Понедельник, 20 мая 2019

97% работающих состоят в профсоюзе. В Пружанах прошло заседание совета районного объединения

590

На мінулым тыдні ў вялікай зале райвыканкама прайшло пасяджэнне савета раённага аб’яднання прафсаюзаў. Акрамя прафсаюзных лідараў раёна, удзел у пасяджэнні прынялі намеснік старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў Алена Гурына, намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі.
Варта адзначыць, сёння раённае аб’яднанне прафсаюзаў уяўляе чатыры галіновыя райкамы, у якія ўваходзіць 137 пярвічак 13 галіновых прафсаюзаў. Прафсаюзным рухам ахоплена без малога 15 тысяч чалавек — гэта 97% ад агульнай колькасці працуючых. Самым масавым з’яўляецца райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, які аб’ядноўвае больш за шэсць тысяч чалавек. Да слова, прафсаюзным рухам ахоплена яшчэ і каля 700 навучэнцаў Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа.


Падводзячы вынікі прафсаюзнай дзейнасці за мінулы год і акрэсліваючы планы на будучы, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Т.Ю.Гаманчук зазначыла:
— Намаганнямі адных толькі прафсаюзаў мы не можам вырашыць сацыяльна-эканамічныя пытанні, абараніць працоўныя правы і законныя інтарэсы нашых членаў. Таму не-выпадкова мы сёння развіваем сацыяльнае партнёрства. У прыватнасці, у раёне дзейнічае савет па працоўных і сацыяльных пытаннях, у якім прымаюць удзел таксама і прадстаўнікі ўлады, наладжана сумесная наглядна-аналітычная работа з пракуратурай раёна, іншымі кантралюючымі органамі.
Сёння ў цэнтры ўвагі прафсаюзаў — калектыўна-дагаворнае рэгуляванне працоўных і сацыяльна-эканамічных адносін у арганізацыях. На Пружаншчыне толькі чатыры пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі не маюць калдагавораў (і тое з прычыны таго, што далучыліся да прафсаюзнага руху нядаўна). Прафсаюзнае кіраўніцтва апошнім часам звяртае асаблівую ўвагу на якасць гэтага дакумента.
— Вядома, яго выкананне і напаўненне ў многім залежыць ад фінансавага стану арганізацыі, тым не менш, ёсць рэчы, для выканання якіх не патрэбны грошы. Хачу нагадаць, што генеральнае, абласное і раённае пагадненні ўтрымліваюць норму аб заключэнні кантрактаў на максімальны тэрмін з добрасумленнымі работнікамі. Многія калектыўныя дагаворы ўжо ўтрымліваюць гэтую норму. Прашу звярнуць увагу на выкананне дадзенага патрабавання ў вашых арганізацыях, паколькi гэтыя пытаннi заўсёды ўзгадняюцца са старшынёй прафкама, — падкрэсліла Таццяна Юр’еўна. — Найбольшая колькасць кароткатэрміновых кантрактаў сёння заключана ў Пружанскім РКБА, Магілявецкай псіхіятрычнай бальніцы, абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі, ААТ «Эксперыментальная база «Белавусаўшчына», прадстаўніцтве Белдзяржстраху па Пружанскім раёне.
Гаворачы пра абарону інтарэсаў працаўнікоў, члены прэзідыума ўвагу звярталі на многае. Напрыклад, на тое, што ў калектыве прафсаюзны лідар павінен клапаціцца пра галоснасць стымулюючых выплат, звяртаць увагу на выкананне патрабаванняў аховы працы, з’яўляцца абаронцам правоў членаў калектыву. Сярод прыярытэтных задач і грамадскі кантроль. Найперш гэта грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы, абароне працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў работнікаў у формах, якія не звязаны з правядзеннем праверак.
— Тут гаворка ідзе пра своечасовасць выплаты зарплаты, правільнасць налічэння адпускных, давання свабодных ад работы дзён тым, каму яны прызначаны. У гэтым накірунку, на жаль, пакуль ёсць недапрацоўкі, паколькі людзі звяртаюцца з падобнымі пытаннямі і ў раённае аб’яднанне прафсаюзаў, і на прыёмы грамадзян, якія праводзяцца сумесна з пракуратурай.
Гаворачы пра выплаты, Т.Ю. Гаманчук звярнула ўвагу, што летась сярэдняя зарплата па раёне склала каля 770 рублёў, хаця стаяла задача выйсці на ўзровень 828 рублёў.
У бягучым годзе намечаныя накірункі работы прафсаюзным лідарам трэба будзе развіваць. Разам з тым, сёлета чакаецца справаздачна-выбарчая кампанія. Ініцыятыўных і неабыякавых актывістаў, якія зоймуць кіруючыя прафсаюзныя пасады, чакае работа па ўзмоцненым кантролі калектыўных дагавораў у пытаннях сацыяльнай абароны, росту зарплаты, павышэння прадукцыйнасці працы, заахвочвання лепшых работнікаў, фактаў схаванага скарачэння і іншых пытаннях.
Завяршылася пасяджэнне на прыемнай ноце: былі агучаны вынікі раённага агляду-конкурсу на лепшую прафсаюзную пярвічку. У групе пярвічных прафсаюзных арганізацый з нявызваленымі старшынямі прафкамаў лепшай была прызнана работа пярвічкі ААТ «Пружанскі льнозавод», якую ўзначальвае В.К.Ляўчук (на здымку). За другое і трэцяе месцы адпаведна былі адзначаны прафкамы філіяла «Пружанскія электрасеткі» (старшыня А.П.Місюля) і Слабадскіх ясляў-сада №8 (старшыня Т.Я.Язерская). Работа старшыні прафсаюзнай пярвічкі Пружанскага КУВП «Камунальнік» Л.М.Мазюк была адзначана як самая лепшая ў групе пярвічак з вызваленымі старшынямі прафкамаў. Акрамя таго, ЦБУ №122 ААТ «ААБ Беларусбанк» (старшыня С.В.Мацукоў) было прызнана «Лепшым сацыяльным партнёрам». Пераможцы былі адзначаны граматамі і грашовымі прызамі.

Марына Вакульская.