Суббота, 23 марта 2019

Ян Крашэўскі. Са спадзяваннем на Бога

223

Апошні раз я была на яго магіле пару гадоў таму. Памятаю, той студзеньскі дзень выдаўся вельмі марозным. Снег з гучным хрустам ламаўся пад нагамі і рассыпаўся ў руках, а тут — што дзіўна! — здавалася, намёртва прыляпіўся да надмагілля. З цяжкасцю ачысціўшы помнік ад заінелага пласта, я ўсё ж такі падзякавала сняжку, які, нібы крэйдай, «прачарціў» усе літаркі знакамітай эпітафіі: “… PIETATE, INGENIO, VIRTUTE CLARISSIMUS OLIM”.


— Вітаю цябе, набожны, доблесны, святлейшы спадар Ян Крашэўскі з роду герба «Ястрабец»! Ты ўсё жыццё пражыў у цені сваіх знакамітых дзяцей, хоць сам быў не менш геніяльным. І пасля смерці спрабуеш схавацца ад вачэй людскіх і памяці…
155 гадоў прайшло, як 27 лютага на цвінтары Свята-Троіцкага касцёла ў Шарашове быў пахаваны беларускі шляхціч, старшыня Пружанскага павятовага суда, павятовы харунжы ў земскім су-дзе, ганаровы ардэнаносец, бацька сусветна вядомых дзеячаў культуры…
Не буду пералічваць усіх рэгалій Яна Крашэўскага, таксама як не буду з прэтэнзіяй на навізну — бо тут ніякага адкрыцця няма — стамляць чытачоў чарговай біяграфіяй (пры жаданні яе можна прачытаць у інтэрнэце альбо схадзіць у бібліятэку і азнаёміцца з працамі руплівай даследчыцы роду Крашэўскіх — брэсцкай пісьменніцы Русланы Гусевай, якая доўгі час працавала з першакрыніцамі). Я толькі хачу разам з вамі ўшанаваць памяць шляхціча Крашэўскага, успомніўшы, як і належыць у такіх выпадках, аб самых прывабных рысах яго вялікай натуры.

Ян Крашэўскі вельмі рана асірацеў і, атрымаўшы строгае выхаванне пад апекай сваякоў-афіцэраў, у жыцці разлічваў толькі на сябе, разумеючы, што ні спадчынныя званні, ні родавыя гербы, ні сувязі з моцнымі гэтага свету, у рэчаіснасці, не робяць чалавека выбітным. На яго думку, толькі любоў да навакольнага свету, годная адукацыя і бязмерная працавітасць дазвалялі чалавеку прымнажаць таленты, падораныя яму Богам.
Так, спадар Ян быў вельмі набожны і чалавекалюбны. Характэрна, што, у свой час пераехаўшы ў маёнтак Доўгае, старэйшы Крашэўскі застаў паўразбуранай старую мясцовую капліцу, цалкам аднавіў яе, павесіў новы звон, які назваў «Люцыянам». У храмавае свята — на дзень святой Ганны — тут збіралася на набажэнства да некалькіх тысяч чалавек з усяго наваколля…
Асабліва шанаваў шляхціч цудатворны абраз Божай Маці, якую лічыў апякункай свайго вялікага сямейства, і яго дзеці (сыны Юзаф, Люцыян, Каятан і дочкі Іаана і Ганна) гэта перакананне падзялялі. Вядома, што аднойчы ноччу ў капліцы заўважылі нейкае святло, і Ян Крашэўскі, пайшоўшы туды з дваровымі людзьмі і ксяндзом, выявіў, што ўсе свечкі перад алтаром запаленыя. Ён расцаніў гэту цудоўную з’яву як адмысловы знак міласці Божай да яго роду… Шляхі Гасподнія невыведныя. Ва ўсякім выпадку, забягаючы наперад, адзначу, што пасля паўстання 1863 года (якое ўнесла разлад у сям’ю Яна Крашэўскага і, уласна кажучы, прывяло да яго смерці), калі паўсюдна зачыняліся каталіцкія храмы, капліцу ў Доўгім улады не кранулі. Праз гады ў ёй бралі шлюб унучкі Яна Крашэўскага, але дзядуля, на жаль, гэтага ўжо не ўбачыў…


Многімі гадамі раней не ўбачыў ён нараджэнне свайго першынца, сусветна вядомага пісьменніка Юзафа Ігнацыя Крашэўскага. Аб’ектыўныя і вельмі страшныя абставіны вымусілі Яна часова разлучыцца са сваёй каханай жонкай Соф’яй. Набліжалася вайна з Напалеонам, і, каб засцерагчы ад пагрозы цяжарную жонку, Ян адправіў яе ў Варшаву (Варшаўскае княства лічылася саюзнікам Францыі). Сам застаўся ахоўваць сваю сядзібу. Узброеныя сутычкі, якія праходзілі літаральна за пару кіламетраў ад сядзібы, і пастаянныя рабаванні з боку то рускіх, то французскіх салдатаў вымусілі Яна пайсці на радыкальныя меры. Вялікі сядзібны дом па яго загадзе быў разбураны. Сам шляхціч перасяліўся ў маленькі флігель, а некаторы час нават вымушаны быў хавацца ў лесе…
Скончылася вайна. І спадар Крашэўскі, як сапраўдны тытан духу, вярнуў свайму маёнтку былую славу. Нягледзячы на занятасць гаспадара дзяржаўнымі справамі, у Доўгім у кароткія тэрміны былі ўзведзены неабходныя гаспадарчыя пабудовы, разбіты сады, алеі, выкапаны каналы для асушэння балот і здабычы торфу. З часам у Доўгім закаласіліся нівы. Пазней у маёнтку пачалі вырабляць цукар…

Сапраўды асаблівую асалоду жыцця «пад крылом бацькі» ў маёнтку Доўгае заўсёды адзначалі ў сваіх творах дзеці Яна Крашэўскага. Па ўспамінах яго малодшага сына Каятана, «пах бэзу, чаромхі і розных траў, хор птушак з самага ранку… стваралі незабыўную цэласнасць успрымання» жыцця. А як пісаў старэйшы Юзаф, маёнтак Доўгі быў для яго даражэйшым за кніжныя крамы ўсяго свету.
Такі райскі куток мог стварыць толькі надзвычай адукаваны чалавек свайго часу. Так і было: Ян Крашэўскі добра ведаў нямецкую і французскую мовы і дасканала валодаў лацінскай. Літаратура ў яго доме была такой жа неабходнасцю, як і хлеб. Спадар Ян вельмі шмат чытаў і, маючы незвычайную памяць, любіў дэкламаваць вершы многіх паэтаў, асабліва любіў «Пана Тадэвуша» Міцкевіча. Многія вечары ў Доўгім праходзілі за чытаннем услых.
Акрамя таго, як адзначалі сыны Яна, ён валодаў адмысловым талентам апавядальніка. «Памяць у бацькі была такой шчаслівай, што ўсё ў ёй не толькі як мушка ў бурштыне захоўвалася, але і апраналася ў чароўныя ўборы. У яго вуснах самы просты аповед стана-віўся паэзіяй, мастацтвам», — пісаў Юзаф Крашэўскі. Таму ня-дзіўна, што «Ян-казачнік» быў жаданым госцем у любой кампаніі.
Характэрна, што Крашэўскі-старэйшы адрозніваўся не толькі аратарскім майстэрствам: яго дар назіральнасці, асаблівыя музычныя здольнасці і ўменне добра валодаць пяром, як і трапным словам у жывой размове, здзіў-ялі сучаснікаў.


А што ўжо казаць пра яго мяккі і вясёлы характар! Як успамінаюць у сваіх творах яго сыны, пры ўладарстве Яна Крашэўскага ў Доўгім усе з усімі размаўлялі, і не было выпадку, каб у гаспадара маёнтка з кім-небудзь з суседзяў узнікала самая малая спрэчка. З не меншым цяплом і павагай ставіўся шляхціч Крашэўскі і да сваіх слуг, якіх лічыў ледзь не членамі сям’і. А калі ўжо каго любіў, то ўсяляк даказваў гэта.
А любіў Ян Крашэўскі многае: свет, людзей і радзіму. І ў якасці такой лічыў Вялікую Літву, супрацьпастаўляючы яе польскай Кароне. Менавіта таму гэты слаўны ліцвін і не вітаў паўстання 1863 года, лічачы яго небяспечнай бурай, якая завіхурыла на яго роднай зямлі пад выглядам даброты. Перажыванні за лёс радзімы, за лёс дзяцей (сярэдні сын Люцыян быў нават сасланы ў Сібір) канчаткова падарвалі здароўе састарэлага мужчыны, i 27 лютага 1864 года змучаная душа Яна Крашэўскага пакінула гэты свет…
Праз гады малодшы сын Яна Крашэўскага Каятан, які сумаваў па бацьку да самай смерці, усталяваў над яго прахам гатычнае надмагілле, вырабленае каменных спраў майстрам Манцэлем. Лацінскую эпітафію склаў брат Юзаф. Яе апошнія словы ўзяты з 70 псалма: «На Цябе, Госпадзі, спадзяюся…»
Алена Зялевіч.