Среда, 22 мая 2019

Инна Лиш: «В «Таверне» я нашла свое призвание»

762

Іна Ліш працуе ў Лыскаве ў кафэ «Таверна» без малога шэсць гадоў, з моманту яго адкрыцця. У невялікім калектыве, у якім налічваецца ўсяго тры чалавекі, буфетчыца з’яўляецца яшчэ і адміністратарам, і афіцыянтам.


Прыклад Іны Васільеўны пацвярджае: лёс — рэч непрадказальная.
— Шчыра кажучы, у галіне грамадскага харчавання апынулася выпадкова. Больш за дваццаць гадоў таму пасля вучобы я была размеркавана ў Лыскава, але толькі на перыяд, пакуль іншы правізар знаходзіўся ў адпачынку па доглядзе за дзіцём. Час праляцеў, і трэба было саступаць месца, — расказвае ўраджэнка Століншчыны, як апынулася на Пружаншчыне.
Але на той момант жанчыну ў Лыскаве ўжо трымалі абста-віны: тут яна сустрэла сваю другую палавінку. Давялося перакваліфікавацца: больш за 20 гадоў яна вяла бухгалтарскі ўлік у Лыскаўскім лясніцтве. Пакуль на аб’язной дарозе вакол Белавежскай пушчы не з’явіўся пункт грамадскага харчавання.
Сёння кафэ ў аграгарадку Лыскава, дзе дагэтуль было складское памяшканне, з’яўляецца даволі запатрабаваным. Вядома, перш за ўсё, у мясцовага насельніцтва.
— Мясцовыя ўжо і не ўяўляюць, як тут жылі без «Таверны»: у наваколлі няма ніводнай падобнай установы, — гаворыць Іна Васільеўна. — Кафэ часта прымае заказы на правядзенне карпаратываў, вяселляў, юбілеяў, памінальных абедаў, вечароў сустрэч выпускнікоў… Больш за тое, мы складаем годную канкурэнцыю ружанскаму кафэ «Ружанка». Нярэдка чуваць у нас і замежную гаворку: як правіла, даводзіцца абслугоўваць польскіх і расійскіх турыстаў, якія праязджаюць праз наш аграгарадок. Аднойчы прымалі нават амерыканцаў…
Маючы за плячыма ўжо нямала гадоў працоўнага стажу, Іна Васільеўна прызнаецца, што толькі на апошнім працоўным месцы зразумела: нарэшце знайшла сваё прызванне.
Марына Вакульская, фота Сяргея Талашкевіча.