Суббота, 23 марта 2019

Ученик Порослянской СШ Влад Пухнаревич признан самым метким стрелком среди школьников Брестской области

259

Па выніках першых у бягучым годзе абласных спаборніцтваў па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі вучань Параслянскай школы Улад Пухнарэвіч быў прызнаны самым трапным стралком сярод школьнікаў Брэстчыны. Акрамя таго, хлопец здаў на юнацкі разрад па гэтым відзе спорту: з 20 выстралаў ён «выбіў» 160 ачкоў, тройчы трапіў у «яблычак» і тым самым паказаў самы лепшы вынік, апярэдзіўшы нават тых сапернікаў, якія трэніруюцца з самага дзяцінства. Сам жа юнак упершыню ўзяў у рукі стрэльбу толькі тры гады таму.


Як успамінае Уладзіслаў, у восьмым класе па прапанове сябра ён вырашыў паглядзець, чым займаюцца ў аб’яднанні па інтарэсах «Стралковы», які дзейнічае ў Параслянскай школе пры падтрымцы гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Юрый Мікалаевіч Дронь, які працяглы тэрмін займаецца з мясцовымі стралкамі і падрыхтаваў нямала «снайпераў», што займалі прызавыя месцы як у раёне, так і вобласці, прапанаваў юнаку пастраляць. Хаця першыя вынікі былі не вельмі ўдалымі, настаўнік усё-такі здолеў разглядзець патэнцыял у навічку і запрасіў на наступную трэніроўку. Улад не адмовіўся і з тых пор не прапускае ні адзін занятак.
Трэніроўкі ў стралковым аб’яднанні праводзяцца тройчы на тыдзень па паўгадзіны. Здаецца, за такі час наўрад ці можна падрыхтаваць спартсмена высокага ўзроўню. Але, як зазначае хлопец, многае залежыць ад самога чалавека. І менавіта Улада, на думку кіраўніка гуртка, можна лічыць прыкладам таго, чаго можна дасягнуць уседлівасцю.
— Хлопец у жыцці, у вучобе і на занятках па стральбе заўсёды ставіць перад сабой высокія мэты і паступова ідзе да іх,— зазначае Юрый Мікалаевіч. — Паспяховасць Улада Пухнарэвіча па вучэбных прадметах трымаецца на ўзроўні «дзявятак» і «дзясятак», юнак прымае актыўны ўдзел у розных мерапрыемствах і знаходзіць час на наведванне трэніровак.
Тройчы на тыдзень, хаця і не на працяглы час, хлопцу даводзіцца адмаўляцца ад сваіх спраў і трэніравацца ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Навошта гэта Уладу? У юнака адразу некалькі адказаў. Па-першае, малады чалавек лічыць сваё захапленне карысным для самаразвіцця відам спорту. Падчас заняткаў, напрыклад, развіваюцца галоўныя якасці стралка: спакой, уменне трымаць сябе ў руках, не дапускаць хваляванняў у любой сітуацыі. Гэта бачна і па паводзінах Уладзіслава, які трымаў свае эмоцыі ўнутры і падчас размовы з журналістам, адказваючы на пытанні спакойна і разважліва.
— Па-другое, гэтыя трэніроўкі вучаць упартасці ў дасягненні мэты, незалежна ад таго, намалявана яна на паперы або запланавана ў галаве,— сцвярджае хлопец.
І, безумоўна, завастрае ён увагу на тым моманце, што заняткі аб’ядноўваюць тых, хто іх наведвае. Ва ўсялякім выпадку, Улад займеў там нямала таварышаў. Па рэкамендацыі У. Пухнарэвіча ў гурток прыйшлі і некаторыя яго знаёмыя, якія, магчыма, праз некаторы час таксама пакажуць неблагія вынікі на спаборніцтвах.
Ці складана стаць трапным стралком? Мой субяседнік у нечым пагаджаецца з тымі, хто лічыць трапнасць талентам, які прырода дае аднаму з тысячы. Але без карпатлівых трэніровак, умення канцэнтравацца на справе і жадання самому дабіцца канкрэтных вынікаў нічога не атрымаецца нават у самага таленавітага чалавека. Гэтаму вучыць і кіраўнік гуртка, які, дарэчы, ужо цяперашнім навічкам прыводзіць у якасці прыкладу поспехі Уладзіслава Пухнарэвіча.
Ёсць яшчэ адна акалічнасць, з-за якой хлопец не адмаўляецца ад свайго захаплення нават зараз, калі яму неабходна рыхтавацца да школьных выпускных экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання. Улад плануе ў будучым стаць афіцэрам і звязаць сваё жыццё са службай у арміі, абаронай Айчыны. Адпаведна, мяркуе паступаць у ваенную ВНУ. Сваю стралковую падрыхтоўку для рэалізацыі задуманага юнак не лічыць лішняй. А калі ў будучым будзе магчымасць зноў наведваць трэніроўкі па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, то абавязкова запішацца на іх.
Алег СІДАРЭНКА, фота аўтара.