Суббота, 23 марта 2019

Шествие с оркестром, митинг и концерт. В Пружанах почтили память воинов-интернационалистов

660

15 лютага пружанцы адзначылі не толькі Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў: роўна трыццаць гадоў таму закончыўся вывад савецкіх войскаў з Афганістана. Памятныя мерапрыемствы з гэтай нагоды прайшлі і ў нашым райцэнтры.


Сёлета мітынгу папярэднічала шэсце: пад гукі аркестра воіны-інтэрнацыяналісты рушылі ад будынка райвыканкама. Канчатковай кропкай іх маршруту стаў сквер воінаў-інтэрнацыяналістаў, дзе прайшоў традыцыйны мітынг.
Удзельнікі афганскіх падзей, члены іх сем’яў, родныя тых, хто не вярнуўся з чужой вайны, прадстаўнікі раённай улады, вайскоўцы, падрастаючае пакаленне, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў горада — не першы год гэтыя людзі збіраюцца ў скверы па вуліцы Тармасава ў Пружанах…
Адкрываючы мітынг, старшыня райвыканкама М.М.Крэйдзіч звярнуў увагу на тое, што ў нашым горадзе шмат робіцца для ўвекавечання памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. У 1999 годзе была ўстаноўлена мемарыяльная пліта і адкрыты сквер воінаў-інтэрнацыяналістаў. З цягам часу там устанавілі верталёт МІ-24П, ваенную тэхніку, адкрылася алея памяці з імёнамі загінулых у Афганістане землякоў. А на днях у Пружанах адкрылі пакой баявой славы воінаў-інтэрнацыяналістаў.
«Мы павінны аналізаваць і ўлічваць урокі афганскай вайны. Трэба глядзець праўдзе ў вочы: гэтыя падзеі паказалі, што ніводная краіна не мае права ўмешвацца ў жыццё іншай. Гэта сур’ёзны ўрок усёй сусветнай супольнасці. Але як бы там ужо ні было, мы абавязаны з павагай ставіцца да тых, хто прайшоў праз горан афганскіх падзей», — падкрэсліў кіраўнік раёна.


На ўласным прыкладзе пераемнікі салдатаў Вялікай Перамогі выхоўваюць падрастаючае пакаленне. Да слова, праз афганскую вайну прайшлі каля 29 тысяч беларусаў, а за перыяд канфлікту загінула больш за 700 нашых суайчыннікаў. Старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» В.М.Гарахавіцкі прызнаўся, што і сёння ў сэрцах
удзельнікаў афганскіх падзей не загоіліся раны. «На сённяшні дзень на Пружаншчыне жывуць 172 воіны-інтэрнацыяналісты, якія займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю. І хто, як ні мы, павінен займацца патрыятычным выхаваннем моладзі?» — сказаў у сваёй прамове Валерый Мікалаевіч.


Кожны час нараджае сваіх герояў. Але ратны подзвіг ва ўсе часы стаяў на высокім маральным п’едэстале, вянчаючы сабой лепшыя якасці чалавека — грамадзяніна. Першы сакратар райкама «БРСМ» Аляксандр Бабігорац запэўніў, што ў сучасных маладых юнакоў і дзяўчат захавалася вернасць абавязку і традыцыям страрэйшых пакаленняў.
З прамовай звярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу і настаяцель Свята-Праабражэнскага храма протаіерэй Ігар Мрыхін. Святар звярнуў увагу, што дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў супадае з праваслаўным святам Стрэчаннем, якое перакладаецца як «стрэча». Як зазначыў святар, на жаль, не ўсе ў далёкім 1989 годзе зведалі радасць сустрэчы: паклалі свае галовы на чужыне, да канца застаўшыся вернымі воінскай прысязе.
Памяць тых, хто загінуў пры выкананні свайго воінскага абавязку ў Афганістане, ушанавалі мінутай маўчання. Да помніка воінам-інтэрнацыяналістам усклалі вянкі і кветкі.

Непрацяглы мітынг прадоўжыла паніхіда па памерлых, якая прайшла ў саборы Святога Аляксандра Неўскага. У гэты дзень у Палацы культуры адбыўся ўрачысты вечар, прысвечаны 30-годдзю вываду савецкіх войскаў з Афганістана. А ў шэрагу школ у гэты дзень былі арганізаваны вечары памяці і ўрокі мужнасці, прысвечаныя гэтай даце.
…Сёння гісторыкі нярэдка называюць афганскую вайну неадназначнай. Але для беларусаў усё зразумела: мы цэнім подзвіг герояў, памятаем пра загінулых, аддаём даніну павагі тым, хто быў адпраўлены выконваць воінскі абавязак на чужыну.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, фота аўтара.