Пятница, 26 апреля 2019

Разоблачение обмана: поздравляем, вы победили в конкурсе

323

Гэту гісторыю мне расказала ўраджэнка Пружанскага раёна, якая па волі лёсу зараз жыве і працуе ў Мінску. Некалькі гадоў таму дзяўчына падчас вучобы ва ўніверсітэце трапіла на запрашэнне да ўдзелу ў конкурсе ў віртуальнай прасторы.
— У адной з груп у сацыяльнай сетцы расійская фірма з гучнай назвай прапанавала дзяўчатам паўдзельнічаць у конкурсе фотаздымкаў,— расказвае Алена (імя зменена — ад рэд.).— Для гэтага неабходна было зрабіць сэлфі па пояс і пры гэтым быць апранутай толькі ў споднюю бялізну. Асобна было адзначана, што ў прыярытэтным парадку будуць разглядацца фота ў стылі «ню» (увогуле без адзення — ад рэд.).


Алена «купілася» на сур’ёзны прыз — новы мабільны тэлефон знакамітага вытворцы. Пры гэтым ніякай аплаты не трэба было ўносіць, ад удзельніц патрабавалася толькі адправіць здымак на пазначаны электронны адрас і падпісаць сваё прозвішча, імя і імя па бацьку. Што таксама падштурхнула дзяўчыну да ўдзелу ў конкурсе. Але безвынікова: праз некаторы час прыйшло паведамленне аб тым, што яе фота трапіла толькі ў паўфінал, за што яна атрымлівае постар
удзельніцы «прэстыжнага спаборніцтва» з выдачай гэтай паперкі ў Маскве. Зразумела, што студэнтка не магла дазволіць сабе такую паездку з адрывам ад вучобы і з сур’ёзнымі грашовымі выдаткамі. Таму хутка забылася пра гэту падзею. Пакуль ёй не нагадалі пра гэта віртуальныя аферысты.
Пасля заканчэння ўніверсітэта выпускніца працаўладкавалася ў сталіцы ў органы мясцовага кіравання на адказную пасаду. Зараз яна сустракаецца з маладым чалавекам з сям’і, у якой прытрымліваюцца строгага меркавання адносна шлюбу і дашлюбных адносін. І на гэтым фоне для Алены стала сапраўдным ударам электроннае пісьмо: «Калі ты не жадаеш, каб тваё фота з’явілася на папулярных інтэрнэт-пляцоўках, то павінна на гэты разліковы рахунак пералічыць 5 тысяч расійскіх рублёў».

Hooded silhouette of a hacker


З аднаго боку, сума не вельмі вялікая, каб ахвяраваць сваёй рэпутацыяй і будучым сямейным шчасцем, але дзяўчына добра разумее, што шантажысты ніколі не абмяжоўваюцца першым поспехам у справе вымагання: за першым траншам прыйдуць патрабаванні чарговых, і гэтак бясконца. Зараз Алена знаходзіцца «на ростанях»: звяртацца па дапамогу ў праваахоўныя органы і даваць справе агалоску ці ўсё-такі проста ўтаіць гэту гісторыю ад усіх з надзеяй, што пра яе ніхто не даведаецца.
Эксперты ў такім выпадку раяць усё-такі давесці інфармацыю да блізкіх людзей, меркаванне якіх дарагога каштуе. Таксама можна параіцца наконт наступных дзеянняў, магчыма, нельга выключаць і зварот у міліцыю, хаця вызначыць асобу віртуальных махляроў вельмі складана. Але ў любым выпадку пералічваць грошы нельга, бо аплата шантажу стане пастаянным расходным артыкулам уласнага бюджэту. Яшчэ нялішнім будзе скарыстацца дапамогай псіхолага, пры падтрымцы якога можна распрацаваць такую праграму паводзін, каб даць махлярам зразумець, што іх пагрозы не прынясуць ніякіх вынікаў. Наўрад ці яны ведаюць пра палажэнне сваёй ахвяры ў грамадстве.
А вось тым, хто актыўна ўдзельнічае ў розных інтэрнэт-конкурсах, варта быць асцярожнымі. Асабліва гэта тычыцца і тых, хто ставіць «падабайкі» пад рознымі фота, якія могуць мець парнаграфічны характар.
Алег Сідарэнка.