Среда, 11 декабря 2019

55 килограмм за 4 недели сбросили во время «Марафона стройности» приверженцы системы табата

1 325

З надыходам вясны і першымі цёплымі сонечнымі праменьчыкамі прачынаецца і асаблівы гарэзлівы настрой. Хочацца дастаць з шафы самае прыгожае адзенне, туфлікі на абцасах і з усмешкай пакараць свет. Толькі часта пасля доўгай зімы здаецца, што нехта нібы ўшыў спадніцы і сукенкі… Сустрэць Дзень жанчын у поўным узбраенні вырашылі наведвальнікі трэніровак па сістэме табата, якія за чатыры тыдні да свята аб’явілі “Марафон стройнасці”.

Выхаванцы Андрэя Мухі, які прынёс у горад новы спосаб спартыўных заняткаў і выкладае іх ў ДЮСШ №1, кінулі выклік самі сабе і 28 дзён не толькі ўзмоцнена займаліся спортам, але і карэкціравалі сваё харчаванне. Наогул у дасягненні мэты — скінуць лішнія кілаграмы і зменшыць аб’ёмы праблемных зон — усе сродкі добрыя, і кожная з больш чым 30 удзельніц (і адзін удзельнік) марафону выкарыстоўвала свае. Нехта перайшоў на дробнае харчаванне, нехта лічыў калорыі з дапамогай дадаткаў у смартфоне, нехта дабавіў фізічных нагрузак.

Акрамя таго, трэнер увесь час даваў індывідуальныя заданні. Па ўважлівых прычынах толькі некалькі ўдзельніц “сышлі з дыстанцыі”. Невядома, што матывавала дзяўчат больш: уласны знешні выгляд ці падарункі ад трэнера (у тым ліку доўгачаканы торт), але на фінішы атрымаліся ўражлівыя вынікі.


Як пажартаваў Андрэй Муха падчас узнагароджання пераможцаў “Марафону стройнасці”, за час спаборніцтва група страціла цэлага чалавека вагой 55 кілаграмаў. Менавіта столькі лішняй вагі скінулі ўсе ўдзельнікі разам. На ўсіх разам яны пазбавіліся і ад 50 сантыметраў у таліі, і ад 50 сантыметраў у бедрах. Самыя лепшыя вынікі паказалі Таццяна Васілінчык, Юлія Пасько, Сяргей Карсанюк і Вольга Дземасюк. Пераможцы атрымалі сертыфікаты на бясплатнае наведванне заняткаў, але сюрпрызы на гэтым не скончыліся.


Трэнер Андрэй Муха падрыхтаваў для сваіх падапечных сапраўднае свята. Торт з надпісам “Трэнер дазволіў, заўтра адпрацуем”, які выпекла Ганна Каляда (дзяўчына таксама наведвае заняткі), пірог ад спонсара — ФПР «Камбінат кааператыўнай прамысловасці», прэзенты пераможцам у больш дробных намінацыях.

А галоўнае – кожная дзяўчына ў перадсвяточны дзень атрымала кветкі!
Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).