Вторник, 16 июля 2019

Инна Плотникова: «Не ищите отговорок!»

652

Тым, хто выбраў спорт сваім прафесійным заняткам, можна сказаць, пашанцавала сумясціць і работу, і магчымасць падтрымліваць сваю фізічную форму і, адпаведна, здароўе ў належным парадку. На жаль, не ўсе маюць таленты і здольнасці займацца спортам з такой апантанасцю, многія ўвогуле адмаўляюцца ад якіх-небудзь фізічных нагрузак. Маўляў, не хапае часу, настрою і нават сіл. З гэтым меркаваннем не згодна загадчыца аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Пружанскай ЦРБ І.У.Плотнікава, якая знаходзіць час і на работу, і на хатнія справы, і на спартыўныя захапленні.
Сябе Іна Уладзіміраўна не адносіць да ліку спартсменаў або апантаных спортам людзей. У школьныя гады яна не прапускала заняткі па фізічнай культуры, заўсёды прымала ўдзел у розных спаборніцтвах па валейболе, піянерболе, што ладзіліся ў Ружанскай СШ. Потым удзельнічала ў спартыўнай камандзе па міні-футболе ва ўніверсітэце. Падчас студэнцтва Іна Уладзіміраўна атрымлівала прапановы прысвяціць больш часу такім заняткам, а потым увогуле выйсці на прафесійны шлях, аднак не ставілася да гэтага сур’ёзна, бачачы сябе ў перспектыве медыкам.
— Пасля заканчэння вучобы і працаўладкавання час знаходзіла толькі на тое, каб прабегчы пару кругоў па стадыёне або вакол квартала, дзе жыла, ці наведваць басейн,— дзеліцца дзяўчына.— Толькі атрымлівалася гэта нерэгулярна, часта перашкаджала непагадзь або асабістая лянота.


Усё змянілася год таму. Дакладней, І.У.Плотнікава вырашыла сама змяніць свой лад жыцця. А нагодай стала аб’ява, якую яна ўбачыла ў сацыяльнай сетцы — аб стварэнні ў ДЮСШ №2 клуба баявых адзінаборстваў, у якім трэнер Андрэй Аляксандравіч Кавалеўскі арганізаваў жаночую групу па фітбоксе. Прапанова зацікавіла дзяўчыну, і яна ў ліку першых запісалася на заняткі, на якіх, дарэчы, і даведалася пра іх асаблівасці, дзе спалучаюцца элементы фітнесу і прыёмаў з баявых майстэрстваў. У гэтым трэнінгу практыкаванні распрацаваны такім чынам, каб задзейнічаць практычна ўсе групы мышцаў, але з сілавым акцэнтам. Як расказвае Іна Плотнікава, практычна ўсе элементы добра знаёмыя для тых, хто робіць хаця б зарадку раніцай ці ўвечары. Побач з гэтым тут ёсць пэўныя практыкаванні, якія выконваюцца ў баксёрскіх пальчатках, ёсць падыходы і да баксёрскай грушы.


Па натуры дзяўчына не лічыць сябе задзірыстай, а вось гэтыя трэніроўкі вельмі захапілі яе. Як сама сцвярджае, пасля заняткаў атрымлівае вялікі зарад бадзёрасці і энергіі. І гэта няпраўда, што на наступны дзень пасля трэніроўкі баліць усё цела. Магчыма, толькі спярша, з-за адсутнасці звычкі да фізічных нагрузак. Акрамя таго, фітбокс — выдатная магчымасць пазбавіцца ад стрэсаў і негатыўнай энергіі, якая назапашваецца не толькі ў мужчын. А значыць, такое захапленне не толькі вельмі дапамагае дзяўчыне захоўваць добрую фізічную форму, умацоўваць імунітэт, але і аказвае станоўчае ўздзеянне на псіхалагічны стан.
Прызнацца, мяне здзівіла не толькі само захапленне Іны, колькі здольнасць дзяўчыны знайсці час на яго рэалізацыю. Звычайна, калі прыйдзеш з работы, застаецца ўсяго некалькі гадзін, каб парабіць хатнія справы. А адпачыць на канапе ды каля тэлевізара? А пасядзець за камп’ютарам ці мабільным тэлефонам у сацыяльнай сетцы? А падрамаць паўгадзіны пасля сытнай вячэры? На думку Іны Уладзіміраўны, усё гэта толькі адгаворкі, бо няправільна пастаўлены прыярытэты. Яна знаходзіць па гадзіне тройчы на тыдзень на сваё захапленне, якое дапамагае ёй весці здаровы лад жыцця. І разам з ёй групу наведваюць жанчыны рознага ўзросту. А ўспомнім айчынных паралімпійцаў, якія, нягледзячы на фізічныя абмежаванні, знайшлі ў сабе сілы дасягнуць спартыўнага Алімпу. Іх прыклад пацвярджае, што мы самі прыдумваем сабе адгаворкі для таго, каб не варушыцца лішні раз. А потым скардзімся на здароўе, на пінжак, які не зашпіляецца на жываце, ці спадніцу, якая раптоўна стала малой па памеры.
А калі няма фізічных здольнасцей, калі і ў школе прыдумваў любую прычыну, каб збегчы з заняткаў па фізкультуры?
— Усё ў нашых сілах, галоўнае — настроіцца ў думках, тады цела само падстроіцца пад свайго гаспадара,— сцвярджае І.У.Плотнікава.
Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).