Понедельник, 20 мая 2019

Мария Кулецкая получила диплом ІІ степени в номинации «Духовность и культура» на областном этапе конкурса «Женщина года — 2018»

282

Святочная падзея адбылася ў дзень усіх закаханых у Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці. 14 лютага тут былі ўрачыста падведзены вынікі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года – 2018», які ўжо больш за дзесяцігоддзе праводзіцца грамадскім аб’яднаннем «Беларускі саюз жанчын». Прыемна, што сёлета ў ліку лепшых жанчын вобласці аказалася і пружанка. Народны майстар Рэспублікі Беларусь Марыя Мікалаеўна Кулецкая была адзначана Ганаровым дыпломам II ступені ў намінацыі «Духоўнасць і культура».


— Яе кандыдатура была выбрана намі для ўдзелу ў такім прэстыжным конкурсе не выпадкова, — пракаментавала перамогу нашай зямлячкі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Сяргееўна Пракаповіч, якая сёлета была абрана старшынёй Пружанскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын». — Марыю Мікалаеўну добра ведаюць не толькі на Пружаншчыне, але і далёка за яе межамі. Яе актыўная жыццёвая пазіцыя, выдатны мастацкі і педагагічны талент, высокія маральныя якасці, нястомная праца на ніве папулярызацыі і адраджэння беларускіх народных традыцый, а таксама ўклад у культурнае жыццё рэгіёна выклікаюць захапленне і з’яўляюцца сапраўдным прыкладам для многіх людзей.
У мінулым годзе студыя «Шклінка-маляванка», якой кіруе М.М. Кулецкая, была ўдастоена звання «ўзорная».
Сама ж Марыя Кулецкая з характэрнай ёй прыроднай сціпласцю засведчыла, што ўсе жанчыны, якія ў гэтым годзе прадстаўлялі свае арганізацыі, дастойны былі самых высокіх узнагарод, паколькі сёння яны паспяхова вырашаюць многія задачы ў сучасным грамадстве, выконваючы важную ролю ў сацыяльна-эканамічным і гуманітарна-культурным развіцці краіны.
—Святочная імпрэза сабрала сотні людзей: актывістаў грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын», грамадска-культурных дзеячаў, прадстаўні-коў улады. Але галоўным упрыгожаннем мерапрыемства сталі амаль чатырыста жанчын-намінантаў з розных раёнаў Брэсцкай вобласці, якія годна заявілі пра сябе ў некалькіх намінацыях: «Лідарства і паспяховае кіраўніцтва», «Актыўная жыццёвая пазіцыя», «Мацярынская слава», «Гаспадыня сяла» і «Духоўнасць і культура». Усе яны, на мой погляд, заслугоўвалі самых узнёслых слоў. Дзякуючы ім, разумным, таленавітым, шчырым і адданым сваёй справе, у зале панавала святочная і сяброўская атмасфера: мы хваляваліся адна за адну і шчыра віншавалі кожную пераможцу, — сказала Марыя Мікалаеўна.
Віншуем і мы народнага майстра з гэтай высокай узнагародай і жадаем далейшых поспехаў! І далей годна нясіце, Марыя Мікалаеўна, сваю справу і славу!
Алена ЗЯЛЕВІЧ, фота аўтара.