Пятница, 26 апреля 2019

К 30-летию вывода советских войск из Афганистана: «Пусть у людей не будет таких воспоминаний»

482

Амаль 40 гадоў мінула з таго часу, калі Мікалаю Мікалаевічу Лаптановічу давялося выконваць інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане: з дзевяці гадоў вайны ў далёкай ад Беларусі азіяцкай краіне два на яго «рахунку». Цяпер ужо немалады мужчына не любіць успамінаць тыя гады, і памяць поўнасцю слухае свайго гаспадара, год за годам сціраючы балючыя ўспаміны. А іншых «адтуль» ён і не прывёз. Акрамя братэрскіх сувязяў з аднапалчанамі, з якімі разам праходзіў праверку на годнасць.


— У Афган я трапіў, калі вайна доўжылася там амаль год. У той час і атрымаў павестку.
У Саюзе пра ваенныя падзеі ў азіяцкай краіне любая інфармацыя была пад забаронай. Таму і не ведаў пружанскі хлопец, дзе давядзецца служыць: служба і служба. Калі ж выпісалі пуцёўку ў Афганістан, Мікалай не напалохаўся і не адчуў якіх-небудзь сумненняў. Маўляў, адслужу два гады і вярнуся дахаты. Толькі маці, як прадстаўніца ваеннага пакалення, ведала, што такое вайна і што не ўсе, далёка не ўсе, вяртаюцца адтуль. Таму і плакала ў падушку, каб сын не чуў.
Першыя звесткі малады салдат атрымаў падчас вучобы ў асобным батальёне сувязі ў г.Кушка. Настаўнікі, якім давялося паслужыць, у тым ліку і на афганскай зямлі, нямнога расказвалі байцам пра тое, што адбываецца ў гарах за паўднёвай мяжой. Але і гэтыя гісторыі не ўсіх напалохалі: напрыканцы вучобы ўсё роўна давалася магчымасць выбраць службу ў Саюзе. Як многія іншыя, Мікалай Лаптановіч, не задумваючыся, вырашыў ехаць у Афган.
Спачатку ўсё выглядала, як свята.
— У снежні 80-га нас загрузілі ў машыны і пад аркестр перавезлі праз мяжу,— тыя наіўныя эмоцыі і зараз выклікаюць у Мікалая Мікалаевіча ўсмешку.— А калі праехалі кіламетраў 30 і старшыя пачалі раптам камандаваць хавацца за барты аўтамабіля, бо страляюць, то святочны настрой скончыўся.
І змяніўся расчараваннем, калі прыехалі на месца дыслакацыі. Яно нагадвала стаянку рымскага легіёна: з палаткамі, закапанымі ў зямлю, з агаро-джай у выглядзе калючага дроту ды з рэдкім асвятленнем цьмянымі лямпачкамі. У сучасных кінастужках часта М.М.Лаптановіч бачыць, як паказваюць салдацкі быт у Афгане. Магчыма, так ён выглядаў праз 5 ці больш ваенных гадоў. А тады савецкія салдаты літаральна выжывалі. Небаявых страт было намнога больш, чым баявых. Гепатыт, тыф і іншыя хваробы забіралі салдатаў, якія не прывыклі да такіх умоў жыцця. На роту ў сталоўцы знаходзілася з пяток лыжак ды дзясятак кацялкоў.


— А апраналіся, хто як мог, нават ваенныя гімнасцёркі яшчэ карысталіся попытам. Здаралася, што ранкам можна было не знайсці пакладзеную на крэсла форму. Асабліва цяжка даво-дзілася тым, хто па натуры быў вельмі спакойны і «хатні».
Асталяваўшыся ў раёне г.Шынданд правінцыі Герат, 20-гадовы Мікалай пачаў асвойваць ваенную навуку. Ён выконваў абавязкі сувязіста, але не штабнога, а «палявога». На рахунку ветэрана дзясяткі баявых выхадаў у складзе разведвальнай групы разам з дэсантнікамі. Пачаліся яны літаральна праз некалькі месяцаў, якія адводзіліся папаўненню на прывыканне.
Асноўнай зонай дзеянняў падраздзялення, у якое трапіў пружанец, была правінцыя Фарах з пераважна гарыстай мясцовасцю. Памяць майго суразмоўцы настолькі падтрымлівае жаданне свайго гаспадара забыць усё, што свой першы бой Мікалай Мікалаевіч успамінае з цяжкасцю.
— Суправаджалі афганскую калону, якую сфарміравалі нашы мясцовыя саюзнікі. Ну, як саюзнікі: днём яны былі за нас, а ноччу пераходзілі да душманаў і адтуль абстрэльвалі нашы лагеры. Вось мы і ехалі разам з імі, каб хаця б да месца выканання аперацыі гэтыя «ваякі» даехалі. І трапілі ў засаду. Ведаеце, самае страшнае заключалася ў тым, што ў гарах вельмі цяжка зразумець, адкуль страляюць, бо рэха скажае накірункі гукаў.
Яшчэ перад ад’ездам мне, прызнаюся, было страшна, бо ўсё здавалася, што «сыграю баязліўца», калі пачнуць страляць. Але ўсё адбылося зусім інакш: як толькі кулі пачалі «цокаць» па метале БТРа, то міжволі схапіў аўтамат і пачаў вылазіць, каб уступіць у бой. І толькі камандзір паспеў затрымаць: маўляў, пачакай, малады, не спяшайся насустрач смерці, яшчэ паспееш.
І хаця смерць абыходзіла пружанца бокам, бачыць яе давялося не аднойчы. У той правінцыі амаль не дзейнічалі савецкія войскі, таму разведвальнай групе даводзілася выконваць многія задачы — ад простага збору інфармацыі да барацьбы з караванамі, якія пастаўлялі зброю душманам. Халоднае дыханне адчуваў, калі чакалі ў засадзе, калі засынаў на каменні, калі ў саставе аддзялення правяраў кішлакі і шукаў ворагаў, а калі і скрадзеных салдатаў. Аднак зноў і зноў вяртаўся на базу цэлым. Можна сказаць, юнаку шанцавала, бо абыходзілася без кулявых раненняў, а вось іншых траўмаў хапала. Пра гэта сведчыць тое, што пасля такіх выхадаў форму даводзілася выкідваць і замяняць новай.
Аднойчы ўсё-такі смерць прайшла літаральна за крок ад Мікалая, калі калона, у якой ён ехаў, зноў трапіла ў засаду. Блізкі выбух скінуў салдата з БТРа і засыпаў зямлёй, у выніку чаго той атрымаў кантузію. А суседнюю машыну, у якой ехаў зямляк з Навагрудка, граната разарвала на часткі. Разам з экіпажам і дэсантнікамі…
Здараліся і выезды ў камандна-штабной машыне, калі праводзілася дывізіённая аперацыя. Аднойчы ўнутры броне-транспарцёра ён нават перасёкся з будучым героем Афганскай вайны Барысам Громавым, які вельмі спадабаўся маладому салдату сваёй мэтанакіраванасцю, мужнасцю і адначасова непадробнай прастатой, якая не перашкаджала палкоўніку за руку вітацца з радавымі байцамі.

Дарэчы, экстрэмальныя ўмовы адразу паказвалі, на што здатны чалавек. Гэта ў мірных абставінах ты можаш гаварыць пра сваю мужнасць і сілу духу. А калі вакол свішчуць кулі і грымяць выбухі, пра чалавека сведчаць яго дзеянні. І не ўсе, хто трапіў у Афган, вытрымлівалі гэты экзамен.
— Сустракаў такіх афіцэраў, якія ніколі не былі цвярозымі, нехта ў баявых абставінах адмаўляўся выходзіць з броне-транспарцёра, каб вызваліць месца для параненых. А былі і такія, хто, нягледзячы на небяспеку вакол, у поўны рост кіраваў падраздзяленнямі, чым ратаваў жыцці многім байцам.
На свае вочы Мікалай пераканаўся ў старой прымаўцы «Каму вайна, а каму і маці родная», бо некаторыя прыехалі не ваяваць, а атрымаць чарговае званне ды ўзнагароду. А вось Мікалая Мікалаевіча ўзнагароды абыходзілі. Хаця за паспяховае выкананне складаных задач ён неаднаразова быў прадстаўлены камандзірам групы да ўзнагароджання медалямі. Але не склалася…

Стараўся Мікалай пісаць пісьмы бацькам у Пружаны. Пра многае ён не расказваў у сваіх лістах. І хаця салдаты ведалі пра цэнзуру пошты, яны і самі не імкнуліся палохаць старых.
— Пісаў пра надвор’е, пра тое, як адзначалі дзень нара-джэння або што бачыў у афганскіх гарадах. А большага родным не трэба было ведаць…
Але не на гэтым акцэнтуе ўвагу Мікалай Мікалаевіч. Больш за ўсё яму памятаецца той дзень, калі ён праз два гады вайны сядаў у самалёт, які адлятаў на радзіму. І менавіта той момант, калі бортправадніца аб’явіла, што самалёт перасёк паветраную мяжу Савецкага Саюза. І моцны крык некалькіх дзясяткаў салдатаў «УРА!», які, здавалася б, мог проста ўзарваць машыну…
Памятае ён і тое, як яго сустрэлі на радзіме. Дакладней, як ігнаравалі, бо пра Афган нікому не дазвалялася ўспамінаць. Толькі праз два гады пасля «дэмбеля» атрымаў пасведчанне «афганца».
Ці патрэбна была тая вайна? Такое пытанне і зараз даводзіцца чуць. У палітыкаў сваё меркаванне, а ў простага салдата, які рызыкаваў у афганскіх гарах жыццём, сваё.
— Не трэба была тая вайна. Не жадаю такога жыццёвага вопыту тым маладым людзям, якія служаць у беларускай арміі. Не трэба ваяваць, не трэба…
Алег Сідарэнка.

Фота Сяргея Талашкевіча і з архіва М.М.Лаптановіча.