замулка — «Міс Асляпляльнасць».
Акрамя кароны, пераможца атрымала падарунак ад РК ГА «БРСМ».
Кацярына ПАШКЕВІЧ.