Понедельник, 20 мая 2019

Наш опрос: какой должна быть идеальная женщина?

834

Рамантычная і пяшчотная Джульета, здольная ахвяраваць усім дзеля кахання, ці бясстрашная салдатка Джэйн, якую цяжкія абставіны робяць толькі мацнейшай? Непахісная і жорсткая Маргарэт Тэтчэр ці фатальная і знаходлівая Скарлет, якая дамагаецца свайго любой цаной? Паспяховая і прагматычная бізнес-лэдзі ці сціплая і ўвішная хатняя гаспадыня? Якой, на думку жыхароў нашага горада, павінна быць ідэальная сучасная жанчына? Пра гэта журналіст «раёнкі» даведаўся напярэдадні свята 8 Сакавіка.

Аляксандр з дочкамі Златай і Кацярынай:


— На мой погляд, ідэальная жанчына павінна быць рамантычнай натурай, самым лепшым увасабленнем вясны, дабра і міласэрнасці… Занадта ўжо шмат у нашым свеце стала негатыву, і вылечыць ад яго можа толькі яна — пяшчотная і светлая, верная і сумленная сяброўка па жыцці.

Аліна:


— У наш час ідэальная жанчына — тая, якая ў адказе за ўсіх і ўся, якая ведае і ўмее значна больш, чым мужчыны. Маці, жонка, царыца, багіня, здольная выстаяць у любой сітуацыі. Выжыць любой цаной — вось яе дэвіз на ўсе часы.

Алег:


— Як той казаў, дзе светла, там і ліхтарык не патрэбны. Ідэальная жанчына — тая, з якой вам камфортна і ўтульна пры любых абставінах. З якой вы падзяляеце свой асабісты свет, якая робіць вас лепшым. Якая верыць у тое, у што верыце вы. Яна лепшы сябар, дарадца, настаўнік і аднадумец, які, як факел, заўсёды ідзе паперадзе вас, прадбачачы вашы жаданні.

Яна з дачушкай:


— Ідэальная жанчына? Гэта разумная, адукаваная, рознабакова развітая, камунікабельная, актыўная і пры гэтым самастойная і незалежная як у фінансавым, так і ў маральным плане асоба. Такія правілы дыктуе час. Сучасная жанчына на ўсё мае сваё меркаванне, і з гэтым меркаваннем мужчыны павінны лічыцца.

Віктар:


— Як і ва ўсе часы, ідэальная сучасная жанчына павінна быць, перш за ўсё, узорнай гаспадыняй, кахаючай жонкай і, вядома ж, клапатлівай, чулай маці, на якой, у рэчаіснасці, трымаецца ўтульная дамашняя атмасфера. Таму яе родныя павінны ствараць для жанчыны ўсе ўмовы, каб яна развівалася як непаўторная, творчая асоба, якую будзе хацецца насіць на руках.

Арцемій:


— У кожнага мужчыны свой ідэал жанчыны. Для кагосьці важны знешні выгляд, прыгожая сукенка, доўгія валасы і загадкавая ўсмешка, для кагосьці — упэўненасць, эмансіпацыя сяброўкі. А для мяне галоўныя якасці жанчыны — гэта дабрыня, вернасць і ўменне ствараць вакол сябе такую жыватворную атмасферу, што ніколі не захочацца сысці ад яе. Вось глядзіш на звычайны, здавалася б, твар каханай і адчуваеш шчасце.

Маргарыта з сынам Цімафеем:


— Ідэальная жанчына павінна быць выхаванай і адукаванай, каб не сорамна было за свае паводзіны ні перад бацькамі, ні перад дзецьмі. Важна, каб яна паважала вопыт старэйшых і разумела маладзёжныя павевы. Жаночая дабрыня павінна ахутваць навакольных. Узорная жонка, добрая маці, адданая сяброўка, якая прагне падзяліцца са светам усім самым лепшым.
— Лепшая жанчына — вось такая, як мая мама!
Думкамі цікавілася Алена Зялевіч, фота аўтара.