Четверг, 18 апреля 2024

Зима не сдавалась, но пружанцы отметили Масленицу

1 538

У гэту нядзелю, калі праходзіла народнае гулянне, зіма, нібы адчуваючы, што пружанцы развітваюцца з ёй, вырашыла паказаць свой характар.

Літаральна зранку ішоў снег, дзьмуў моцны вецер. Аднак гэтыя прыродныя выбрыкі не спалохалі гараджан, якія сабраліся на святкаванне. І тыя, хто вырашыў прыйсці на гарадскую плошчу, не пашкадавалі.


Гасцей свята прыцягвалі гандлёвыя палаткі філіяла «Прадтавары», якія прапаноўвалі і салодкую прадукцыю, і гарачыя прысмакі — ад варанай бульбачкі да смажаных шашлыкоў. І, безумоўна, бліны. Дарэчы, як толькі дзяўчаты-прадаўцы пачалі выпякаць першы блін, які ў старадаўнія часы лічыўся сімвалам сонца, то адразу пасвятлела і неба ачысцілася ад хмарак.

І са сцэны самадзейныя артысты гарадскога Палаца культуры пачалі запрашаць на Масленіцу.


Забаўляльная праграма была даволі разнастайнай. Народныя песні і танцы, шматлікія конкурсы з прызамі пераможцам, загадкі і абрады. Артысты настолькі зацікавілі гледачоў, што праз кароткі час каля сцэны яблыку не было дзе ўпасці.


Цікавую навучальную праграму падрыхтавалі і пружанскія выратавальнікі: у рамках акцыі «Адзіны дзень бяспекі» была наладжана інфакампанія «Баўце час з карысцю», падчас якой праходзіла інтэрактыўнае навучанне дзяцей і дарослых асновам пажарнай бяспекі. Старэйшыя ўдзельнікі спрабавалі свае сілы ў тэсце, за правільныя адказы ў якім атрымлівалі падзякі ад райаддзела па надзвычайных сітуацыях і каштоўныя прызы. Не абышлося без падарункаў і для малых, якія спаборнічалі ў маляванні тэматычных плакатаў і трафарэтаў.


На святочнай пляцоўцы таксама былі наладжаны спаборніцтвы па гіравым спорце і армрэстлінгу пад патранажам галоўнага спецыяліста райвыканкама па пытаннях фізічнай культуры, спорту і турызму А.Л.Лапыкі. Сярод удзельнікаў лепшы вынік у штурханні гіры паказаў Юрый Жданаў (ААТ «Райаграсэрвіс»), а самым дужым у «барацьбе на руках» быў прызнаны Віктар Церахаў (аграрна-тэхнічны каледж). Пераможцам былі ўручаны прызы.


Не меншую ўвагу прыцягнуў традыцыйны конкурс па «ўзяцці» масленічнага слупа, які прывабліваў размешчанымі на самым яго версе прызамі. Трэба прызнаць, што выпрабаванне было даволі складаным, нават надвор’е вырашыла стварыць самыя жорсткія ўмовы для жадаючых паўдзельнічаць у конкурсе: пачаўся дождж, мацнейшымі сталі парывы ветру. Але гэта не напалохала ўдзельнікаў, і літаральна праз мінуту пасля абвяшчэння конкурсу адзін з прызоў быў зняты.

Першым спрытнасць паказаў работнік КУВП «Камунальнік» Пётр Геч. Як расказаў герой, шэсць гадоў таму ён таксама змог пера-адолець слуп і зараз вырашыў «успомніць маладосць». Яго прыклад зматываваў іншых хлопцаў і… праз 10 мінут на слупе не засталося прызоў.

А дасталіся яны Паўлу Францэвічу з ААТ «Агра-Калядзічы», Дзмітрыю Браздову з СШ № 4 і Дзмітрыю Хобню з Навасёлкаўскай СШ.
Алег Сідарэнка, фота Сяргея Талашкевіча.