Суббота, 23 марта 2019

Ученики СШ №1 победили в спортивном конкурсе «А ну-ка, парни»

367

З нагоды Дня абаронцаў Айчыны ў ДЮСШ №1 прайшоў традыцыйны раённы спартыўны конкурс «А ну, хлопцы!».
Хуткасць і сілу, трапнасць і трываласць давялося праявіць старшакласнікам 12 каманд: гарадскіх СШ №1 імя ЧБВА, СШ №3, СШ №4, СШ №5, гімназіі, а таксама Магілявецкага, Навасёлкаўскага і Шчарчоўскага ВПК д/с-СШ, Кляпацкай, Параслянскай, Ліноўскай, Слабадской СШ.


Творчых конкурсаў на гэты раз праграмай мерапрыемства не было прадугледжана: усе патрабавалі выключна спартыўнай падрыхтоўкі. У прыватнасці, лепшых вызначалі з дапамогай такіх спаборніцтваў, як стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, падыманне гіры, чаўночны бег, падцягванне, перацягванне каната, спартыўная эстафета і дваябор‘е.
Арганізатары мерапрыемства — аддзел па адкацыі райвыканкама, раённыя арганізацыі ГА «БРСМ», ГА «Белая Русь» і ДТСААФ, раённы фізкультурна-спартыўны клуб «Мухавец», прадстаўнікі якіх і падлічвалі ачкі, не рабілі скідак хлопцам: у залік ішлі толькі правільна выкананыя заданні.

Сілавы конкурс з гірай, напрыклад, прынёс перамогу вучням Слабадской школы. Варта адзначыць, гэтыя ўдзельнікі аказаліся яшчэ і самымі трапнымі, а таксама паказалі лепшы вынік у чаўночным бегу. У самым, бадай, відовішчным конкурсе — перацягванні каната — пераможцай стала каманда Ліноўскай СШ. праўда, забягаючы наперад, скажу, што выбіцца ў тройку лідараў гэта ёй не дапамагло. Юнакі з СШ №5 змаглі зарабіць ачкі ў падцягванні і дваябор‘і. Увесь час «наступалі на пяткі» лідарам удзельнікі з Параслян.


У выніку насычанай барацьбы ўпэўненую перамогу заваявалі вучні СШ №1 імя ЧБВА: у шасці з сямі спаборніцтваў яны трымаліся ў тройцы лідараў, пакінуўшы далёка ззаду па колькасці набраных балаў сваіх канкурэнтаў. Да слова, прадстаўнікі гэтай школы даўно не падымаліся на вышэйшую прыступку п’едэстала пераможцаў конкурсу. Другое месца дасталася камандзе Слабадской СШ, якой удалося ўсяго на адзін бал апярэдзіць бронзавых прызёраў — юнакоў з Параслянскай СШ.


Акрамя грамат, пераможцам раённага конкурсу былі ўручаны каштоўныя падарункі.
Марына Вакульская, фота аўтара.