Суббота, 23 марта 2019

Обликом милые и сильные духом. Праздничный фоторепортаж из ОАО «Великосельское Агро»

516

Работа, вядзенне ўласнай гаспадаркі, сямейныя клопаты, выхаванне дзяцей — заўсёды з гэтым лёгка спраўляліся вясковыя жанчыны. Неаспрэчны факт, што беларускія жанчыны, акрамя таго, што працавітыя, яшчэ і самыя прыгожыя. У гэтым мы ў чарговы раз пераканаліся, калі наведалі ААТ «Велікасельскае Агра».
— І хаця ў калектыве гаспадаркі прадстаўніц, як кажуць, «слабой палавіны» менш, чым мужчын, на іх плячах трымаецца даволі шмат работы,— зазначае дырэктар таварыства Васіль Лявонцьевіч Севасцьянчык.

За належнае вядзенне спраў адказваюць юрысконсульт В.У.Суміч, спецыяліст аддзела кадраў Л.Р.Рамасюк і дыспетчар К.М.Пілюцік.

— 116 нашых жанчын — велізарная сіла, якая не толькі захоўвае лепшыя працоўныя традыцыі, але і прымушае мужчынскую большасць працаваць аддана і дысцыплінавана. Жанчынам «Велікасельскага Агра» належыць вядучая роля ў сельгасвытворчасці, у развіцці сельскай гаспадаркі, бо яны задзейнічаны на самых галоўных накірунках дзейнасці: у жывёлагадоўлі, раслінаводстве.

МТК «Вялікае Сяло №1» вылучаецца ўнушальнымі вынікамі па надоях, кожныя суткі здаючы каля 10 тон «белага золата». «І ўсе 100% — гатункам «экстра»»,— падкрэсліваюць заатэхнік А.І.Макрыцкая і лабарант Т.К.Кунда.

Нашы працаўніцы кіруюць многімі структурнымі падраздзяленнямі гаспадаркі, будуюць планы і робяць усё магчымае для іх ажыццяўлення. І мы, атрымліваючы істотны вынік ад іх працы, імкнемся стварыць ім належныя ўмовы.

Матэрыяльны дабрабыт гаспадаркі забяспечваюць бухгалтары В.А.Янушкевіч і Я.Ф.Карунас.


Гэта пацвярджаюць і прадстаўніцы акцыянернага таварыства, многія з іх у прыватных гутарках адзначаюць, што ў ААТ ёсць усе ўмовы для працы і для годнага жыцця на вёсцы.

Бухгалтары М.В.Максімовіч і В.М.Шумак.


Жаночы калектыў сельгаспрадпрыемства рознаўзроставы, побач з ветэранамі працуюць і маладыя дзяўчаты. І ўдвая прыемней, што з іх «дапамогай» у вёсцы вырашаецца і пытанне з прыцягненнем і затрыманнем кадраў, і дэмаграфічная сітуацыя. Вераніка Шумак прыехала працаваць у Вялікае Сяло з іншага рэгіёна Брэстчыны, а разам за ёй прыехаў і яе будучы муж. І менавіта ў гэтай вёсцы яны згулялі вяселле. У якасці заахвочвання да працы і пастаяннага пражывання маладая сям’я атрымала ад гаспадаркі дом. Падобнае можна сказаць і пра Яну Сямашка, якая таксама з прыезджых, таксама згуляла тут вяселле і ўжо двойчы стала мамай.

Фінансы заўсёды ў поўным парадку, калі імі займаюцца галоўны бухгалтар С.І.Журко і яе намеснік Г.Я.Каральчук.


Затрыманню такіх прыгожых кадраў садзейнічае прыклад працаўніц, якія значную частку свайго жыцця аддалі мясцовай гаспадарцы. Галоўны бухгалтар Станіслава Іванаўна Журко адпрацавала ў ААТ «Велікасельскае Агра» ўсё сваё жыццё. Такім жа «вясковым» стажам можа пахваліцца і бухгалтар Марыя Васільеўна Максімовіч, Ядвіга Францаўна Карунас і многія іншыя. Варта адзначыць, што не ўсе ветэраны таварыства нарадзіліся тут, некаторыя па волі лёсу прыехалі працаваць у Вялікае Сяло і затрымаліся. І ніхто не шкадуе аб такім жыццёвым выбары.

Бухгалтары А.Я.Цюкіна, І.А.Лапука і касір Г.С.Каравай.


Самае галоўнае заахвочванне затрымацца ў акцыянерным таварыстве — адзнака кіраўніцтвам шчырай працы. У гаспадарцы штогод вызначаюцца работніцы, якія займаюць лідзіруючыя пазіцыі па сваіх накірунках у раёне і нават вобласці. І гэтыя дасягненні не застаюцца па-за ўвагай, а атрыманыя матэрыяльныя ўзнагароды становяцца добрым стымулам для далейшай працы і прыкладам для іншых.

Адказна ставяцца да сваіх абавязкаў даяркі і цялятніцы МТФ «Ялова» М.А.Казачэнка, Л.В.Агафіна, В.В.Чабаноўская і С.У.Чэчка.


Вось такія яны, прыгажуні-жанчыны з «Велікасельскага Агра». І здаецца, што менавіта ім адзін з паэтаў прысвяціў такія вершаваныя радкі: «Сельская жанчына… Ты — сапраўдная! Абліччам мілая і духам моцная!»
Алег Сідарэнка, фота аўтара.