Среда, 22 мая 2019

С Днем защитников Отечества и Вооруженных Сил Республики Беларусь!

297

23 лютага з’яўляецца знакавай датай для кожнага мужчыны, але асаблівую павагу заслугоўваюць тыя, хто стаяў і стаіць на варце Айчыны і ахоўвае мір на роднай зямлі.
Дзяжурны па пазіцыі радыёлакацыйнай групы 210 авіяцыйнага палігона «Ружаны» радавы Вячаслаў Краўчук быў прызваны ў войска крыху больш за тры месяцы таму і ўжо ўсур’ёз падумвае звязаць сваё далейшае жыццё з Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь.


Першапачаткова ні пра якую кар’еру вайскоўца гэты пружанец нават і не задумваўся. Не, вядома, ён цікавіўся ваеннай тэматыкай, але пераважна той, старажытнай. Прыклад выбітных палкаводцаў, імёны якіх навекі ўпісаны ў пантэон беларускай вайсковай славы, натхняў юнака спачатку толькі на гісторыка-гуманітарныя «подзвігі». Таму па заканчэнні СШ № 1 Вячаслаў Краўчук паступіў у Брэсцкі педагагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Гісторыя і грамадскія дысцыпліны». Пасля вучобы малады педагог быў прызваны ў войска для праходжання тэрміновай службы.


— Пад’ём у 6 раніцы, фізічная зарадка, праходжанне кароткага інструктажу дзяжурнага па вайсковай часці і рух на пазіцыю па названым маршруце… Вось сёння патрулюю на пазіцыі радыёлакацыйнай групы, — выразна дакладвае салдат.
Пад аховай Вячаслава — цэлы комплекс ваеннай тэхнікі, з дапамогай якой вайскоўцы палігона выяўляюць паветраныя цэлі, якія знаходзяцца ў зоне дзеяння радыёлакацыйнай сістэмы. Вызначаюць дальнасць, вышыню палёту і іншыя геаметрычныя параметры паветранага аб’екта і перадаюць усю інфармацыю на кантрольны пункт.
Алена Зялевіч, фота аўтара.