Суббота, 23 марта 2019

Главное — желание. Инструктор ЛФК Андрей Авдейчик рассказал про спорт в его жизни

338

Перш чым прапагандаваць заняткі спортам, здаровы лад жыцця, трэба самому паказваць прыклад. Ці складана стаць чалавекам, на якога можна раўняцца? На думку Андрэя Аўдзейчыка, які цалкам адпавядае гэтай характарыстыцы, галоўнае — мець жаданне.
Непадробная прыхільнасць да спорту ў Андрэя з’явілася яшчэ ў школьным узросце. Фізкультура для хлопца была не проста любімым школьным прадметам: яму падабалася бегаць з мячом, займацца на трэнажорах, адстойваць гонар школы на разнастайных спаборніцтвах. Таму, калі пераходзіў у выпускны клас, пра выбар прафесіі ўжо не задумваўся: ён ведаў, што будзе вучыцца толькі на спартыўным факультэце. Але выпадкова атрыманая траўма прымусіла адмовіцца ад намечаных планаў. У выніку Андрэй вырашыў паступаць, як кажуць, за кампанію і апынуўся ў медкаледжы.


Андрэй Аўдзейчык — прыклад таго, як трэба ісці да сваёй мары. Некалькі гадоў малады чалавек працаваў у Магілявецкай псіхіятрычнай бальніцы медбратам, затым — інструктарам па працатэрапіі. А ў мінулым годзе ён стаў інструктарам па лячэбнай фізкультуры: завочна атрымаў спецыяльнасць інструктара-метадыста па фізічнай рэабілітацыі.
Траўма хаця і прымусіла на некаторы час адмовіцца ад мэты, але толькі не ад фізічна актыўнага ладу жыцця. Кожны год у Андрэя ёсць спартыўныя поспехі.
— Ужо двойчы выступаў за каманду вобласці на рэспубліканскіх галіновых спаборніцтвах па атлетычным мнагабор‘і, дзе давялося паказаць сябе ў бегу, скачках, плаванні і падцягванні, — удакладняе малады чалавек. — На падобных абласных спаборніцтвах у асабістым заліку не аднойчы быў прызёрам, у тым ліку залатым…
Акрамя таго, Андрэй адстойваў гонар раёна на спаборніцтвах у суседняй Польшчы, запрашаўся гуляць за Ружанскую футбольную каманду. Асобна можна гаварыць пра турыстычныя поспехі інструктара ЛФК.


— Нашу бальніцу нярэдка называюць «узлётнай паласой»: многія спецыялісты, станаўленне якіх адбывалася ў Магілёўцах, сёння працуюць у вядучых медустановах краіны, — гаворыць суразмоўца. — Адлегласць не перашкаджае нам трымаць сувязь. Мне пашчасціла, што сярод маіх сяброў нямала такіх жа прыхільнікаў актыўнага ладу жыцця. Практычна кожны год мы бяром водпуск разам, выбіраем маршрут і робім сплавы па рэках Беларусі. Ужо хадзілі ў такія паходы па Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай, Віцебскай абласцях.
Каб падтрымліваць сябе ў форме, Андрэй рэгулярна пасля работы займаецца ў кабінеце ЛФК, куды, да слова, ходзяць і яго аднадумцы. Варта зазначыць, што дзякуючы такім апантаным спортам людзям і з‘явілася большая частка інвентару для заняткаў: штангі, трэнажоры… Многае зроблена сваімі рукамі.
Андрэя радуе, што побач становіцца ўсё больш людзей, якія зацікаўлены ў тым, каб займацца спортам, папаўняюць шэрагі аматараў скандынаўскай хадзьбы: усё гэта мацуе здароўе.
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.