Среда, 22 мая 2019

Во Дворце культуры состоялось ежегодное собрание актива района

852

Шматлюдна было ў сераду на адыходзячым тыдні ў Палацы культуры, куды на сход актыву з’ехаліся шматлікія працаўнікі раёна. Людзей сустракаў аркестр, у фае былі арганізаваны выставы творчых работ і прадукцыі пружанскай вытворчасці. А ўжо ў зале пачалася сур’ёзная размова — аб выніках развіцця Пружанскага раёна за 2018 год і планах сацыяльна—эканамічнага развіцця на 2019 год.


На сходзе прысутнічалі члены раённага выканаўчага камітэта, члены прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, кіраўнікі ўпраўленняў, аддзелаў райвыканкама, раённых службаў, прадпрыемстваў і арганізацый, Ганаровыя грамадзяне раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў, дэпутаты абласнога, раённага, сельскіх Саветаў дэпутатаў, старшыні сельвыканкамаў, прафсаюзных арганізацый, старасты сельскіх населеных пунктаў. Удзел у рабоце сходу прыняў кіраўнік спраў Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Г.М. Хвалько.


Старшыня райвыканкама М.М. Крэйдзіч, які ўзяў слова першым, адзначыў, што гаспадарчы актыў раёна сабраны, каб не толькі падвесці вынікі, але і абмеркаваць стратэгію сумесных дзеянняў на бліжэйшую перспектыву. Кіраўнік раёна падкрэсліў, што, дзякуючы рэалізацыі комплексу мер эканамічнага і арганізацыйнага характару, у мінулым годзе па раёне было забяспечана выкананне большасці ўстаноўленых прагнозных паказчыкаў і заданняў.
Таксама на сходзе выступілі: старшыня праўлення раённага спажывецкага таварыства Д.П. Карпей, начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама А.В. Гук, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама К.І. Панімаш. Выступоўцы пазнаёмілі прысутных з дасягненнямі ўзначальваемых імі калектываў і акрэслілі планы на будучае. Кіраўнік спраў аблвыканкама Г.М. Хвалько, які таксама выступіў на сходзе, адзначыў, што Пружанскі раён па многіх паказчыках знаходзіцца ў ліку лідараў сярод раёнаў вобласці і выказаў спадзяванне, што такія пазіцыі захаваюцца і ў далейшым.


Па-традыцыі адным з самых чакаемых момантаў стала ўшанаванне лепшых працаўнікоў раёна. З вынікамі штогадовага спаборніцтва за дасягненне лепшых паказчыкаў у сацыяльна-эканамічным развіцці раёна пазнаёміў прысутных старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П. Кудравец. На сходзе былі ўшанаваны пераможцы раённага спаборніцтва за дасягненне лепшых вынікаў у сацыяльна—эканамічным развіцці раёна ў 2018 годзе.


Сярод прамысловых прадпрыемстваў перамогу атрымала таварыства з абмежаванай адказнасцю “Нятканы свет”. Другое месца — у ААТ “Пружанскі льнозавод” (дырэктар М.С. Жогал), трэцяе — у ААТ “Пружанскі завод радыёдэталей” (дырэктар В.М. Каліх).


Пераможцам сярод сельскагаспадарчых арганізацый прызнана ААТ “Велікасельскае Агра” (дырэктар В.Л. Севасцьянчык). Другое і трэцяе месцы адпаведна прысуджаны ААТ “Мурава” (дырэктар П.М. Білецкі) і ААТ “Агра-Калядзічы” (дырэктар А.І. Пішч).
У будаўнічай галіне пераможцам абвешчана ДУБП “ПМК-22” (дырэктар І.П. Нінічук).
Старшыня райвыканкама М.М. Крэйдзіч уручыў пераможцам Ганаровыя пераходныя сцягі райвыканкама і дыпломы. Таксама яны адзначаны грашовымі прэміямі.
Таксама былі падведзены вынікі работы сярод сельвыканкамаў — пераможца Мокраўскі сельскі выканаўчы камітэт (старшыня В.В. Грышкевіч).
За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці гандлю сярод арганізацый, якія ажыццяўляюць рознічны гандаль і ўдзельная вага якіх у рознічным таваразвароце раёна складае не менш за 2%, пераможцам прызнаны Пружанскі ўчастак Кобрынскага падраздзялення РУП “Беларуснафта-Брэстаблнафтапрадукт” (кіраўнік падраздзялення А.С. Трайчук).


Лепшай установай агульнай сярэдняй адукацыі стала гімназія г.Пружаны (дырэктар А.К. Момлік), а лепшай установай дашкольнай адукацыі — Ліноўскія яслі-сад №21 (загадчыца С.М. Гардзіеўская).
Былі вызначаны таксама лепшы сельскі Дом культуры, якім стаў Кляпацкі СДК (дырэктар А.К. Мазуркевіч), і лепшая сельская бібліятэка, якой па выніках работы за 2018 год прызнана Шарашоўская гарпасялковая бібліятэка (бібліятэкар В.У. Фасевіч).
Не былі абдзелены ўвагай і творчыя калектывы. “Лепшым калектывам аматарскай творчасці па выніках работы за 2018 год” прызнаны народны ансамбль танца “Спадчына” Палаца культуры (кіраўнік В.І. Іскаліева).
У сферы аховы здароўя пераможцай прызнана Сухопальская бальніца сястрынскага догляду (загадчыца І.У. Фурса).
Усе пераможцы атрымалі заслужаныя ўзнагароды. А затым неверагоднае задавальненне сваім выступленнем падарылі прысутным творчыя калектывы раёна.
Галіна Каляда, Сяргей Талашкевіч (фота).