Понедельник, 20 мая 2019

У Палацыку праходзіць выстава геліягравюр Артура Гротгера

218

У гэтыя лютаўскія дні ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» працягвае экспанавацца выстава заходнееўрапейскай рэпрадукцыйнай гравюры кан. XIX – пач. XX ст. Восем карцін на ёй складаюць асобны цыкл пад назвай «Палонія», прысвечаны паўстанню 1863-1864 гг. Прапанаваныя на выставе геліягравюры — з твораў яркага прадстаўніка гістарычнага жанру ў еўрапейскім мастацтве – мастака Артура Гротгера.


Артур Гротгер нарадзіўся ў 1837 г. на Львоўшчыне. Першыя ўрокі малявання яму даў бацька, мастак па адукацыі. Пазней свае прафесійныя навыкі Гротгер удасканальваў у вядомай львоўскай майстэрні Яна Машкоўскага, затым – у кракаўскай Школе мастацтваў, а таксама ў венскай Акадэміі выяўленчых мастацтваў. Дарэчы, у Вене мастак правёў большую частку свайго жыцця. Пэўны час з-за фінансавых складанасцей Артур Гротгер быў вымушаны вандраваць па Галіцыі, зарабляючы на жыццё маляваннем партрэтаў. 
Зямное жыццё яго спынілася ў 1867 г. у Францыі, дзе ён памёр ад сухотаў ва ўзросце 30 гадоў. Пахаваны Гротгер у Львове.
Сёння імем мастака названы вуліцы ў многіх еўрапейскіх гарадах, ёсць вуліца Гротгера і ў Гродне.
Артур Гротгер увайшоў у гісторыю еўрапейскага мастацтва перш за ўсё як аўтар патрыятычных графічных цыклаў, заклаўшы ў аснову ўсёй сваёй творчасці ўласную мару аб адраджэнні Радзімы. У прапанаваным на выставе цыкле малюнкаў «Палонія» мастак апеў нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1863-1864 гадоў, адлюстраваўшы самыя драматычныя яго моманты: сцэны барацьбы паўстанцаў, іх пакутніцтва і смерці.


Характэрна, што Артур Гротгер не браў прамы ўдзел у Студзеньскім паўстанні, але ведаў пра яго не па чутках, паколькі аказваў дапамогу паўстанцам, што хаваліся ад праследаванняў улад.
На выставе ў палацыку прадстаўлены такія яго гравюры, як «Куюць косы», «Абарона сядзібы», «Спусташэнне», «Пасля бітвы», «Укрыццё параненых» і іншыя. Гэтыя творы дапамагаюць сучаснікам ясна ўявіць той гераічны час.
Вядома, паўстанне 1863-1864 гадоў выклікае нямала спрэчак, тым не менш яно адбывалася на землях былой Рэчы Паспалітай, у склад якой уваходзілі беларускія землі, таму гэта – наша гісторыя, якую мы павінны ведаць і якой павінны цікавіцца. У гэтым вам дапаможа выстава ў Пружанскім палацыку, якая працягне сваю работу да 3 сакавіка.

Геліягравюра («сонца», «выразаць») — фотамеханічны працэс, які дазваляе атрымліваць друкарскае клішэ (шаблон) для глыбокага друку паўтонавых малюнкаў. Да пачатку XXI стагоддзя гэта тэхналогія заставалася неперасягнутай па якасці аднаўлення фатаграфій і іншых выяў. Тэрмін «геліягравюра» ўжываецца ў дачыненні як да самога працэсу, так і да адбіткаў, атрыманых з яго дапамогай.

Арына Сысаляціна, малодшы навуковы супрацоўнік музея-сядзібы
«Пружанскі палацык».